Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступны Дзень блогера — літаратурны


Завяршылася маёўка блогераў на сайце "Свабоды". Чакаем вашых парадаў, каго з блогераў запрасіць на нашыя наступныя віртуальныя акцыі!

Да ўдзелу ў “Маёўцы блогераў” мы запрашалі аўтараў з улікам парадаў нашых чытачоў і ўдзельнікаў папярэдніх Дзён блогера.

Упершыню мы выйшлі па-за межы Жывога журналу, запрасіўшы блогера і зь іншай пляцоўкі — blogspot. Піянэрам тут стаў блогер rashed — беларуска-бэнгальска-канадзкі нацыяналіст-інтэрнацыяналіст. Напісалі для нас таксама “блогер у ботах” franak, які ў паўзах сваёй прымусовай вайсковай службы пад пагрозай спагнаньняў піша для свайго блогу ў ЖЖ і для парталу naviny.by; філёзаф czerniec, які вучыць любіць жыцьцё ва ўсіх ягоных праявах; пільны крытык сучаснай архітэктуры darriuss; вольны мастак і халодны філёзаф genosse-u; чужаніца ў Менску і ў ЖЖ extraneus; “дзеўка-паэт” vika-trenas; этнакультуроляг і тэарэтык нацыяналізму kryviec.

Цягам “Маёўкі блогераў” на сайце “Свабоды” нашыя чытачы спрачаліся, з чаго вырасьце новы беларускі нацыяналізм, ці выратуе эканамічны крызіс Менск ад пераўтварэньня ў Нью-Васюкі, ці зьвязаны рост Менску з дэградацыяй правінцыі, якое месца мае вайна ў працэсе нацыятварэньня, чаму “дзеўкі-паэткі” апаноўваюць беларускую літаратуру, чаму ў Беларусі дзейнасьць апазыцыйных актывістаў ставіць іх блізкіх пад пагрозу рэпрэсіяў, даведаліся, што бэнгальцы падарылі беларусам, ды развучвалі па ролях новую містычна-этнаграфічную радыёп’есу з жыцьця глыбокага Палесься.

Цягам наступнага тыдня ўсе восем удзельнікаў Дня блогера будуць гасьцямі нашага радыёэфіру ды змогуць пашырыць сваю віртуальную прастору творчасьці за кошт эфірнай, каб пра іх пачулі і тыя, хто не карыстаецца інтэрнэтам.

Наступны Дзень блогера мы плянуем на 12-13 чэрвеня і зьбіраемся запрасіць да ўдзелу ў гэтай акцыі 8 беларускіх літаратараў-блогераў, якія напішуць для нашых чытачоў і слухачоў 8 новых твораў.

Але гэта будзе не апошні Дзень блогера. Далей чакаем вашых прапановаў — пішыце ў камэнтарах да гэтага артыкулу — каго і чаму вы хацелі б бачыць сярод наступных удзельнікаў Дня блогера.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG