Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэты суд — спроба дыскрэдытаваць праваабарончы рух”


Леанід Сьвецік перад уваходам у суд
Леанід Сьвецік перад уваходам у суд

Віцебскі абласны суд пачаў разьбіраць справу праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, якога КДБ вінаваціць у распальваньні міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці.

Першы дзень судовага працэсу над праваабаронцам пачаўся з таго, што з залі суду мусілі выйсьці незалежныя журналісты, якія пісалі пра зьяўленьне ў Віцебску ў 2006-07 гг. лістоў з пагрозамі ад імя “віцебскай філіі “Русского Національного Едінства”, у датычнасьці да напісаньня й распаўсюду якіх вінавацяць Леаніда Сьвеціка.

Леанід Сьвецік
Колькі месяцаў таму журналістаў дапыталі ў якасьці сьведак у абласной управе КДБ, і судзьдзя Галіна Ўрбановіч вырашыла, што ў суд іх таксама паклічуць толькі ў гэтай якасьці. Журналіст Вадзім Баршчэўскі заявіў пратэст з гэтае нагоды, бо такім чынам суд абмяжоўвае правы на прафэсійную дзейнасьць. Але на рашэньне суду гэта не паўплывала.

З тае самае прычыны з залі мусіў выйсьці і віцебскі прадстаўнік БХК Павал Левінаў, і сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Сяргей Каваленка. Ён таксама атрымаў у свой час ліст з пагрозамі, аднак пацярпелым сябе не прызнаў, а сёньня, выходзячы з судовай залі, узьняў плякат са словамі “КДБ — фашысты”.

Прысутны на судзе прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі сказаў з гэтае нагоды:

Алесь Бяляцкі
“Гэта сьмелы ўчынак, і даволі сымбалічна, што гэты плякат быў узьняты ў залі суду, дзе разглядаецца справа супраць праваабаронцы, ініцыяваная КДБ. Падобныя працэсы сотнямі і тысячамі праводзіліся ў савецкія часы супраць праваабаронцаў”.

Юрыст цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч мяркуе, што крымінальная справа супраць Леаніда Сьвеціка і гэты судовы працэс скіраваныя на тое, каб дыскрэдытаваць праваабарончы рух:

Валянцін Стэфановіч
“Для праваабаронцы няма горшага абвінавачаньня, як абвінавачаньне ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, у расізьме ці нечым падобным. Таму я мяркую, што гэтая справа скіраваная на дыскрэдытацыю, і не зьдзіўлюся, калі на беларускім тэлебачаньні гэта будзе выкарыстана напоўніцу”.

Спадар Стэфановіч згадаў, як па дзяржаўных тэлеканалах ганілі праваабарончы цэнтар “Вясна”, і зьвярнуў увагу на тое, што, відаць, невыпадкова пачатак судовага працэсу над Леанідам Сьвецікам здымала група БТ.

Барыс Хамайда
Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, які атрымаў два лісты з пагрозамі ад імя РНЕ і фігуруе ў справе як пацярпелы, заявіў адвод судзьдзі Галіне Ўрбановіч. Ён сказаў, што ня верыць ні ў справядлівасьць прызначаных Аляксандрам Лукашэнкам судзьдзяў, ні ў вінаватасьць Леаніда Сьвеціка:

“Ня веру, што гэта рабіў Сьвецік. У мяне такое ўражаньне, што яго „прызначылі“ быць падсудным у гэтай справе. Паглядзім, як справа будзе разгортвацца ў судзе. 11 тамоў справы — гэта ж трэба было накапаць столькі!”

Судзьдзя Урбановіч адводу не прыняла, і заўтра ў прысутнасьці прадстаўніка абласной пракуратуры Сяргея Селіванава працэс будзе працягнуты. Падсудны праваабаронца свае віны па-ранейшаму катэгарычна не прызнае.

Павал Сапелка
Гэтую пазыцыю падтрымлівае адвакат Павал Сапелка:

“Нашая пазыцыя, што Сьвецік падлягае апраўданьню. Але пра пэрспэктывы гаварыць яшчэ рана — судовы працэс толькі пачаўся”.

Калі суд усё ж прызнае праваабаронцу вінаватым у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, паводле артыкула 130 часткі 1 Крымінальнага кодэксу яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG