Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары пацьвердзілі, што Зэльцэру патрэбна лячэньне


Эмануіл Зэльцэр
Эмануіл Зэльцэр
Амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра агледзела група лекараў у складзе незалежнага доктара з ЗША і мэдыкаў зь Беларусі. Таксама сталі вядомыя некаторыя падрабязнасьці адбыцьця пакараньня Эмануілам Зэльцэрам.

Паводле адваката Зьмітра Гарачкі, 6 студзеня Эмануіла Зэльцэра ў Магілёўскай калёніі агледзела група лекараў. Разам зь незалежным доктарам з ЗША Альбэртам Бэнчабатам у групу ўваходзілі і беларускія лекары ў пагонах. Вось што адвакат Гарачка паведаміў пра вынікі гэтага абсьледаваньня:

“Адбылося комплекснае абсьледаваньне. У ім бралі ўдзел лекар з сыстэмы Мінздрава, лекар са шпіталя КДБ, адказны супрацоўнік мэдычнай управы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС і спадар Бэнчабат з ЗША. Ёсьць папярэдняе заключэньне, складзенае беларускім бокам. У гэтым заключэньні сьцьвярджаецца, што патрэбна дадатковае паглыбленае абсьледаваньне Эмануіла Зэльцэра, якому прадпісана трывалае лячэньне”.

Паводле адваката Зьмітра Гарачкі, да агляду беларускія лекары ставілі пад сумнеў тое, што Эмануіл Зэльцэр хворы на падагру. Абсьледаваньне, якое прайшло 6 студзеня, ня вырашыла праблемы цалкам, і таму пастаноўлена правесьці яшчэ адно, паглыбленае абсьледаваньне, кажа адвакат Гарачка. Але ён мяркуе, што збольшага вынікі агляду пацьвердзілі заявы адносна стану здароўя Эмануіла Зэльцэра:

“Гэта пацьвярджае тое, што казаў і сам Зэльцэр, і ягоная абарона адносна стану здароўя. Што ягоныя хваробы ня ёсьць нешта прыдуманае”.

Паводле Зьмітра Гарачкі, дадатковае паглыбленае абсьледаваньне плянуюць правесьці ўжо ў студзені. Пры гэтым доктар з ЗША Альбэрт Бэнчабат таксама атрымаў запрашэньне ўдзельнічаць у аглядзе. Сам Альбэрт Бэнчабат вынікі ўчорашняга агляду Эмануіла Зэльцэра не камэнтуе, спасылаючыся на “асабістую тайну хворага”.

Пакуль Эмануіл Зэльцэр па-ранейшаму будзе знаходзіцца ў мэдычнай частцы Магілёўскай калёніі № 15, паведаміў адвакат. Паводле Зьмітра Гарачкі, у Зэльцэра няма прэтэнзіяў да адміністрацыі калёніі. Тым часам адвакату стала вядома, што падабароннаму адмовілі ў дадатковай харчовай перадачы:

“Ён мяне папрасіў падняць пытаньне пра дадатковую харчовую перадачу. Я запытаў пра гэта, але яму адмовілі. Сказалі, што такая перадача даецца за нейкія добрыя вынікі, за добрую працу. А ў яго гэтага нічога няма”.

Болей за месяц таму Эмануіл Зэльцэр быў пераведзены зь Менскага сьледчага ізалятара ў магілёўскую калёнію, дзе адразу патрапіў у мэдычную частку. Пазьней стала вядома, што адміністрацыя калёніі прызначыла асуджанага Зэльцэра на працу ў клюб, але ніводнага дня ён пакуль не адпрацаваў.

Летась грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр быў асуджаны беларускім судом на тры гады зьняволеньня нібыта за камэрцыйны шпіянаж супроць Беларусі. Сваёй віны вязень не прызнае. Сваякі Эмануіла Зэльцэра мяркуюць, што ён стаў ахвярай барацьбы за вялікія грошы, да якой нібыта датычны расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі. Урад ЗША заклікае датэрмінова вызваліць вязьня з гуманных прычын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG