Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне спрабуюць разбавіць крызіс


На Пастаўскім кансэрвавым заводзе, які ў студзені быў абвешчаны банкрутам, засталася адзіная вытворчая лінія — па вырабе пладовага віна.

Пасьля таго як на збанкрутаваны кансэрвавы завод у Паставах прызначылі антыкрызіснае кіраўніцтва, на прадпрыемстве адбыліся скарачэньні работнікаў, а таксама пэўная пераарыентацыя вытворчасьці. Пра гэта распавяла старшыня прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Тацяна Стаброўская:

“Скарачэньні ў нас адбываюцца. Лінію па выпуску кансэрваў будзем зачыняць, застанецца толькі вінная лінія. За кошт яе толькі й жывём!
Застанецца толькі вінная лінія. За кошт яе толькі й жывём!
Думаю, што да сэзону неяк дацягнем. Так неяк з году ў год усё цягнулася, цягнулася, і цяпер вельмі цяжкая сытуацыя на прадпрыемстве”.

На Пастаўскім кансэрвавым заводзе, які запазычыўся крэдыторам больш як чатыры мільярды рублёў, не спадзяюцца за кошт рэалізацыі таннага віна разьлічыцца з даўгамі. Але мяркуюць, што нейкім чынам удасца хаця б выплочваць заробкі апошнім 75 працаўнікам, якіх пакуль ня звольнілі.

Між тым гэтыя пляны могуць ня спраўдзіцца, бо прызначаны нядаўна віцебскі губэрнатар Аляксандар Косінец абвясьціў чарговы этап барацьбы за цьвярозы лад жыцьця. І віцебскі аблвыканкам падтрымаў прапанову, каб забараніць продаж алькаголю пасьля 22-й гадзіны ў гарадох і пасьля 20-й гадзіны — у сельскай мясцовасьці. Вінная прадукцыя Пастаўскага заводу рэалізоўваецца пераважна ў гэтым рэгіёне, і абмежаваньне гандлю сьпіртовымі напоямі можа яшчэ больш пагоршыць фінансавы стан прадпрыемства.

Ці не таму напярэдадні прыняцьця аблвыканкамам адпаведнага распараджэньня Віцебскі лікёра-гарэлачны завод пераабсталяваў адзін з цэхаў пад вытворчасьць безалькагольных напояў? Паводле Сьвятланы Міхальчанкі, вядучага спэцыяліста па ідэалёгіі і інфармацыйнай працы, напой “Прыдзьвіньне” з апэльсінавым ды цытрынавым смакам вось-вось мае зьявіцца ў крамах. І пакупніцкі попыт пакажа, ці станецца гэты прадукт паратункам у складаных эканамічных умовах.

Кіраўніцтва віцебскага вінаробчага заводу таксама вырашыла не спадзявацца на збыт свае звыклае прадукцыі. І ад пачатку гэтага месяца тут пачалі вырабляць гарбату з дамешкамі лекавых расьлін і садавіны. Падобныя наборы “Віцебская гарбата” карысталіся попытам яшчэ ў савецкія часы, і цяпер прадпрыемства зноў гатовае прапанаваць пакупнікам чорную цэйлонскую гарбату зь яблыкамі, мацярдушкай, сьвятаяньнікам, мятай і чорнымі парэчкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG