Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі праэкзамэнуе беларускія ўлады


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

Праваабарончая арганізацыя “Наша вясна” трэці і апошні раз падала дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі.

СЛУХАЦЬ:


Сытуацыя з праваабарончымі арганізацыямі павінна быць паказчыкам сапраўднасьці дэмакратычных працэсаў, пра якія заяўляе беларуская ўлада. Гэтак кажа Алесь Бяляцкі, адзін з заснавальнікаў новай праваабарончай арганізацыі “Наша вясна”, якая спрабуе атрымаць рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі.

“Падчас праграмы “Ўсходняе партнэрства”, дзе Беларусь будзе браць на сябе абавязкі ў галіне грамадзка-палітычных правоў, рэгістрацыя праваабарончых арганізацый можа быць актуальнай. Таму паглядзім. Зараз прыкладзем усе намаганьні, каб пра гэтую чарговую спробу даведаліся міжнародныя структуры, і будзем чакаць рэгістрацыі. Гэта будзе пэўны экзамэн для ўладаў на дэмакратызацыю”.

Алесь Бяляцкі паведаміў, што трэцяя спроба зарэгістравацца будзе апошняй, нават калі акажацца няўдалай. “Па вялікім рахунку, улада ня меней за грамадзкасьць зацікаўленая ў існаваньні праваабарончых арганізацый, бо паводле гэтага паказчыка яе ацэньваюць у сьвеце”, — мяркуе Алесь Бяляцкі.

Літаральна на мінулым тыдні ў Вярхоўным судзе Беларусі разглядалася скарга заснавальнікаў “Нашай вясны” на Мін’юст адносна адмовы ў рэгістрацыі. Тады суд не задаволіў пазоў праваабаронцаў, прызнаўшы, што ў дакумэнтах на рэгістрацыю шмат памылак. У прыватнасьці, былі знойдзеныя недакладнасьці ў дадзеных удзельнікаў устаноўчага сходу. Ці ўлічылі ў “Нашай вясьне” гэтыя заўвагі Мін’юсту? Юрыст Валянцін Стэфановіч паведаміў, што гэтым разам заяўка пададзеная ад імя 72 удзельнікаў устаноўчага сходу, іх дадзеныя правераныя:

Валянцін Стэфановіч
“Мы вельмі падрабязна правяралі пашпарты і працоўныя тэлефоны. Натуральна, пазначылі назву арганізацыі ў квітанцыі аб аплаце дзяржаўнай пошліны за рэгістрацыю, што раней прапусьцілі. Будзем чакаць, што скажуць у гэты раз”.

Валянцін Стэфановіч нагадвае, што заўвагі, з-за якіх “Нашай вясьне” раней адмовілі ў рэгістрацыі, праваабаронцы называлі “выпраўляльнымі”. “Тое, што Мін’юст ня даў часу на выпраўленьне памылак, а адразу адмовіў у рэгістрацыі, ёсьць палітычным рашэньнем”, — мяркуе Валянцін Стэфановіч.

Валянцін Стэфановіч, як і Алесь Бяляцкі, быў сябрам праваабарончай арганізацыі “Вясна”, закрытай уладамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, на якіх “Вясна” рабіла маніторынг. З 2003 году праваабаронцы працуюць як прыватныя асобы: паведамляюць пра факты парушэньня правоў людзей, юрыдычна і псыхалягічна дапамагаюць ахвярам рэжыму. Адным з напрамкаў дзейнасьці застаецца маніторынг парушэньняў правоў людзей у Беларусі. Прэзэнтацыя чарговага маніторынгу актывістаў былой “Вясны” адбудзецца на пачатку траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG