Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барацьба з карупцыяй — гульня ў паддаўкі?


Па выніках мінулага году найбольшая колькасьць карупцыйных злачынстваў выяўлена ў гандлі, прамысловасьці, органах дзяржаўнага кіраваньня, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, ахове здароўя і адукацыі. Аднак Генэральная пракуратура незадаволеная ўзроўнем барацьбы з карупцыяй. Чаму дагэтуль карупцыя ў краіне не пераможана?

У 2008 годзе выяўлена і зарэгістравана 2735 карупцыйных злачынстваў. Сёньня прэсавая служба Генпракуратуры апублікавала паведамленьне пра аднаго з супрацоўнікаў праваахоўных органаў (пасада і імя не называюцца), супраць якога ўзбуджана крымінальная справа. У змове зь іншым грамадзянінам ён схіліў аднаго зь бізнэсоўцаў да хабару ў 5 тысяч даляраў службовым асобам “за станоўчае вырашэньне пытаньняў аб спыненьні праверкі”. Крымінальная справа накіравана на разгляд у Менскі міжгарнізонны вайсковы суд.

Аднак эфэкт пакуль нязначны, бо насамрэч гэтай барацьбой займаецца адзін чалавек — Аляксандар Лукашэнка.
На барацьбу з карупцыяй кінутыя тры ведамствы — Генпракуратура, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржкантролю. Аднак эфэкт пакуль нязначны, бо насамрэч гэтай барацьбой займаецца адзін чалавек — Аляксандар Лукашэнка, адзначае праваабаронца Алег Воўчак.

“Ён ня можа гэта даверыць грамадзянскай супольнасьці, няма незалежнага парлямэнту, які мог бы заслухоўваць вышэйшых службовых асобаў і праводзіць службовыя расьсьледаваньні.
Алег Воўчак
У нас усё фармальна ў дзяржаве. Па Канстытуцыі ў нас нібыта ёсьць падзел уладаў, але мы бачым, што ўсё сканцэнтравана ў адных руках”.

Амаль 15 гадоў змагаецца з карупцыяй кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка. І не аднойчы ён абяцаў “бязьлітасна высекчы гэтую язву”. Аднак сёньня нават у Генпракуратуры не задаволеныя ўзроўнем барацьбы з карупцыяй у Беларусі. Чаму? Прадстаўнік Генпракуратуры Генадзь Вярцінскі патлумачыў:

“Мы мяркуем, што ня ў поўнай меры задзейнічаны ўсе патэнцыйныя мэханізмы ў барацьбе з гэтай сацыяльнай зьявай. Эфэктыўнасьць процідзеяньня карупцыі залежыць ад шырокіх слаёў насельніцтва, а ня толькі ад дзейнасьці праваахоўных органаў. У грамадзтве павінна быць створана атмасфэра непрыняцьця, нецярпімасьці да розных карупцыйных праяваў”.

У грамадзтве павінна быць створана атмасфэра нецярпімасьці да розных карупцыйных праяваў
Паводле справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, у якой нэгатыўна ацэньваецца сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе, сярод іншага адзначаецца, што “карупцыя працягвала заставацца праблемай”. Прадстаўнік Генпракуратуры Генадзь Вярцінскі пагаджаецца, што карупцыя ёсьць пэўнай праблемай. Аднак ён адзначае, што гэтая праблема характэрная для любой краіны. Яна робіць істотны ўплыў на грамадзкія стасункі, у тым ліку і ў эканамічнай сфэры.

“Разам з тым у Беларусі гэты ўплыў не настолькі значны, як у бальшыні іншых краінаў, і не зьяўляецца вызначальным”.

На пытаньне, чаму дагэтуль карупцыя ў Беларусі ня выкаранена, ён адказаў:

“Карупцыя — зьява сацыяльная і характэрная для любой дзяржавы. Наша задача — мінімізаваць узровень карупцыі”.

Юры Чавусаў
Палітоляг Юры Чавусаў адзначае, што, паводле ўплывовай арганізацыі ў сфэры ацэнкі карупцыі “Transparency International”, узровень карупцыі ў Беларусі досыць высокі нават па мерках СНД.

“Калі мы параўнаем дадзеныя сацыялягічных апытаньняў, — у 90-я гады, на думку грамадзянаў, дзяржава клапацілася пра пэнсіянэраў, працоўных, абяздоленых, бедных. А калі мы бярэм дадзеныя сёньняшніх апытаньняў, то, паводле нашых грамадзянаў, дзяржава клапоціцца пра чыноўнікаў, міліцыянтаў і спартоўцаў”.

Як мяркуе спадар Чавусаў, для панаваньня карупцыі існуюць сур’ёзныя структурныя перадумовы.

“Гэта зрошчваньне эканамічнай і палітычнай улады ў Беларусі. Дзяржава наўпрост кантралюе эканамічную сфэру. Вялікая частка валавога ўнутранага прадукту разьмяркоўваецца дзяржаўнымі чыноўнікамі.
У дэмакратычных краінах існуе сыстэма барацьбы з карупцыяй, якая не абапіраецца непасрэдна на паліцэйскія апэрацыі.
Гэта вельмі спрыяльная структура для фармаваньня карупцыйных зьяваў. Апроч гэтай структурнай перадумовы, у Беларусі адсутнічаюць падставовыя мэханізмы для барацьбы з карупцыяй. Выкрытыя карупцыйныя злачынствы самі па сабе пра ўзровень карупцыі кажуць вельмі мала. Існуе такое паняцьце як дазволены ўзровень карупцыі. Змагацца якраз трэба зь ім. Пракуратура ў дадзеным выпадку ня мае зброі. У дэмакратычных краінах існуе сыстэма барацьбы з карупцыяй, якая не абапіраецца непасрэдна на паліцэйскія апэрацыі”.

Апошнія факты карупцыі тычацца і праваахоўнай сыстэмы, якая, паводле праваабаронцы Гары Паганяйлы, “найбольш падлеглая карупцыі”.

Гары Паганяйла
“Сама сыстэма падбору і расстаноўкі кадраў таксама спрыяе карупцыі. Людзей падбіраюць не па іхніх прафэсійных якасьцях, не па маральнасьці, а па вернападданых пачуцьцях. Той жа Купрыянаў ці Сьнягір, якія займалі пасады намесьніка Генпракурора і пракурора вобласьці. Так і ў органах міліцыі, і ў органах фінансавых расьсьледаваньняў, і гэтак далей. Таму гэта будзе квітнець махровым цьветам, бо рэальнай барацьбы няма. Б’юць не па прычынах карупцыі, а па фактах, якія ўжо мелі месца, і тое выбарачна”.

Спадар Паганяйла адзначае: эфэктыўнай барацьбы з карупцыяй ня будзе датуль, пакуль у Беларусі ня будзе свабоды мэдыяў і грамадзкага кантролю за дзейнасьцю чыноўнікаў.

Юры Чавусаў дадае: “Падзел уладаў павінен быць у краіне. Выкараненьне структурных перадумоваў карупцыі патрабавала б рэальнага падзелу ўладаў і выдзяленьня незалежнага суду ў незалежную структуру ў першую чаргу ад выканаўчай улады, вызваленьня свабоднай прэсы і правядзеньня ўрэшце свабодных выбараў, каб карупцыянэраў можна было не абраць на кіроўныя пасады. На жаль, для Беларусі гэта далёкая пэрспэктыва”.

Юры Чавусаў марыць пра свабоду слова ў Беларусі, якая дасьць магчымасьць назваць карупцыянэра карупцыянэрам да таго, як гэта зробіць кіраўнік краіны.



Якія злачынствы — карупцыйныя?

  • Арт. 210 КК — крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.
  • Ч. 3 арт.228 КК — кантрабанда, учыненая службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў.
  • Ч. 2 і ч. 3 арт. 235 КК — легалізацыя (“адмываньне”) матэрыяльных каштоўнасьцей, набытых злачынным шляхам, учыненая службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў.
  • Ч. 2 арт. 290-1 КК — фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці, учыненае службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў.
  • Ч. 2 і ч. 3 арт. 424 КК — злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці.
  • Ч. 2 і ч. 3 арт. 425 КК — бязьдзеяньне службовай асобы з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці.
  • Ч. 2 і ч. 3 арт. 426 КК — перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, учыненае з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці.
  • Арт. 427 КК — службовы падлог.
  • Арт. 429 КК — незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасьці.
  • Арт. 430 КК — атрыманьне хабару.
  • Арт. 431 КК — даваньне хабару.
  • Арт. 432 КК — пасярэдніцтва у хабары.
  • Арт. 433 КК — атрыманьне незаконнага ўзнагароджаньня работнікамі дзяржаўнага органа ці іншай дзяржаўнай арганізацыі.
  • Арт. 455 КК — злоўжываньне ўладай, перавышэньне ці бязьдзеяньне ўлады, учыненыя з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG