Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці пратэставалі прадпрымальнікі


Сёньня ў Берасьці на плошчы Леніна ля будынку аблвыканкаму сабраліся прадпрымальнікі, каб выказаць пратэст супраць дзеяньняў улады. Яны патрабавалі адмены рашэньня мясцовай “вертыкалі” аб забароне зь сёньняшняга дня продажу піва і слабаалькагольных напіткаў у вулічных шапіках.

Міліцыя затрымала лідэра грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанку.


Удзельнікі стыхійнай акцыі ў Берасьці ня лічаць, што прайгралі пад ціскам улады.

Вось што заявіў “Свабодзе” прыватны прадпрымальнік Аляксандар Кузуб:

Аляксандар Кузуб
“Сёньня сама ўлада змусіла нас, прадпрымальнікаў, аб’яднацца. За гэта ёй трэба сказаць дзякуй, бо толькі такім чынам мы можам аб’яднацца. Паглядзіце: сёньня ўсе шапікі ў Берасьці зачыненыя. Дзяржава цярпіць страты”.

Прадпрымальнікі пачалі зьбірацца на плошчы Леніна каля 11-й гадзіны.

“Яны хацелі сустрэцца з дэпутатамі абласнога савету. Дэпутаты ўсяляк пазьбягаюць сустрэчы”, — паведаміў берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.

Да прадпрымальнікаў падыходзілі з роспытамі людзі ў цывільным. Спрабуючы запужаць, міліцыя здымала ўдзельнікаў.


Уладзімер Вялічкін распавёў пра маштабы акцыі:

“Каля двухсот чалавек зь дзецьмі. Калі дадаць да іх супрацоўнікаў міліцыі і КДБ, то будзе ўсе трыста. Міліцыянты паводзілі сябе карэктна-агрэсіўна, скажам так. Напачатку падышоў нехта ў цывільным і сказаў, каб разыходзіліся. Тады ён сказаў, што тут ёсьць спэцпадразьдзяленьне, якое можа быць ужытае, каб разагнаць несанкцыянаванае мерапрыемства. Яму доўга тлумачылі, што ніякіх несанкцыянаваных мерапрыемстваў няма. Людзі проста прыйшлі, каб падаць заявы”.


Прадпрымальнік Уладзімер Катрыдж дадае:

“Увогуле сытуацыя ў краіне дастаткова цяжкая, бо прагрэсіруе крызіс. У гэты час непапулярныя меры адбіваюцца вельмі адмоўна на людзях. Адбываецца альбо страта працоўных месцаў, альбо зьмяншэньне заробкаў. Пры кожным такім зыходзе людзі будуць задумвацца над сваёй будучыняй”.


Да ўдзельнікаў стыхійнага мітынгу ў Берасьці выйшаў намесьнік начальніка ўпраўленьня прадпрымальніцтва аблвыканкаму Сяргей Юркевіч. Ён пацьвердзіў, што рашэньне, якое набывае сілу ад 5 траўня, адменена ня будзе.


Сёньня ж раніцай міліцыянты Маскоўскага РАУС Берасьця затрымалі лідэра рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанку і яго намесьнікаў — Вольгу Крумаву і Віктара Чайкоўскага.

Анатоль Шумчанка
У тэлефоннай размове з карэспандэнтам “Свабоды” Анатоль Шумчанка паведаміў, што іх пакуль не абвінавачваюць у арганізацыі стыхійнай акцыі пратэсту:

“Міліцыянты быццам бы кагосьці аб’явілі ў росшук і нібыта мы да іх падобныя. А ўвогуле яны выказваюць намеры вывезьці нас за горад, у нейкае месца, каб мы не змаглі сустрэцца з журналістамі і ўдзельнікамі акцыі пратэсту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG