Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Новікава: “Беларус – нешта кшталту пакліканьня”


Грамадзкая рэдактарка гэтага тыдня на радыё “Свабода” Марыя Новікава – адна зь пераможцаў праведзенага нашым радыё конкурсу бардаўскай песьні. Намінацыя, дзе Марыі не было роўных, называлася “Свабода на барыкадах”.

Марыя Новікава закончыла музычную вучэльню ў Наваполацку, затым – сталічны пэдунівэрсытэт імя Максіма Танка, цяпер працуе ў школе мястэчка Самахвалавічы, што пад Менскам. Адначасова ўжо тры гады яна – арганістка вядомага на ўсю Беларусь касьцёлу сьвятых Сымона і Алены.

Сёньня Марыя Новікава разважае над тым, кім ёсьць беларус?

– Я знайшла ў кішэні значак “Размаўляй са мной па-беларуску!”. І з панядзелка красуюся ў школе зь ім. Ведаеце – дзейнічае! Хто як: некаторыя папросту ламаюць язык, сьмяюцца, але ж размаўляюць трошкі...

Таму й падумалася раптам пра беларуса. Ды яшчэ дзеці падышлі з пытаньнем – ім па літаратуры інтэрвію папрасілі ўзяць у настаўнікаў: які ёсьць беларус?

Вось мне наступнае і выдумалася.

Як табе, браце-беларус, жывецца? І ці ёсьць ты наагул? Можа, як у Гілевічавым вершы пра Беларусь – ці яна міраж?

Не. Ня хочацца быць міражом.

Толькі ж навакольны асяродак упарта даводзіць: няма цябе!

А беларус гэтаму настрою не паддаецца. Дый Беларусь таксама. Прарастаюць, як грыбы, праз асфальт – глядзіце: мы ёсьць!

Мне падаецца, беларус – нешта кшталту пакліканьня.

У ім жыве нязгода з упарта паўтараным: “Цябе няма!” Мала таго, што яна жыве – дык яшчэ да дзівацтваў розных змушае. Ну вось бы здавалася, што прасьцей – падаў бы паперку нейкую ў дзяржаўную ўстанову на “нормальном языке”. А ня хочацца. Бо ў такім выпадку ты пацьвярджаеш: “Так, мяне няма...”

А я ня толькі ёсьць!

У мяне – жывая душа. Вечная. Неўміручая. Яна ў словах маіх на сьвет праліваецца – тады як жа магу яе ў чужую мову апрануць? Мова – мая каштоўнасьць.

Мо гаварыць і тварыць па-беларуску важна толькі для паэтаў? Ім жа бяз мовы аніяк!

Напэўна, ня толькі.

Што яшчэ ў цябе?

Што яшчэ ў табе, беларус?

Невыводная схільнасьць да творчасьці. Ня можаш ляжаць на баку паленам – інакш не беларус ты! Бо зноў жа: рукі апусьціць – згадзіцца, што “цябе няма”.

Ты, беларус, палацаў ня маеш, затое неба над табой цалютка тваё! Бо ў вачох тваіх адбілася. І з вачэй дабрынёй сьвеціцца.

Ты гора бачыў, а злым ня стаў – мудрэйшым зрабіўся.

А ратуе цябе вера. Ты Богу давяраеш.

Ведаеш: абрабаваць цябе ня змогуць – няма чаго рабаваць. Бо галоўны твой скарб недасягальны: ён – душа твая, да сьвету адкрытая.

“Не зьбірай сабе скарбаў на зямлі, дзе злодзеі рабуюць і моль есьць” – гэта пра цябе.

Кажуць, ты бездапаможны, абараніцца ня можаш? Маўчыш, скараесься? Не! Няпраўда, не маўчыш. Ты – адным сваім існаваньнем ужо пратэст у абарону чалавечай годнасьці. Ты з тых, каго чым мацней б’юць, тым больш ён у праўдзе сваёй перакананы.

Выгады шукаеш? Так, ад прыбытку не адмовісься. Толькі абдурваць бліжняга ты не мастак. Самога дурылі – ведаеш, як тое балюча, і прычынай болю быць ня хочаш.

Сумленны ты, вось і ўвесь сакрэт.

Цяперашні сьвет сумленных ох ня любіць – ну як жа: ты жывы дакор яму...

А бывае, час настае, і ты забываесься, што ціхі – гучна пачынаеш сваё бараніць.

Агу, ці ёсьць ты такі, беларус?

Ці згубіўся ўжо на сьцежках векавечных?

Нейкі мітычны ты ў мяне выходзіш... Мо й праўда – міраж?

Ды ня веру я ў міражы. І ў прывіды ня веру. А вось у цябе – веру. І ў тваю вечнасьць. У праўду непераможную веру.

Будзеш жыць!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG