Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня нарадзіўся Cяржук Серабро: ў 1975 годзе ў вёсцы Баяры Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці ў сям’і вясковага настаўніка. Журналісцкую працу пачаў у 1995 г. у газэце “Выбар”, якую рэдагаваў вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ад 1999 году — кіраўнік выдавецкіх праграмаў ГА “Цэнтар моладзевых ініцыятываў “Контур”, а ў 2001 годзе стаў галоўным рэдактарам заснаванай “Контурам” абласной газэты “Віцебская трыбуна”. На жаль, у 2004 годзе газэту пазбавілі ліцэнзіі. У якасьці фотажурналіста супрацоўнічаў зь “Віцебскім кур’ерам”. У 2006 годзе стварыў уласную інтэрнэт-газэту “Народныя навіны Віцебска”, якую на сёньняшні момант штодня наведваюць каля 600 чалавек. Вядзе блог у Жывым Журнале.
“А раптам прыедзе Пол Макартні?”— гэтая думка, падобна, вельмі непакоіла новага старшыню Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Аляксандра Касінца. Вось возьме сэр Пол і прыляціць у Сінявокую з канцэртам, ды не абы куды, а ў давераны прэзыдэнтам спадару Касінцу Віцебск. А зь ім фанаты з палкім жаданьнем папоўніць абласны бюджэт свамі фунтамі.
Але ж дзе ладзіць той канцэрт? Летні амфітэатр на 6000 месцаў малаваты, гэта маштаб Пятра Ялфімава. Таму было вырашана зрабіць канцэртную пляцоўку для Пола Макартні на месцы плошчы Перамогі. Менавіта так тлумачыць распачатую рэканструкцыю газета “Беларусь сегодня”.
Аднак на шляху фунтаў, якія самі плылі ў бюджэт, узьнікла перашкода — сквэр на плошчы, які ў 1974 годзе пасадзілі ў гонар 30-х угодкаў вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Некалькі дзясяткаў дрэваў узростам па 30-40 гадоў: коркавы дуб, івы, канадзкія елкі, бэз ды шыпшына.
Дрэвам на канцэртнай пляцоўцы ня месца, ды й сэр Пол можа не зразумець. Таму кусты павыдзіралі, а дрэвы выкарчавалі. А дуб прыйшлося спляжыць — занадта ўкараніўся.
Аднак ці то віцябляне ня дужа любяць Макартні, ці то дужа любілі гэты сквэр, але грамадзтва абурылася. Тэлефоны ў гарадзкіх рэдакцыях безупынна зьвінелі і патрабавалі адказу — дзе дрэвы? І нават, што самае непрыемнае, некалькі скаргаў лягло на стол да пракурора.
Плошчу хуценька абнесьлі плотам, а да абураных жыхароў навакольных дамоў накіравалі ідэолягаў даводзіць мэтазгоднасць руйнаваньня сквэру. Нават дрэвы паабяцалі зноў пасадзіць, праўда маленькія — карлікавыя, і кветкі ў вазонах разьвесіць на слупах, калі-небудзь, потым…
Яшчэ на новай плошчы будуць музычныя фантаны — 6 штук, і сьветадыёдныя панэлі — 5 штук. Пра астатняе вядома мала, бо праекта плошчы так і не апублікавалі, а тыя пляны, якія было вывесілі на плоце, вельмі хутка некуды зьніклі.
Па ацэнцы гарадзкой інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя бітляманія старшыні аблвыканкаму нанесла азеляненьню Віцебску страты ў памеры каля 54 мільёнаў рублёў. З чыёй кішэні возьме гэтыя грошы спадар Касінец? Можа з кішэні Пола Макартні?