Ад сёньняшняга дня прысуд Эмануілу Зэльцэру ўступае ў дзеяньне. У любы дзень амэрыканскага адваката могуць накіраваць у калёнію для адбыцьця трохгадовага пакараньня. Гэта стала вядома пасьля таго, як Вярхоўны суд адхіліў касацыйную скаргу Эмануіла Зэльцэра на прысуд Менскага гарадзкога суду.
Разгляд касацый пачаўся ў Вярхоўным судзе а палове на дзясятую, і ўжо меней як праз гадзіну адвакат Зьміцер Гарачка выйшаў да журналістаў. Вось што ён паведаміў.
“Скажам гэтак: справа была разгледжаная. Хутка ці ня хутка, пра гэта я казаць не магу. Была разгледжаная”.
Зьміцер Гарачка паведаміў, што гэтаксама пакінуты бязь зьменаў і прысуд адносна сакратаркі Зэльцэра Ўладлены Функ (Брусковай), асуджанай на год зьняволеньня.
Адвакат распавёў і пра стан здароўя свайго падабароннага Эмануіла Зэльцэра.
“Як быў, гэтак і застаўся ў цяжкім стане, і, мяркую, гэтае рашэньне дадасьць яму праблем са здароўем. Калі шчыра, і ён, і Ўладлена Функ спадзяваліся на тое, што Вярхоўны суд прыме адносна іх абгрунтаванае рашэньне, што яны невінаватыя”.
У Эмануіла Зэльцэра засталася магчымасьць накіраваць скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суду, але адвакат Зьміцер Гарачка ня верыць, што гэта дапаможа. На пытаньне, ці будзе Эмануіл Зэльцэр падаваць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, адвакат адказаў:
“Такое прашэньне прадугледжвае, што просьбіт прызнае сваю віну. Але мой падабаронны не прызнаў сваёй віны і зараз таксама кажа, што не рабіў злачынства”.
Нагадаем, што ўказ аб памілаваньні можа зьявіцца і без прашэньня ад самога вязьня. Прыкладам, гэтак у жніўні былі памілаваныя палітвязьні Аляксандар Казулін, Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім.
Вядомы нью-ёрскі музыкант Марк Зэльцэр спадзяецца, што беларускія ўлады ўсё ж выкарыстаюць апошнюю магчымасьць вызваліць ягонага брата Эмануіла Зэльцэра менавіта праз указ аб памілаваньні. Паводле Марка Зэльцэра, інакш амэрыканскі ўрад не падпіша згоды аб выдзяленьні Беларусі крэдыту МВФ памерам 2 мільярды даляраў.
“Калі будзе гэтак, у мяне няма пярэчаньняў. Разумею — палітыка ёсьць палітыка. Але калі не, гэта Беларусі дорага абыдзецца, вельмі дорага. Бо амэрыканцы дакладна не падпішуць згоды на крэдыт. Гэта абуральна. Гэта ня тое што дыктатура, а фашызм”.
Марк Зэльцэр спасылаецца на зьвесткі зь Дзярждэпартамэнту і сэнату ЗША, дзе рэспубліканцы і дэмакраты нібыта пагадзіліся заняць агульную пазыцыю адносна лёсу Эмануіла Зэльцэра.
Нагадаем, адвакат з ЗША Эмануіл Зэльцэр разам са сваёй сакратаркай Уладленай Функ быў затрыманы 2 сакавіка ў менскім аэрапорце. Паводле зьвестак, яны прыляцелі ў Менск у справе спадчыны грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, які заўчасна памёр у Лёндане. Вядома, што на частку гэтай спадчыны прэтэндуе расейскі ўцякач, мільярдэр Барыс Беразоўскі. Сваякі Э. Зэльцэра заяўляюць, што гэта ён спрычыніўся да арышту адваката зь ягонай сакратаркай і суду над імі. Барыс Беразоўскі называе Эмануіла Зэльцэра “махляром” і не камэнтуе зьвесткі пра тое, што ён нібыта тройчы за апошні час прылятаў у Менск.