СЛУХАЦЬ:
У пераліку законапраектаў, якія мяркуецца разгледзець на гэтай сэсіі цяпер або ўключыць у парадак дня пазьней, пытаньня аб Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі няма. У перапынку сэсіі Ўладзімер Андрэйчанка патлумачыў сытуацыю журналістам:
“Гэта пытаньне даволі няпростае. Так, адпаведныя звароты да нас паступілі. Сёньня яны знаходзяцца ў камісіі міжнародных спраў і сувязяў з СНД у Палаце прадстаўнікоў. Вывучаюцца эканамічныя і палітычныя наступствы. Калі гэтае пытаньне будзе падрыхтаванае, яно будзе ўнесена. Пакуль гэтае пытаньне ня ўнесена ў парадак дня сэсіі”.
На дадатковае пытаньне, ці можна чакаць, што прызнаньне сувэрэнітэту двух самаабвешчаных утварэньняў будзе ўсё ж разглядацца на веснавой сэсіі, спадар Андрэйчанка адказаў:
“Ну, мы жывем надзеямі. Іначай жыць цяжка. Будзем спадзявацца”.
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі называе каўкаскае пытаньне “пытаньнем даволі складанай гульні, якую вядзе кіраўнік Беларусі”:
“Сутнасьць яе ў тым, што адначасна на беларускага кіраўніка ціснуць і Масква, і Эўразьвяз. Масква, натуральна, дамагаецца прызнаньня. А Эўразьвяз кажа, што гэта вельмі абцяжарыць Беларусі ўваход у новую праграму “Ўсходняе партнэрства”. Парлямэнт тут ня грае нейкай ролі, там людзі прагаласуюць так, як ім загадаюць зьверху. Адсюль і такія “гумовыя” адказы, і “гумовая” тактыка.
Беларускі кіраўнік хоча ў сваім звычайным стылі манэўраваньня працягнуць час да травеньскага ўстаноўчага саміту “Ўсходняга партнэрства”. А ўжо пасьля гэтага, калі пытаньне будзе вырашана станоўча для Беларусі, дык тады і зрушыцца пытаньне аб прызнаньні каўкаскіх рэспублік. Таму што паліткарэктная Эўропа, я думаю, ня стане выкідаць з гэтага вагона Беларусь”.
Сёньня дэпутаты разгледзелі 17 пытаньняў. Напрыклад, у першым чытаньні прыняты законапраект аб парадку выезду і ўезду ў Рэспубліку Беларусь. Яго прадстаўляў дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Уладзімер Міцкевіч. Ён ня лічыць, што новы закон накіраваны супраць палітычнай апазыцыі. А яго галоўнай адметнасьцю навуковец назваў тое, што прапануецца спрасьціць выезд за мяжу дзяцей. Цяпер на гэта патрэбен дазвол абодвух бацькоў. Калі новы закон прымуць – дастаткова будзе дазволу каго-небудзь аднаго. У дэпутатаў зьявіліся прапановы па скарачэньні сьпісаў тых, каму часова забаронены выезд за межы Беларусі. Аднак іх вывучэньне адклалі да другога чытаньня.
23 красавіка ў Нацыянальным сходзе чакаюць традыцыйнага пасланьня Аляксандра Лукашэнкі.