Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Абхазія нічога ня страціць ад непрызнаньня Менскам”


Нягледзячы на скепсыс, які заўважаецца ў камэнтарах мэдыяў, у Сухумі ды Маскве разьлічваюць на прызнаньне Менскам самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Абхазія ад непрызаньня нічога ня страціць, хаця факт прызаньня быў бы прыемны.


Так лічыць вядомы абхаскі журналіст і пісьменьнік, галоўны рэдактар незалежнага тыднёвіка “Эхо Абхазіі” Віталь Шарыя.

“Эхо Абхазіі”, якую ўзначальвае гэты колішні выпускнік факультэту журналістыкі БДУ, — адно з самых папулярных выданьняў у мясцовай эліты. Паралельна з палітычнай тэматыкай тыднёвік аддае шмат увагі літаратурным і культурным пытаньням, друкуе паэзію і прозу.

Наша размова зь Віталём Шарыя пачынаецца з камэнтара пра казусны, з гледзішча міжнародных дачыненьняў, выпадак, калі кіраўнік адной краіны віншуе зь юбілеем кіраўніка другой, спазьніўшыся на месяц.

Віталь Шарыя
Шарыя
: “Цалкам незвычайная сытуацыя. Дзень народзінаў Багапша быў 4 сакавіка. Дарэчы, у гэты дзень юбіляра павіншаваў расейскі кіраўнік Дзьмітры Мядзьведзеў. Лукашэнка павіншаваў 4 красавіка. Ужо пасьля таго, як сустрэўся з Багапшам у Сочы. Яны абмяняліся інфармацыяй, пагутарылі. Лукашэнка заявіў пра свой намер больш шчыльна супрацоўнічаць з Сухумі. Дамовіліся пра тое, што Абхазіі трэба закупіць на мільярд расейскіх рублёў беларускай тэхнікі, у тым ліку аўтамабіляў. Гэта зьвязана з будаўніцтвам алімпійскіх аб’ектаў у Сочы, і такія пляны даўно існуюць.

Калі гаварыць пра прызнаньне Менскам нашай рэспублікі, то ў Сухумі спадзяюцца на яго. Пры гэтым разумеюць, што Менск вымушаны маніпуляваць, займаць такую пазыцыю чаканьня: што скажа Захад, што скажа Масква. Таму ўсё гэта пакуль у такім няпэўным стане“.

Струвэ: “Чаму, на ваш погляд, у прызнаньні Менскам Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі так зацікаўленая Масква? Для Расеі гэта было актуальна летась, адразу пасьля падзеяў у Грузіі…”

Шарыя: “Я хацеў бы нагадаць пазыцыю амэрыканскага палітоляга Мікалая Злобіна, які сказаў, што Расеі ўвогуле ня надта зручнае масавае прызнаньне Абхазіі ўсімі краінамі, бо яна мае пэўную манаполію над гэтым краем. Калі б Абхазію прызналі ўсе, у тым ліку заходнія краіны, то сюды б пайшлі замежныя інвэстыцыі, і адпаведна Масква страціла б нейкія свае пазыцыі. Аднак… Заставацца на самоце ў кампаніі зь Нікарагуа (гэта другая ў сьвеце краіна, якая нас прызнала) Маскве непажадана. Таму яна разьлічвае на прызнаньне некалькіх іншых краін. І Беларусь тут разглядаецца ў першую чаргу”.

Струвэ: “Аглядальнікі шэрагу ўплывовых расейскіх выданьняў ставяцца да гэтага прызнаньня з сумневам. Многія лічаць, што Лукашэнка проста водзіць за нос і Маскву, і Сухумі і будзе бясконца адцягваць рашэньне гэтага пытаньня. Што ў такім выпадку?”

Шарыя: “Абхазія, зразумела, нічога ня страціць ад гэтага ў такім практычным сэнсе. Хаця сам факт прызнаньня быў бы вельмі прыемны. Зь іншага боку, тыя ж перамовы наконт закупу тэхнікі, гандаль, — гэта ў пэўнай ступені факт прызнаньня. Напэўна, у Тбілісі ён выкліча абурэньне і ноту пратэсту. Гэта абсалютна прадказальная рэакцыя з боку Саакашвілі.

Што да асобы Лукашэнкі, дык людзі, якія цікавяцца палітыкай у маім атачэньні, зразумела, не ў захапленьні ні ад яго, ні ад ягонай палітыкі. Аднак большую масу насельніцтва Абхазіі Лукашэнка як асоба не хвалюе. Абхазы памятаюць, як у часы грузіна-абхаскай вайны ў Беларусі зьбіралася гуманітарная дапамога для рэспублікі. У іх ёсьць сымпатыі да краіны, а таму і надзеі. Былі, зразумела, надзеі на тое, што Казахстан можа прызнаць, Вэнэсуэла — у піку ЗША, Куба, аднак пакуль рэальна прызналі толькі дзьве краіны“.

Струвэ: “У расейскіх СМІ пытаньне незалежнасьці Абхазіі нярэдка інтэрпрэтуецца з гледзішча ірэдэнтыўнай сытуацыі, то бок калі нейкая тэрыторыя хоча выйсьці са складу адной дзяржавы і далучыцца да іншай…”

Шарыя: “Ёсьць такія тэндэнцыі. У некаторых расейскіх выданьнях можна прачытаць, што ў Абхазіі сьпяць і бачаць, як гэта хутчэй увайсьці ў Расейскую фэдэрацыю. Аднак гэта вельмі памылковыя высновы. Скажам так, сярод расейскамоўнага насельніцтва Абхазіі, сярод мясцовых армянаў такі настрой ёсьць, аднак нават і сярод гэтай катэгорыі тыя людзі, якія глядзяць наперад, ведаюць, што такі шлях выкліча праблемы, сапраўдны раскол у абхаскім грамадзтве.

Нагадаю, што Абхазія атрымала незалежнасьць 30 верасьня 1993 году пасьля перамогі ў грузіна-абхаскай вайне. Аднак толькі праз 6 гадоў на рэфэрэндуме была прынятая дэклярацыя пра незалежнасьць. Гэты час кіраўніцтва выкарыстоўвала для манэўраў на перамовах. Зразумела, мала хто з нас меў ілюзіі наконт таго, што Абхазію пачнуць прызнаваць, аднак калі пайшлі размовы пра косаўскі прэцэдэнт, дык гэта выклікала ў нас шмат надзеяў. Калі Косава прызнаюць, то як можна адмовіць Абхазіі? Бо ў нас правоў на незалежнасьць болей, чым у касавараў. Калі ў іх ёсьць гістарычная радзіма Альбанія, то ў Абхазіі сваёй Альбаніі няма.

Тое, што Масква ўсё ж прызнала незалежнасьць Абхазіі, — гэта стала для нас “доўгачаканай нечаканкай”. Прызнаньне Расеяй — гэта для нас партнэрства эканамічнае, інфармацыйнае. У нас пачала адраджацца эканоміка, гандаль, турызм“.

Струвэ: “Вы сказалі: на пачатку 90-х мала хто з абхазаў меў ілюзіі наконт таго, што краіну пачне прызнаваць міжнародная супольнасьць. Аднак сёньня ў гэтым пытаньні нічога не зьмянілася. У канфлікце Сухумі — Тбілісі, Цхінвалі -Тбілісі Захад па-ранейшаму падтрымлівае пазыцыю грузінскага кіраўніцтва. Сама ж Грузія ніколі не адмовіцца ад гэтых тэрыторыяў, дзе па-ранейшаму кампактна і некампактна пражываюць этнічныя грузіны… Ці вялікі гэта, дарэчы, адсотак насельніцтва?”

Шарыя: “У Абхазіі грузіны складаюць каля чвэрці насельніцтва. Яны жывуць у асноўным кампактна на тэрыторыі, памежнай з Грузіяй — у Гальскім раёне. Тыя грузіны, якія жывуць некампактна, у тым жа Сухумі, не праяўляюць нейкай неляяльнасьці.

Мы верым, што прызнаньне рана ці позна настане. Калі ж браць усясьветную тэндэнцыю за апошнія дзесяцігодзьдзі, ці можна назваць краіну, якая праглынула іншую? Акрамя аб’яднаньня дзьвюх Нямеччынаў ці Віетнамаў, я іншага ўзгадаць не магу. Тэндэнцыя такая, што народы здабываюць сваю незалежнасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG