Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вобраз Ганны Чарнушкі Мележ сьпісваў зь Яўгеніі Янішчыц


20 лістапада — дзень нараджэньня Яўгеніі Янішчыц. Сёньня таленавітай беларускай паэтцы споўнілася б 60 гадоў. Яна трагічна загінула празь пяць дзён пасьля свайго 40-годзьдзя. З нагоды юбілею Яўгеніі Янішчыц на яе радзіме, на Піншчыне, адбыліся імпрэзы з удзелам многіх беларускіх літаратараў. Якой была Яўгенія Янішчыц у нацыянальнай паэзіі, якой яе памятаюць калегі і сябры?

Памяць Яўгеніі Янішчыц гэтымі днямі ўшаноўваюць два пісьменьніцкія саюзы: Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Сябры абедзьвюх арганізацыяў згадваюць Яўгенію Янішчыц як таленавітую паэтку і цудоўнага чалавека. Сябру праўладнай арганізацыі, паэту зь Берасьцейшчыны Анатолю Шушко асабліва запомнілася першая сустрэча зь Яўгеніяй Янішчыц:

“Упершыню мы сустрэліся зь ёю на старонках газэты “Літаратура і мастацтва”. Я тады паступаў на філфак БДУ, а Яўгенія закончыла. І мы надрукаваліся ў тым знакамітым “ЛіМе”. Пасьля было 50-годзьдзе нашага ўнівэрсытэту, і філфак адзначаў гэтую дату. Тады куратар Рыгор Міхайлавіч Семашкевіч, таксама выдатны паэт, таксама яго цяпер няма, нас пазнаёміў у фае. Жэня ляцела, як на крылах, яна тады якраз выйшла замуж за паэта Сяргея Панізьніка. Яна падбегла, расцалавала, а я пачырванеў, як бурак. Вось так мы пазнаёміліся. Яна была такая весялуха, такая прыемная дзяўчына, яна заўсёды вітала сваіх землякоў. У мяне пра Яўгенію Янішчыц — толькі цёплыя і добрыя словы”.

Яўгенія Янішчыц была вельмі прыязнай у стасунках і мела сяброў у розных кутках Беларусі, кажа адна зь іх, паэтка з Горадні Данута Бічэль-Загнетава:

“Гэта вялікая паэтка, якая забытая, як забытыя ўсе клясыкі. Гэта вельмі прыгожы чалавек быў, вельмі прыгожая жанчына. Вобраз Ганны Чарнушкі Мележ сьпісваў зь яе. Вельмі багатая душой, вельмі мудрая, мудрасьцю сваіх палескіх продкаў. Я сябравала з Жэняй. Усе кажуць, што паэткі сварацца паміж сабой — мы ніколі не сварыліся. Яна жыла ў сталіцы і была маладзейшая, але я да яе прыяжджала з Горадні і яна мяне сустракала, частавала, апавядала пра Менск. Калі Ларыса Антонаўна Геніюш хварэла і ляжала ў анкалёгіі, то Жэня прыехала з Андрэйкам і спынілася ў мяне, начавала, хадзіла да Ларысы Антонаўны, каб нагаварыцца перад расстаньнем. Гэта была вось такая сяброўка, якіх у мяне было некалькі ў жыцьці. Я за іх вельмі ўдзячная Богу, што яны ў мяне былі”.

Блізкім сябрам Яўгеніі Янішчыц, аўтарам прадмоваў да зборнікаў яе вершаў і вершаў у яе памяць, быў таксама Сяргей Законьнікаў:

“Яна была настолькі блізкім мне сябрам, што зь ёй было добра нават памаўчаць. Мы часта так і рабілі, калі я прыходзіў па яе “гарачым” выкліку. Яна сябравала і з маёю жонкаю, таму нават такі вось начны выклік ня быў нечаканасьцю для маёй Лілі. Ліля яе вельмі любіла, і яна ведала, што гэта значыць — Жэні патрэбна чыста маральная дапамога, проста прыйсьці і пабыць зь ёю. Вядома, я назіраў Жэню ў яе творчай працы. Гэта было таксама цікава. Бывала, што яна тэлефанавала і прасіла: прыйдзі, хачу прачытаць табе новыя вершы. Я прыходзіў раненька і бачыў, што каля яе стала ўся падлога ўкрытая аркушамі паперы — уся белая падлога, у аркушах. А на стале тоненькі стосік — гэта тыя вершы, якія яна перапісала на чыставік. Так што з Жэняй я сябраваў са студэнцтва і праз усё жыцьцё да яе нечаканай і трагічнай сьмерці. Я вельмі яе вельмі любіў і як паэтку, і як чалавека”.

З нагоды 60-годзьдзя паэткі дзяржаўны часопіс “Нёман” і незалежная газэта “Новы час” апошнія свае нумары прысьвяцілі памяці Яўгеніі Янішчыц. А тэлеканал “Лад” 20 лістапада паказвае дакумэнтальны фільм “Янішчыц. Небясьпечны талент”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG