“Няма сумневу, што гэта быў служыцель Божы, які стараўся як мага больш зрабіць для царквы, калі пачаўся рэлігійны рэнэсанс. Ён стаў патрыярхам у 90-м годзе, калі царква аднаўлялася. Але адначасова шэраг важных крокаў Аляксія ІІ можна ацаніць як праяву імпэрскай сутнасьці. Гэта канфлікт з Ватыканам. Не сустрэліся зь Янам Паўлам II. Гэта пазыцыя патрыярха была вызначальнай у тым, што папа рымскі ня змог наведаць ні Беларусь, ні Расею. Менавіта Аляксій ІІ тармазіў працэс збліжэньня дзьвюх цэркваў, і ўвесь час уздымалася пытаньне па заходняй Украіне. Там усё далёка не адназначна. Безумоўна, трэба было ісьці на кампраміс.
У Беларусі, калі адбываўся візыт папы ва Ўкраіну, — ня вельмі зразумела з хрысьціянскага гледзішча, больш зразумела з гледзішча геапалітычнага ці вайсковага, — адбыўся паралельны візыт патрыярха на беларускае Палесьсе. Маўляў, як сымэтрычны адказ.
Мне здаецца, што ў такіх катэгорыях царква сёньня разьвівацца ня можа. І, безумоўна, хацелася б бачыць на пасадзе патрыярха РПЦ чалавека больш адкрытага, больш прыхільнага да міжхрысьціянскага дыялёгу, да хрысьціянскай любові, да запаведзей Хрыста: хай будуць усе адзіныя, як мы з Айцом адзіныя. Я думаю, што такія людзі ў кіраўніцтве РПЦ ёсьць”.