Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасольства ЗША прэзэнтавала адукацыйныя і культурніцкія праграмы


ХVІ Міжнародная менская выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі-2009”
ХVІ Міжнародная менская выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі-2009”
Сёньня ў Менску адкрылася ХVІ Міжнародная менская выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі-2009”. У ёй бяруць удзел больш выдаўцы з больш як двух дзясяткаў краінаў сьвету. Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі прадставіла свой стэнд і правяла прэзэнтацыю адукацыйных і культурніцкіх праграм, якія ладзяцца для беларусаў.

Злучаныя Штаты Амэрыкі — сталы ўдзельнік міжнародных менскіх кніжных выставаў, кажа аташэ ў пытаньнях культуры Амбасады ЗША ў Беларусі Кэралайн Сэвідж:

Кэралайн Сэвідж
“Сапраўды, ужо больш за 10 гадоў мы шчасьлівыя ад таго, што маем магчымасьць браць удзел у Міжнароднай менскай кніжнай выставе. І сёлета мы знайшлі магчымасьць, каб пашырыць свой стэнд, каб яшчэ больш матэрыялаў і літаратуры са Злучаных Штатаў прадставіць беларускай публіцы”.

Супрацоўнікі амэрыканскай амбасады ў Беларусі прэзэнтавалі студэнтам беларускіх ВНУ, а таксама наведнікам выставы адукацыйныя і культурныя праграмы. Перш за ўсё гэта друкаваная прадукцыя — фотаальбомы, кнігі, календары. Тут варта адзначыць фотаальбомы “Чарнобыль”, “Марк Шагал і Біблія”. Цікавыя і карысныя праекты з Нацыянальнай бібліятэкай: зь вінілавых кружэлак і магнітных стужак былі адноўленыя 25 тысяч запісаў твораў беларускіх кампазытараў і выканаўцаў, фальклёру. Быў зроблены відэафільм “Старажытныя беларускія музычныя інструмэнты” з удзелам гурту “Стары Ольса”. Штогод праводзіцца фэстываль маладой беларускай музыкі “Амбасовішча”. Зусім нядаўна завяршыўся праект “Бітва паэтаў” (Yong Poetry Slam) з удзелам маладых літаратараў, якія пішуць вершы па-ангельску. Амэрыканцы прэзэнтавалі й шматлікія адукацыйныя праграмы для выкладчыкаў, студэнтаў, школьнікаў.

Пасьля прэзэнтацыі аташэ ў пытаньнях культуры Амбасады ЗША ў Беларусі Кэралайн Сэвідж паразмаўляла з наведнікамі выставы і падзялілася сваімі ўражаньнямі з Радыё Свабода:

“Пакуль цяжка сказаць пра нейкую статыстыку, хто наведвае стэнд, бо гэта толькі першы дзень, сёньня толькі адкрылася выстава. Хачу сказаць, што ў нас вельмі шырокі спэктар літаратуры, мы прадстаўляем матэрыялы як нашага інфармацыйнага цэнтру, літаратуру для моладзі, спэцыфічную літаратуру. Мы хочам ахапіць як мага больш шырокую аўдыторыю. Таксама мы стараемся акцэнтаваць увагу на тыя праграмы, якія мы рабілі ў сфэры адукацыі, культуры ў мінулыя гады, і нагадваем пра іх наведнікам нашага стэнду. Але ўжо сёньня, магу сказаць, што нам вельмі цікава назіраць, якую вялікую цікавасьць праяўляюць наведнікі да нашага стэнду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG