Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапамогуць псыхолягі беларусам у крызісе?


Cусьветны эканамічны крызіс абвастрае ў людзей цягу да шлюбных здрадаў і спрыяе разводам, паведамляе радыёстанцыя France Info, спасылаючыся на дасьледаваньні псыхолягаў. А якія псыхалягічныя праблемы хвалююць беларусаў? Ці лічаць яны вартым зьвяртацца ў крытычных сытуацыях да адмыслоўцаў?

Паводле галоўнага псыхіятра краіны Паўла Рынкова, за апошні час колькасьць занятых пасадаў псыхатэрапэўтаў зьменшылася з 808 да 789. Скарачэньні закранулі Менск, Менскую, Віцебскую, Гомельскую і Магілёўскую вобласьці.

Псыхалягічна цяжкае ўспрыняцьце крызісу ня мае геаграфічных межаў. Але, у адрозьненьне ад іншых краін, нашаму мэнталітэту не ўласьціва выносіць сьмецьце з хаты, скардзіцца, хоць бы нават і мэдыку. На думку палітыка і праваабаронцы Людмілы Гразновай,

“Мы ня маем яшчэ гэткай звычкі — дапамагаць людзям праз кансультацыі з псыхолягамі. Увесь сьвет мае гэткую звычку: у крытычных сытуацыях ісьці да спэцыяліста. Нават калі гэта вельмі далікатная праблема, вельмі прыватная… Але яны ідуць, выгаворваюцца, і адмыслоўцы маюць чым дапамагчы, вырашыць праблему — сваімі прафэсійнымі парадамі”.

Паводле дырэктара Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня сям’і і дзяцей Андрэя Тураўца, у час эканамічнага крызісу склад пацыентаў зьмяніўся. Раней з праблемамі ў сям’і найперш зьвярталіся жанчыны. Цяпер зьявіўся новы сэгмэнт пацыентаў:

Зьвярнулася шмат мужчын з пытаньнем: як навучыцца тлумачыць жонцы часовыя фінансавыя цяжкасьці.
“Студзень, люты аказаліся месяцамі, калі зьвярнулася па дапамогу вялікая колькасьць мужчын. Зьвярнуліся з пытаньнем: як навучыцца тлумачыць жонцы часовыя фінансавыя цяжкасьці — вось ён учора быў пасьпяховым бізнэсмэнам, а сёньня банкрут. І чалавек у разгубленасьці, бо сям’я не заўсёды дапамагае яму перажыць гэты цяжкі час”.

Крызіс сусьветны часам правакуе і крызіс асабісты, творчы, прафэсійны. Паводле Сьвятланы, дызайнэра менскага рэклямнага агенцтва, пэўны час яна баялася так званага “прафэсійнага выгараньня”. Проста сядала перад маніторам, глядзела ў заданьне і разумела, што баіцца нешта пачынаць, бо здавалася — ня справіцца:

“Не было матывацыі, не было жаданьня нешта рабіць, не было ідэяў, не было ўпэўненасьці ў тым, што я яшчэ нешта магу новае ў прафэсійным сэнсе — а гэта вельмі важна з улікам маёй прафэсіі. Узьнік страх белага аркуша. Калі ты сядаеш перад маніторам і адчуваеш страх, страх немагчымасьці”.

Кансультацыя псыхоляга дапамагла хутчэй, чым меркавалася.

“Я была там усяго толькі пару разоў, мне не спатрэбілася больш. Далей проста адпала неабходнасьць. Калі б я надалей працягвала наведваць псыхоляга, думаю, плён быў бы большы. Але маіх візытаў хапіла для таго, каб зразумець, што праблема не ў маіх здольнасьцях і пэрспэктывах, а ў тым, што проста стомленасьць — стомленасьць і часовая непрацаздольнасьць”.

Яшчэ адна колішняя наведніца цэнтру — мэнэджэр у буйной будаўнічай кампаніі. Яе праблема была ў міжасабовым канфлікце ў офісе з кіраўніцтвам. Канфлікт інтарэсаў: у крызіс працу зь неблагім заробкам ня кінеш — а трываць нэрваў не хапала, распавядае Кацярына. Урэшце зразумела — эмоцыі бяруць верх над рацыяй:

“Праблема была ня ў тым, што не магу справіцца з абавязкамі. Праблема была — разьмеркаваць час найбольш эфэктыўна. Расставіць акцэнты ў справах слушна. І, урэшце, па парадзе знаёмай зьвярнулася да псыхоляга. Тая з дапамогай разнастайных тэстаў, аналізу майго працоўнага дня дапамагла выбудаваць і стасункі, якія б мяне не раздражнялі, — і ўрэшце ўсё там наладзілася, і я з усім магу справіцца сама”.

Колькасьць псыхатэрапэўтаў у краіне расьце, але патрэба ў іх усё адно большая.
На думку псыхоляга Жаны Міцкевіч, няма прычын, каб у крызіс менела зваротаў у кабінэты і цэнтры псыхалягічнай дапамогі. Эканамічныя цяжкасьці пераадольваюцца дзякуючы псыхалягічным намаганьням. І ня дзіва, што людзям патрэбная падтрымка:

“Зьменшыўся попыт на мерапрыемствы, зьвязаныя з дапамогай у бізнэсе. Калі патрабуюцца групавыя сэмінары, суправаджэньне бізнэсу. Тут істотна скарацілася патрэба, бо менавіта ў гэтым сэктары ёсьць пэўныя праблемы. А што тычыцца сямейных праблем, то колькасьць зваротаў паводле іх засталася такой самай. А мо й паболела, бо праблем жыцьцёвых стала болей. Так што як ішлі — гэтак і ідуць. Але найперш шукаюць там, дзе будзе бясплатна”.

Напрыканцы 2008 году ў сыстэме Міністэрства аховы здароўя працавала 170 псыхатэрапэўтычных і 134 псыхалягічныя кабінэты.

Колькасьць псыхатэрапэўтаў у краіне расьце, але патрэба ў іх усё адно перавышае наяўную колькасьць. На думку галоўнага псыхіятра Мінздраву, беларускія мэдычныя ВНУ выпускаюць недастаткова лекараў псыхатэрапэўтычнага профілю, а таксама псыхіятраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG