Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” чацьверты дзень не пастаўляе газ ва Ўкраіну


Эўрапейскія спажыўцы газу заяўляюць пра тое, што недаатрымліваюць газ, які ідзе да іх з Расеі праз Украіну. “Газпром” абвінавачвае Ўкраіну ў крадзяжы транзытнага газу, Кіеў адкідае абвінавачваньні. Сёньня прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу сабраліся на нараду, на якой абмяркоўваецца супольная рэакцыя Зьвязу на газавы канфлікт паміж Масквой і Кіевам.

Шмат краінаў Усходняй Эўропы заяўляюць, што недаатрымліваюць замоўлены расейскі газ, які ідзе з Расеі праз Украіну. Румынія атрымлівае газу на 30% менш, чым заплянавана, Грэцыя – на траціну, са зьніжэньнем аб’ёмаў паставак сутыкнуліся таксама Баўгарыя, Вугоршчына, Польшча, Турэччына.

Агулам пастаўкі “Газпрому” забясьпечваюць прыкладна 20% патрэбаў Эўропы ў газе, у краінах Усходняй і Паўднёвай Эўропы гэтая доля значна большая, напрыклад, у Грэцыі яна даходзіць да 80%.

“Нафтагаз” Украіны прызнаў, што забірае па 25 мільёнаў кубамэтраў газу для забесьпячэньня транзыту, “Газпром” лічыць гэта крадзяжом.

Разам з тым украінскія прадстаўнікі заяўляюць, што калі канфлікт працягнецца і пастаўкі газу ва Ўкраіну не адновяцца, то прыкладна праз два тыдні ў газаправоднай сыстэме ўзьнікнуць сур'ёзныя праблемы і могуць узьнікнуць збоі ў пастаўках расейскага газу ў Эўропу. Упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях энэргетыкі Барыс Сакалоўскі ня выключыў, што тады давядзецца на пэўны час цалкам спыніць транзыт.

Тым часам гарадзкі суд Кіева наагул забараніў “Нафтагазу” Ўкраіны рабіць транзыт расейскага газу па ранейшай транзытнай цане. У пастанове суду сказана, што ўкраінскі чыноўнік, які ў свой час падпісаў адпаведны кантракт на транзыт, ня меў адпаведных паўнамоцтваў ад Кабінэту міністраў Украіны.

Прадмет спрэчкі паміж Масквой і Кіевам – запазычанасьць за мінулыя пастаўкі і цана на газ ў гэтым годзе. Украінскі бок заяўляе, што расплаціўся за 2008 год. Прэсавы сакратар “Газпрому” Сяргей Купрыянаў паведаміў, што запазычанасьць Украіны за пастаўлены ў 2008 годзе газ не пагашаная дагэтуль і складае 614 мільёнаў даляраў.

Што да цэнаў, то напрыканцы мінулага году расейскі прэм'ер Уладзімер Пуцін прапанаваў Украіне газ па 250 даляраў за тысячу кубамэтраў, назваўшы гэтую цану льготнай. Украінскі бок лічыць гэтую прапанову завышанай і неабгрунтаванай. Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі цана паліва ня можа перавышаць 210 даляраў. У адказ “Газпром” заявіў, што здымае прапанову аб ільготнай цане і прапануе Ўкраіне газ па 418 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пазьней “Газпром” назваў новую цану – 450 даляраў за тысячу кубамэтраў. “Газпром” таксама падаў на Ўкраіну юрыдычны пазоў у Стакгольмскі гандлёвы арбітраж.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта Аляксандар Шлапак назваў прапанову накот 418 даляраў за тысячу кубамэтраў “поўнай лухтой”. Ён сказаў: “Цяпер у Эўропе гавораць пра сапраўдны газавы шантаж з боку Расеі. Цяпер фронт гэтага шантажу праходзіць праз Украіну. Калі Эўропа гэтага не разумее і ня хоча дапамагчы нам выйсьці з гэтай сытуацыі, то яна можа чакаць з боку Расеі больш агрэсіўнай пазыцыі ў пытаньні газу і ў іншых пытаньнях”.

На самым пачатку крызысу прэзыдэнт Украіны Юшчанка заклікаў Эўразьвяз быць пасярэднікам у канфлікце Кіеву з Масквой. Аднак Зьвяз адмовіўся, Аляксандар Вондра, віцэ-прэм'ер Чэхіі, якая старшынюе ў Эўразьвязе з 1 студзеня заявіў:

“Мы адмаўляемся ўдзельнічаць у гэтай спрэчцы ці выступаць у ролі арбітраў. Мы разглядаем гэта як бізнэс-канфлікт”.

Аднак сёньня прадстаўнікі краінаў Зьвязу сабраліся ў Брусэлі, каб паспрабаваць выпрацаваць супольную пазыцыю па газавым канфлікце. Але сярод краінаў Зьвязу няма адзінства ў гэтым пытаньні. Тым часам Масква і Кіеў працягваюць абвінавачваць адзін аднаго ў зрыве паставак расейскага газу ў Эўропу. “Газпром” зьвярнуўся да Эўракамсіі з прапановай забясьпечыць незалежны маніторынг транзыту газу праз украінскую тэрыторыю. Аднак прадстаўнікі Эўракамісіі кажуць, што няма незалежных замераў, колькі ж газу трапляе ва Ўкраіну і колькі ідзе зь яе. Разам з тым Эўракамісія накіравала ў Кіеў дэлегацыю, каб вывучыць сытуацыю з транзытам.

Паводле прэсавага сакратара “Газпрому” Сяргея Купрыянава канцэрн, каб кампэнсаваць падзеньне паставак праз Украіну, павялічыў транзыт праз газаправод “Блакітны паток” паміж Расеяй і Турэччынай, а таксама празь Беларусь. Разам з тым упершыню за шмат гадоў Беларусь увайшла ў новы год без афіцыйна абвешчанай цаны на расейскі газ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG