Соўсь: Ашкелон знаходзіцца за 10 кілямэтраў ад Газы, у ім абвешчанае ваеннае становішча. Скажыце, калі ласка, у такі вечаровы час, ці спакойна ў горадзе? Ці людна на вуліцах?
Бушын: Так, людзі на вуліцах ёсьць, але гатовыя кожную хвіліну, сэкунду схавацца ў адно з бамбасховішчаў – у горадзе іх вельмі шмат.
Соўсь: Ці сёньня ўжо абвяшчалі трывогу? Ці зьвярталіся да людзей, каб яны йшлі ў бамбасховішчы.
Бушын: Так, удзень былі трывoгі. А ўвечары сёньня было ціха.
Соўсь: А вы хадзілі ў бамбасховішча?
Бушын: Не, я не баюся. У мяне шмат працы, я займаюся сваёй справай.
Соўсь: Як, зусім не баіцеся?
Бушын: Ну, ня тое, што не баюся, але не хаваюся.
Соўсь: І шмат такіх людзей, як вы – якія не ідуць у бамбасховішча?
Бушын: Ёсьць такія людзі...
Соўсь: Яны проста думаюць, што іх гэтая небясьпека не закране, ці што?
Бушын: Ня так. Можа быць, ужо проста прызвычаіліся.
Соўсь: Як зьмянілася ваша жыцьцё, жыцьцё вашай сям’і, сяброў ад пачатку чарговага ізраільска-арабскага канфлікту?
Cтрашна за дзяцей. І нават ня столькі з-за таго, што трапіць у іх, а таму, што яны палохаюцца. Я бачыў іх вочы – проста страшна глядзець, калі выбухі, сырэна – нават больш сырэны баяцца, чым выбухаў
Соўсь: А хто дзецям тлумачыць – што трэба рабіць у выпадку трывогі – бацькі, у школе?
Бушын: І бацькі, і ў школе, і ў дзіцячым садку іх вучаць – як рэагаваць на гэтыя рэчы, калі выюць сырэны – куды хавацца, куды ісьці. Дапусьцім, няма бамбасховішча – трэба хавацца пад сьцяну з паўночнага боку, бо страляюць з поўдня.
Соўсь: А колькі ў горадзе бамбасховішчаў? Ці хапае іх на ўсіх?
Бушын: Ну, тут цяжка сказаць, бо яны страляюць не плянава, а як атрымаецца. Некалі бывае па 10-15 выбухаў, некалі менш або больш. Таму цяжка сказаць. Толькі калі сырэна і маеш чатырнаццаць сэкундаў – тады мы ведаем.
Соўсь: І за чатырнаццаць сэкундаў можна пасьпець схавацца?
Бушын: Не заўсёды. Таму я і не хаваюся. Бо дабегчы некуды за чатырнаццаць сэкундаў – гэта нерэальна.
Соўсь: А ці вы былі калі-небудзь сьведкам выбуху? Ці нехта з вашых блізкіх?
Бушын: Я якраз рабіў рамонт балетнай клясы, і проста нада мною праляцеў снарад – літаральна 40-50 мэтраў, я бачыў агонь і выбух, снарад упаў на машыну, яна выбухнула, але ніхто не пацярпеў. Але, вядома, было страшна.
Соўсь: А хто-небудзь з вашых знаёмых падчас гэтага канфлікту пацярпеў?
Бушын: Ну, са знаёных ніхто не пацярпеў, але ў радыё, тэлевізіі абвяшчаюць вельмі шмат. Але ў асноўным пацярпелі ад шоку. Бацька адной дзяўчынкі, якая ў мяне танцуе, апынуўся літаральна за дзесяць мэтраў ад выбуху – проста пашэнціла. Страшна бачыць усе гэтыя выбухі, але самае страшнае, што ня ведаеш, адкуль яно прыляціць і калі.
Соўсь: Але ж улады ня толькі дапамагаюць людзям тлумачыць, як схавацца ў бамбасховішча. Ці аказваецца людзям нейкая псыхалягічная дапамога, каб неяк іх супакоіць?
Бушын: Ну тут адразу паліцыя, хуткая дапамога, у шпіталь – ня толькі з раненьнямі, але і з шокам, там людзям аказваюць дапамогу. Усё гэта робяць адразу, імгненна. У машыне дазволілі размаўляць па тэлефоне, рамяні бясьпекі можна не зашпільваць.
Соўсь: Вы ўзначальваеце аб’яднаньне выхадцаў з Беларусі ў Ашкелоне. Колькі выхадцаў з Беларусі жыве ў вашым горадзе? Чым яны займаюцца? Ці зь іх нехта пацярпеў у часе гэтага канфлікту?
Бушын: З тых, каго я ведаю, ніхто не пацярпеў. У аб'яднаньні нашым лічыцца каля 300 чалавек. Шмат дзяцей выхадцаў зь Беларусі ходзяць да нас на танцы – можа нават траціна калектыву.
Соўсь: А зараз я хачу прапанаваць вам паслухаць апытаньне на вуліцах Горадні. Людзі адказалі на пытаньне: чым скончыцца чарговы араба-ізраільскі канфлікт?
Соўсь: Як бы вы пракамэнтавалі гэтае апытаньне і як бы самі на гэтае пытаньне адказалі?
Бушын: Я думаю, што ўсё ж закончыцца замірэньнем, бо ў Хамасу закончацца і снарады, і пастаўкі. Калі жылі мірна, тут працавалі арабы-палестынцы, яны былі задаволеныя, атрымлівалі добрую зарплату. Думаю, што мірныя жыхары ня хочуць вайны і з таго боку. У гэтым канфлікце церпяць мірныя жыхары. Вельмі крыўдна. І ніхто ня хоча вайны – ні яны, ні ізраільцяне. Таму я думаю, што гэта ўсё ж павінна закончыцца. Нейкая кучка людзей зарабляе на продажы зброі. Тут усё – толькі грошы, не рэлігія, не народ. Я ведаю многіх палестынцаў – зь зяцем працавалі, з сынам – нармальныя хлопцы, ня хочуць ніякай вайны, усе хочуць жыць мірна.
ведаю многіх палестынцаў – зь зяцем працавалі, з сынам – нармальныя хлопцы, ня хочуць ніякай вайны, усе хочуць жыць мірна
Бушын: Ёсьць тыя, што хочуць паехаць і ў Беларусь, і тыя, што часова выяжджаюць з гораду на час ваенны дзеяньняў. Але шмат у каго няма магчымасьці. Напрыклад, у маёй сям'і няма магчымасьці выехаць нікуды. Гэта зьвязана з матэрыяльным становішчам, з працай, з рознымі іншымі абставінамі. Але шмат хто проста спадзяецца на лепшае. Бо ўсё ж гэта павінна закончыцца.
Соўсь: Госьць “Начной Свабоды” нарадзіўся на Алтаі ў Бійску, але значную частку жыцьця пражыў у Менску. Артыст балету. Танцаваць пачаў у Навасібірскім вайсковым ансамблі танцу падчас службы там. Танцаваў у Беларускім дзяржаўным ансамблі танцу і Ансамблі песьні і танцаў Чырвоназорнай беларускай вайсковай акругі. У 1999 годзе з жонкай і дзецьмі пераехаў на сталае жыхарства ў Ізраіль. Мае двух дзяцей, чатырох унукаў. Адзін зь лідэраў аб’яднаньня выхадцаў зь Беларусі ў Ашкелоне, кіраўнік дзіцячага ансамблю танцу “Экзотык”,. Сам шые касьцюмы для танцавальных нумароў. У рэпэртуары ансамблю – 300 нумароў, было пашыта каля 400 касьцюмаў. У рэпэртуары – і беларускія танцы “Крыжачок”, “Лявоніха”. Спадар Васіль, а вашыя дзеткі з ансамблю выступалі ў Беларусі?
Бушын: Так, тры гады таму мы былі ў Беларусі, нас запрашаў ансабмль “Зубраня” з Палацу культуры аўтазаводу. Былі два супольныя канцэрты ў Палацы культуры і адзін канцэрт у вайсковай частцы. Былі поўныя залі – усім было вельмі цікава, як танцуюць ізраільскія дзеці. Але ўсе нашы дзеці – расейскамоўныя, так што ім было вельмі лёгка. А некалькі дзяцей елі кашэрную ежу, дык зь імі было трошкі цяжка – “гэта не магу есьці, тое не магу есьці”, цяжка было іх накарміць, а так –усё было цудоўна. Пасябравалі дзеці, і калі разьвітваліся – плакалі. Цяпер яны перапісваюцца.
Соўсь: А ці заплянаваныя наступныя канцэрты ў Беларусі?
Бушын: Ну, цяпер цяжка паехаць. Калі гэта ўсё нармальна закончыцца – мы хацелі прыняць беларусаў у сябе. Я цяпер будую новую балетную клясу і думаю, што іх запрашу. Тым больш, што мы толькі што абралі новую мясцовую ўладу, новага мэра, які нас падтрымлівае, новы намесьнік мэра – Софа Бейліна – падтрымлівае нас. Я думаю, што дамагуся таго, каб яны дапамаглі мне прыняць дзяцей зь Беларусі. Вядома, калі закончыцца ўсё добра з гэтай вайной...
Соўсь: Я так разумею, што дзеці цяпер ня могуць наведваць рэпэтыцыі...
Бушын: Ёсьць распараджэньне мэрыі, каб дзеці былі бліжэй да бамбасховішчаў і ня бегалі па вуліцах. Так што пакуль уся такая дзейнасьць прыпыненая.
*****
На 9 студзеня ў выніку вайсковых дзеяньняў у Паласе Газы загінула 750 палестынцаў і 13 ізраільцян. Канфлікт доўжыцца ўжо два тыдні. Вайсковымі дзеяньнямі Ізраіль спрабуе прымусіць Хамас спыніць ракетныя абстрэлы сваёй тэрыторыі. Бліжэйшым часам мы плянуем запрасіць гасьцямі “Начной Свабоды” выхадцаў зь Беларусі, якія знаходзяцца ў Паласе Газы.