Ад 27 кастрычніка Аляксандра трымалі пад вартай, абвінаваціўшы ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія нібыта прывялі да масавых беспарадкаў падчас студзеньскіх акцый прадпрымальнікаў. Апошняга фігуранта ў “справе 14-ці“ вызвалілі ў судовай залі.
Сваякі, паплечнікі, лідэры палітычных партый і рухаў, прадстаўнікі амбасады ЗША і АБСЭ павіншавалі Аляксандра Баразенку з вызваленьнем, як толькі зь яго зьнялі кайданкі. Нягледзячы на тое, што Аляксандра пакаралі абмежаваньнем волі, а не апраўдалі, прысуд сустрэлі воплескамі. Аляксандру Баразенку ўручылі кветкі і ўлёткі на памяць, зь якімі амаль два месяцы моладзевыя актывісты стаялі ў пікетах, патрабуючы вызваленьня апошняга палітвязьня.
Аляксандр Баразенка адразу пасьля вызваленьня ў судовай залі сказаў некалькі словаў “Свабодзе”:
“На жаль, у гэтым так званым „стакане“ нічога ня чутна, але цяпер, калі быў у клетцы, гэта вельмі моцна адчувалася. Цягам усяго тэрміну знаходжаньня на Валадарцы было прыемна атрымліваць вялікую колькасьць лістоў ад знаёмых і незнаёмых людзей”.
Карэспандэнтка: “Супрацоўнікі міліцыі казалі пра праявы салідарнасьці?”
Баразенка: “Так. Гэта было адной з прычынаў таго, што мяне перавялі ў іншую камэру. Казалі, што людзі штодня прыходзяць на Валадарскага і, каб, магчыма, пазьбегнуць нейкіх эксцэсаў, мяне вырашылі перавесьці ў іншую камэру, дзе быў больш крымінальны кантынгент, людзі, якія ня так ляяльна ставіліся да мяне і да маіх поглядаў”.
Старшы памочнік пракурора Цэнтральнага раёну сп. Ціхавец прасіў суд пакараць Аляксандра абмежаваньнем волі на паўтара году. Іншыя фігуранты “справы 14-ці” былі пакараныя штрафамі і абмежаваньнем волі да двух гадоў.
Бацькі Аляксандра не маглі стрымаць сьлёз, калі ён выступаў з апошнім словам.
Маці Аляксандра Алена Баразенка толькі сказала:
“Я таксама плакала… Мы шчасьлівыя, што выхавалі такога сына. Нам вельмі прыемна… Мы шчасьлівыя, што ён у нас такі… Што мы выхавалі такога годнага сына нашай краіны, нашага народу”.
Бацька Аляксандра вельмі абураўся тым, як адбываўся працэс, як апытвалі сьведак з боку абвінавачаньня:
“Пра што?! Пра якую гуманнасьць можна казаць?! Вы бачылі ўвесь працэс, і можаце ўсё прааналізаваць… Па-мойму, гэта ўжо верх ідыятызму. Што ў нас увогуле ў краіне нармальнага?!”
Моладзевыя актывісты ні на адну хвіліну не спынялі акцыю падтрымкі. У першы ж дзень яны пачалі пікет падтрымкі ў двары суду, а сёньня ад пачатку і да канца судовага паседжаньня скандавалі лёзунгі і трымалі расьцяжкі і сьцягі. Нават падчас судовага перапынку маладыя людзі не сышлі.
Гаворыць намесьніца лідэра “Маладога фронту” Наста Палажанка:
“Безумоўна, мы лічым, што ён адчувае гэтую падтрымку. Бачыць, чуе. Я ўпэўнена, што гэта надае яму нейкіх маральных сілаў, тым больш што мы прайшлі ўжо ня першы суд. Калі судзілі Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча, мы таксама стаялі каля будынку суду і ведаем наколькі гэта неабходна”.
Адвакат Баразенкі Павал Сапелка удакладніў, што рэальна Аляксандар будзе адбываць пакараньне 9 месяцаў, таму што праведезны ў СІЗА дзень лічыцца за два.
Аляксандр Баразенка паведаміў, што будзе абскарджваць прысуд. Ён мусіць адбываць пакараньне ў Пінску, па месцы прапіскі. Калі ён зьедзе ў Польшчу, дзе ён вучыцца ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце па праграме Кастуся Каліноўскага, яго могуць пазбавіць волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі.