Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла Катажына Краеўска <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


5 лістапада памерла Катажына Краеўска – вялікая сяброўка беларусаў і надзвычай сьветлы ды добры чалавек.

“Сядай. Выпі гарбаты, супакойся і патэлефануй сям’і. Нешта зараз прыдумаем”, – гэтак прывітала мяне пані Кася ў 2001-м, калі давялося прыехаць у Варшаву, дзе не было знаёмых, не было дзе пераначаваць, не было з кім проста пагаварыць.

А пазнаёміліся мы на пару гадоў раней, на курсах для журналістаў правінцыйных СМІ ў Варшаве. Разам з жонкай Аленай складалі тады бюлетэнь пінскага аддзяленьня БХК “Маю права!”. У польскую сталіцу нас запрасіла Фундацыя польска-чэска-славацкай салідарнасьці: падвучыцца, але й атрымаць кампутар для рэдакцыі – вельмі важная тады для нас была падтрымка. Працай фундацыі кіравала Катажына Краеўска – сівая, худзенькая пані з надзвычай добрай усьмешкай і цёплымі далонямі.

За два тыдні, што былі на курсах, яна сталася нам амаль родным чалавекам. Пах гарбаты і пячэньня ў невялічкім пакоіку фундацыі на Шпітальнай... Заўсёды гасьцінная пані Кася...

Катажына Краеўска з групай беларускіх журналістаў

Потым пані Кася “штосьці прыдумала”, як і абяцала. У Варшаве яна дапамагала як толькі магла. Дзякуючы ёй мы мелі жытло першыя два месяцы. Бясплатна. Маглі карыстацца офісам. Бясплатна. Потым тэлефанавала, хаця й не павінна была: “Аляксей, тут імпрэза цікавая будзе, прыходзь, зрабі што для радыё...”

Пані Кася дапамагала ня толькі мне і маёй сям’і. Гэта напэўна. Шмат хто з маіх знаёмых – з розных краінаў – успамінае яе добрым словам. Не адзін, напэўна, не адзін беларускі журналіст зь невялічкіх бюлетэняў, газэтак прыгадае зараз гэтую жанчыну...

Я ня ведаў шмат пра Катажыну Краеўску. Ня быў яе блізкім знаёмым. Зрэдзьчасу званіў. На штодзень злучала нас хіба што карціна ў тэхніцы батык аўтарства маёй жонкі – яе Алена падаравала пані Касі на знак павагі і ўдзячнасьці.

Але калі пачуў сёньня, што яна адышла ў лепшы сьвет, моцна кальнула ў сэрцы. Сьветлы быў чалавек, сябра беларусаў. Сябра, якіх рэдка сустракаеш у жыцьці. Сьветлая памяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG