Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не хапае 11 тысяч лекараў


Паводле вынікаў сёлетняга разьмеркаваньня выпускнікоў мэдычных навучальных устаноў Беларусі Міністэрства аховы здароўя заявіла, што ў рэгіёнах не хапае як мінімум 11 тысяч лекараў з вышэйшай адукацыяй.


Чым абарочваецца для мясцовага насельніцтва дэфіцыт мэдычных кадраў? Гэтую праблему дасьледавалі сёньня на месцах уласныя карэспандэнты “Свабоды”.

ГОМЕЛЬ
“Можна і дзесяць лядовых палацаў пабудаваць,
а народ будзе гібець”

У Гомелі жыхары 17-га і прылеглых да яго мікрараёнаў ужо каля дзесяці гадоў запар ставяць пытаньне пра будаўніцтва тут паліклінікі. І для дарослых, і дзіцячай.

Грамадзкі актывіст Пятро Кузьняцоў распавядае:

“У густанаселеным мікрараёне № 17 няма нават дзіцячай паліклінікі. Дарэчы, у гэтым мікрараёне некалькі дамоў заселеныя шматдзетнымі сем’ямі паводле адмысловай праграмы Саўміну”.

Побач з 17-м мікрараёнам за рэкордна кароткі тэрмін вырас лядовы палац. Цяпер будуецца яго другая чарга. А насупраць лядовага палацу гарвыканкам выдзеліў яшчэ тры гектары зямлі пад будучы аквапарк.

Адзін з жыхароў мікрараёну кажа на гэта:

“Усё ў меру трэба — згодна з эканамічнай сытуацыяй. Можна дзесяць палацаў пабудаваць, а народ будзе гібець”.

Пэнсійнага веку гараджанка скардзіцца:

“Я стаяла тры дні ў чарзе, каб запісацца да лекара-афтальмоляга. Вока баліць. Я стаяла другой. Адзін нумарок далі, а другі мне ўжо не далі. У мяне вока адно ня бачыць. Ня ведаю нават, куды мне зьвяртацца”.

На сёньня ў Гомелі бракуе блізу двухсот лекараў, у тым ліку й вузкіх спэцыялістаў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА
Насельніцтва бароніць мясцовыя ФАПы

У вёсцы Дзявяткаўцы Ваўкавыскага раёну на Гарадзеншчыне, дзе жывуць пераважна пэнсіянэры, людзі абаранілі ад закрыцьця фельчарска-акушэрскі пункт.

Людзі выклікалі ў вёску журналістаў розных СМІ. Наша “Свабода” таксама заступілася. Мясцовыя чыноўнікі мусілі рэагаваць на абгрунтаваную крытыку. Адбылося выязное паседжаньне райвыканкаму, на якім і вырашылі ФАП захаваць. Цяпер тут абслугоўваюцца амаль 170 чалавек з чатырох вёсак.


Людзі скардзяцца мэдыку на жыцьцё, а пасьля — на хваробу.
Праўда, загадчыца ФАПа Любоў Жылінская кажа, што засталася працаваць адна і на дадатак выконвае абавязкі санітаркі. У чэрвені спадарыня Жылінская мусіць абыйсьці ўсе вёскі, бо праводзіцца ўсеагульная дыспансэрызацыя. Людзі, як кажа суразмоўца, больш цяпер скардзяцца на жыцьцё, чым на свае хваробы.

Жылінская: “Перадусім людзі рады таму, што мы да іх прыходзім. Яны скардзяцца, што пэнсіі малыя, што грошай не хапае сабе і ўнукам, а ў каго і дзецям. Што ўвесь час даводзіцца даваць, дапамагаць...”

Я пацікавіўся ў намесьніцы галоўурача Ваўкавыскай цэнтральнай раённай лякарні, Натальлі Яцкевіч, — ці хапае ў раёне спэцыялістаў-мэдыкаў?

Яцкевіч: “Не, у нас спэцыялістаў не хапае. Я вам лічбу не скажу, але не хапае, як у горадзе, так і ў вёсцы”.

У Лідзкім раёне, як распавядае Алена Азарка, намесьніца галоўнага ўрача раёну, тры ФАПы зачынілі ў 2007 годзе. Праўда, на іх месцы стварылі сацыяльныя дамы.

Што тычыцца мэдыцынскага пэрсаналу, то спадарыня Азарка кажа, што ў іхнім раёне, каб даць рады яго нястачы — як на вёсках, так і ў горадзе, — лекары часам працуюць на паўтары стаўкі.

Азарка: “Да прыкладу, у Тарноўскай участковай лякарні, акрамя стаматоляга — тры стаўкі лекара, а працуюць толькі два лекары. Яны зацікаўленыя так працаваць, бо ў іх тады вышэйшы заробак”.

Пра тое, якія зараз заробкі ў мэдпэрсаналу, ніхто з тых, з кім даводзілася размаўляць, не пажадаў сказаць анічога.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
Найбольш не хапае дактароў у Баранавіцкім, Ганцавіцкім і Івацэвіцкім раёнах

У мэдычных установах Берасьцейшчыны на сёньня не хапае больш як тры тысячы кваліфікаваных лекараў. Паводле дадзеных аблвыканкаму, найбольшы на сёньня дэфіцыт кадраў — у Баранавіцкім, Ганцавіцкім і Івацэвіцкім раёнах.

Сёньня ў Ганцавіцкай паліклініцы чэргі ў рэгістратуру, чэргі на УЗІ. Каб патрапіць да нэўрапатоляга ці тэрапэўта — трэба цэлы дзень прастаяць. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на сёньня тут бракуе каля 20 дактароў. Насельніцтва мае шмат нараканьняў.

“У нас няма ўкамплектаванасьці. Каб лекараў было дастаткова, не было б чэргаў. Дэрматоляга ў нас няма. Я з гэтым сутыкалася ня раз, бо дзеці. Гінэколягаў не хапае…” — кажа ганцаўчанка Анжэла Валасюк.

У Хатынічах ФАП адбілі, у Дзяніскавічах і ў Чудзіне — не.
“Хатыніцкую лякарню зьбіраліся зачыняць, але яе адбілі людзі: зьбіралі подпісы. У Дзяніскавічах замест лякарні цяпер зрабілі сацыяльны прытулак. У вёсцы Чудзін замест лякарні зрабілі дзённы стацыянар”, — дадае Наста Гардзей.

Начальніца аддзелу кадраў Ганцавіцкага раённага тэрытарыяльна-мэдычнага аб’яднаньня Ірына Гурман пацьвярджае, што ў іхнай бальніцы катастрафічна не хапае пэрсаналу, што прыходзяць толькі некаторыя спэцыялісты, але падрабязнасьці ўдакладняць адмаўляецца:

“Зь першага жніўня павінен да нас даехаць урач, бо разьмеркаваны да нас. Але я ніякага інтэрвію даваць ня буду”.

Сьмялей канкрэтызаваў кадравую праблему ў Баранавічах намесьнік галоўнага ўрача тамтэйшай цэнтральнай паліклінікі Віктар Міхайлоўскі:

“Гадоў шэсьць таму ў Беларусі скарацілі набор студэнтаў. Зараз маем тое, што маем: урачоў не хапае ў нас. Увогуле ў Беларусі недахоп лекараў. Менск, Берасьце — яны ўкамплектаваныя лепей. А ў нас — горш. Разьмяркоўваюць спачатку на абласныя цэнтры, а нам — астатніх”.

Са слоў Віктара Міхайлоўскага, дактары працуюць у асноўным на паўтары-дзьве стаўкі. У сваю чаргу, пацыенты лічаць, што з-за гэтага зьніжаецца якасьць мэдычнай дапамогі і расьце незадаволенасьць. Нават трагедыі здараюцца.

“Я лічу, што ў нашай лякарні беспакаранасьць. Яны карыстаюцца тым, што іх не хапае, іх мала…” — мяркуе Наста Гардзей.

У мэдыкаў, аднак, свае аргумэнты:

“Урач-інтэрн — хірург — яго зарплата 340 тысячаў. Вы пайшлі б працаваць? Вось чаму і не хапае. Праблема ёсьць. І яна так хутка ня вырашыцца. Каб запоўніць кадрамі, пройдзе гадоў шэсьць-восем мінімум”, — падсумоўвае Віктар Міхайлоўскі.


Даведка “Свабоды”: паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, у 2009 годзе разьмеркаваныя 1705 урачоў і 77 правізараў. У той жа час установы аховы здароўя ў рэгіёнах маюць патрэбу, калі казаць толькі пра кадры вузкіх спэцыяльнасьцяў, у 1712 чалавеках. Найбольш запатрабаваныя — тэрапэўты (1350), пэдыятры (450) і хірургі (290). Паводле прагнозу Мінздраву, кадравыя патрэбы практычнай мэдыцыны магчыма будзе задаволіць не раней за 2013 год...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG