Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка павіншаваў Багапша зь юбілеем на месяц пазьней


Пытаньне прызнаньня Менскам незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі абмяркоўваецца ня толькі ў Беларусі, Расеі, ЭЗ, Грузіі, але і ў саміх гэтых самаабвешчаных рэспубліках.


У размове са “Свабодай” галоўны рэдактар незалежнага тыднёвіка “Эхо Абхазии” пісьменьнік Віталь Шарыя пракамэнтаваў такі жэст беларускага кіраўніка, як віншаваньне зь юбілеем абхаскага лідэра Сяргея Багапша, а таксама сакавіцкія перамовы абодвух прэзыдэнтаў у Сочы.

Шарыя: “Калі казаць пра віншаваньне зь юбілеем, то Лукашэнка павіншаваў яго празь месяц пасьля таго, як гэтая падзея адбылася. Адбылося гэта праз пэўны час пасьля таго, як яны сустрэліся ў Сочы, абмяняліся інфармацыяй, пагутарылі. Дамовіліся пра тое, што Абхазіі трэба закупіць на мільярд расейскіх рублёў беларускай тэхнікі, у тым ліку аўтамабіляў. Гэта зьвязана з будаўніцтвам алімпійскіх аб’ектаў у Сочы, і такія пляны даўно існуюць.

Аднак, пагадзіцеся, гэта даволі такая казусная сытуацыя, калі з днём народзінаў віншуюць празь месяц. Дзень народзінаў быў 4 сакавіка. Дарэчы, і Мядзьведзеў тады павіншаваў”.

Карэспандэнтка: “Нягледзячы на такі казус, а таксама на тое, што заплянаваныя на 2 красавіка дэбаты аб прызнаньні Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі ў беларускім парлямэнце ўсё ж былі зьнятыя з парадку дня, у Сухумі ўсё ж спадзяюцца на прызнаньне з боку Менску?”

Шарыя: “Зразумела. Беларусь разглядаецца як суб’ект саюзнай расейска-беларускай дзяржавы. І ў Маскве, і ў Сухумі лічаць, што Менск проста пакуль займае такую пазыцыю чаканьня”.

Карэспандэнтка: “А калі ўсё ж здарыцца такое, што Лукашэнка ўсё ж не прызнае Абхазіі?”

Шарыя: “Па сутнасьці, цяпер для Абхазіі важнае прызнаньне Расеі. Бо толькі гэткім чынам вырашаюцца нашы эканамічныя праблемы.Ад таго, што Менск не прызнае, Абхазія, зразумела, нічога ня страціць у такім практычным сэнсе. Хаця сам факт прызнаньня быў бы вельмі прыемны. Зь іншага боку, тыя ж перамовы наконт закупу тэхнікі, гандаль, гэта ў пэўнай ступені факт прызнаньня. Напэўна, у Тбілісі ён выкліча абурэньне і ноту пратэсту”.

У размове са “Свабодай” вядомы абхаскі журналіст і пісьменьнік выказаў сваю пазыцыю адносна пэрсоны беларускага лідэра і адносна таго, што значыць сапраўдная незалежнасьць яго радзімы. Поўную вэрсію інтэрвію чытайце пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG