Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Праваахоўныя органы народ ўспрымае карным мэханізмам”


На гэтым тыдні нашым грамадзкім рэдактарам быў Андрэй Левінаў. Ён служыў ўчастковым у Віцебску, 11 гадоў – у службе дазнаньня, быў намесьнікам начальніка РАУС.


З-за сваёй прынцыповасьці, нежаданьня саступаць “просьбам”, тэлефонным “парадам” і неабгрунтаваным загадам начальства кар’ера капітана Левінава складвалася няпроста. А пасьля таго, як насуперак кіраўніцтву ён вырашыў удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах быў наагул звольнены.

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня Андрэй Левінаў замовіў журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму «Шараговец і беларуская Тэміда – чаму няма паразуменьня?»

Найчасьцей народнае ўяўленьне аб праваахоўнай сыстэме грунтуецца на досьведзе стасункаў зь міліцыяй. Не выпадкова ў Міністэрстве ўнутраных справаў краіны абралі цяпер галоўным крытэрам адзнакі якасьці працы ня ўзровень раскрывальнасьці злачынстваў (які пакідае чакаць на лепшае – не раскрываецца штодругое злачынства), а грамадзкая думка: калі давер грамадзянаў меншы за 25 працэнтаў, ставіцца нездавальняючая ацэнка. Дык вось у Віцебскай вобласьці, дзе служыў спадар Левінаў, той паказьнік у раёне 20 працэнтаў. Прыблізна тое самае па ўсёй Беларусі. Размаўляем зь міліцэйскім экс-капітам:

– Андрэй, цяперашняя беларуская міліцыя – народная ці “вэртыкальная”, уладная?

– Натуральна, “вэртыкальная”. Нездарма ж кажуць і пішуць: аддзел унутраных справаў такога вось выканкаму. Плюс другое падпарадкаваньне – міністэрству.

Людзі цяпер баяцца, паважаюць беларускую міліцыю ці папросту лічаць за лепшае ня мець зь ёй справаў?

– На жаль, часьцей яе не паважаюць. Больш – баяцца. Успрымаюць беларускую міліцыю толькі як карны орган.

Дык якія стасункі міліцыі й насельніцтва? Чым вызначаюцца? Ці гатовыя супрацоўнічаць яны адзін з адным? Рэпартаж з Магілёву.

“Людзі сталі злыя, а міліцыя гэта таксама людзі”

Ва ўправе унутраных спраў Магілёўшчыны, цьвердзяць, што давер насельніцтва да міліцыі стабільна расьце. Вызначэньне яго ўзроўню – адзін з крытэраў ацэнкі эфэктыўнасьці працы праваахоўных органаў. У прэсавай службе зазначаюць, што ў выпадку пагаршэньня сытуацыі з даверам адразу ж прымаюцца меры дысцыплінарнага пакараньня:

“Дзе менш за 25 працэнтаў – лічыцца крызысам. Пачынаюць разьбірацца ўжо. У чым справа, якія меры непасрэдна прымаліся міліцыяй для прафіляктыкі правапарушэньняў? Ці часта яна кантактуе, ці ходзіць, скажам так, у народ? Ці проста адпіскі нейкія робіць. Шукаюцца нэгатыўныя моманты, каб іх потым вырашаць”.

Колькі ж працэнтаў насельніцтва добра ставіцца да міліцыі мне так і не паведамілі. А вось на вуліцы мінакі ня надта ахвочыя гаварыць пра людзей у форме. Яны зьвернуцца па дапамогу да іх, напрыклад, калі апынуцца ў крайне цяжкой сытуацыі, зьвязанай з крыміналам. Што да супрацоўніцтва з органамі ўнутраных справаў, то й тут кажуць пра выключныя выпадкі. Пытаюся, чаму:

Спадар: “У міліцыю ідуць, мне здаецца, тыя людзі, якія яе ня вартыя. Другім разам можна было й ня браць тых людзей, якія прыходзяць у міліцыю, аднак неяк яны ўладкоўваюцца. Па блаце, ці што”.

Спадар: “Можа быць, іх столькі многа. Можа быць, яны ня так адказна падыходзяць да сваёй прафэсіі. Людзі сталі злыя, а міліцыя гэта таксама людзі. Проста ідуць туды, можа каб не працаваць”.

Спадар: “Я, напрыклад, так не сутыкаўся, дзякаваць Богу, зь міліцыяй. Аднак як кажа мой прыяцель, ёсьць міліцыянты, а ёсьць – мянты. У яго былі праблемы, і ён бачыў, як працуе міліцыя, калі яны выбіваюць паказаньні любой цаной”.

Юрыст незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў таксама праводзіў сваё вывучэньне грамадзкай думкі адносна даверу да міліцыі. Апытаў некалькі дзясяткаў чалавек. І вось ягоныя высновы:

“Большасьць апытаных, прыкладна каля сямідзесяці працэнтаў, адказала, што ў нас міліцыі вельмі шмат. Ад гэтага злачыннасьць не зьмяншаецца. Для таго, каб зьмяншалася, трэба не павялічваць іхную колькасьць, а павышаць іх кваліфікацыю. І трэба патрабаваць ад іх, каб яны працавалі паводле закону”.

Адмысловец у разьвіцьці няўрадавых арганізацыяў Ігар Шары зазначае: стасункі міліцыі з насельніцтвам вызначаюцца цяпер тым, што ў грамадзтве проста стала нямодным быць законапаслухмяным грамадзянінам. Найперш, тлумачыць сваё бачаньне сытуацыі спадар Шары, людзі пераканаліся – закон не для ўсіх:

“Як правіла, простыя людзі, якія ня маюць уплыву ў праваахоўных органах, ня маюць жа магчымасьці нармальна кіравацца законамі і адпаведна бараніць свае правы. На міліцыю глядзяць, як на панацэю, толькі тады, калі сутыкнуліся з крыміналам. А зазвычай людзі не глядзяць на прадстаўнікоў праваахоўных органаў, як на тых, якія павінны дапамагаць у камфортным жыцьці ды спрыяць камфортнаму жыцьцю”.

Старшыня магілёўскай няўрадавай арганізацыі “Жаночы цэнтар падтрымкі й самадукацыі” Валянціна Гвазьдзёва таксама падзяліся сваімі меркаваньнямі адносна стасункаў міліцыі з насельніцтвам. Яе арганізацыя тры гады рэалізуе праект па прадухіленьні захворваньняў ВІЧ СНІД, і ён вымагае шчыльнага ўзаемадзеяньня зь міліцыянтамі. Асноўнай мэтавай групай праекту зьяўляюцца жанчыны сэкс-бізнэсу:

“Яны іншым разам самі правакуюць прадстаўнікоў органаў правапарадку. Гэтая тая група насельніцтва, якая наагул адштурхнутая грамадзтвам. Прадстаўнікі органаў правапарадку таксама пласт грамадзтва. Наша мэтавая група ўжо прызвычаілася да то, што яна павінна ўвесь час бараніцца. Мы ня ўмеем размаўляць адзін з адным. І гэтаму трэба вучыцца. Дарэчы абодвум бакам”.

Камэнтуе Андрэй Левінаў:

"Найперш супрацоўнік міліцыі забываецца на тое, што ён гэткі ж грамадзянін, як і ўсе іншыя. І няважна, што знаходзячыся на службе ён мае пагоны, даваў прысягу… Але ён практычна на ўсё жыцьцё забываецца на гэта і глядзіць на звычайных людзей з пэўнай вышыні, чаго ў прынцыпе не павінна быць.

Ён мусіць заўсёды памятаць (хоць сярод ночы яго разбудзі): яго нанялі на працу не чыноўнікі і нават не дзяржава – гэта зрабіў просты рабочы чалавек, якога ён абавязаны абараняць.

Аднак паколькі ў работнікаў міліцыі такога разуменьня няма – яны лічаць што дзяржава наняла іх абараняць дзяржаву ж, то яны адпаведна ставяцца да людзей. Ну і людзі плацяць ім тым жа".

"У судах і пракуратуры Усё залежыць ад яго вялікасьці пляна, чалавечы лёс нікога не цікавіць”

Тут дарэчы прывесьці і такі факт. Сусьветная вядомая амэрыканская сацыялягічная служба Gallup organization правяла апытаньне, паводле якога высьветлілася: толькі кожны трэці беларус лічыць, што каб ён згубіў кашалёк з дакумэнтамі і грашыма і яго знайшла міліцыя, то – вярнула б уладальніку. Для параўнаньня: у Фінляндыі, Нарвэгіі, Ірляндыі, Швайцарыі, Новай Зэляндыі 90 працэнтаў апытаных у такой гіпатэтычнай сытуацыі выказалі давер сваім паліцэйскім. Дасьледчыкі падкрэсьліваюць: гэтыя лічбы фактычна сьведчаць пра фактычнае стаўленьне народу да важнейшых прававых інстытутаў дзяржавы.

Сярод іх – і суды з пракуратурай. Аднак нават Аляксандар Лукашэнка на апошнім зьезьдзе судзьдзяў падкрэсьліў: колькасьць неабгрунтавана асуджаных грамадзянаў з году ў год не скарачаецца. Вось факт: летась кожны чацьвёрты зварот на імя кіраўніка краіны датычыўся працы судоў, устаноў юстыцыі.

Больш падрабязна пра тое, як складваюцца адносіны паміж насельніцтвам і судамі, пракуратурай, ці існуе паміж імі давер, паразуменьне – у матэрыяле з Горадні.

Былы палітвязень Валеры Леванеўскі ня мае ілюзіяў, ён кажа, што на ўсё уплывае загадзя становішча гэтых інстытуцый:

“Суды ў нас не “незавісімыя” і пракуратура таксама. Усё залежыць ад яго вялікасьці пляна, чалавечы лёс нікога не цікавіць, цікавіць статыстычная справаздачнасьць. Гэта асноўнае”.

Валеры Леванеўскі ўспамінае цікавы прыклад:

“Што датычыць судоў, то некалькі гадоў таму быў крылаты выраз галавы дзяржавы наконт таго, што суды часам выносілі апраўдаўчыя прысуды альбо рашэньні былі, скажам, мяккія. Ён сказаў аб тым, што адзін дзяржаўны орган – сьледзтва стараецца, грошы выдаткуе, выкрывае правапарушальнікаў, а суды апраўдваюць. Вы што, не з адной дзяржавы?”

Адсюль наступная практыка, зазначае Леванеўскі:

“Калі сьледзтва штосьці прад’яўляе, то суд гэта і ўзаконьвае, у іншым выпадку ў судзьдзі самога могуць быць праблемы. Ня трэба забывацца, што судзьдзя, ён – прызначаецца прэзыдэнтам і залежыць выключна ад вэртыкалі гэтай улады”.

Валеры Леванеўскі, які адбыў за кратамі два гады па абвінавачаньні за публічную абразу прэзыдэнта, добра ведае судовую практыку.

Леванеўскі: “Людзі, якія першы раз сутыкаюцца з судом, яны, напэўна, спадзяюцца, што судовы разбор будзе справядлівым. Але тыя, хто хоць раз прайшоў праз яго, ён пераконваецца: калі спрэчка ідзе зь дзяржаўнымі органамі, яна адназначна будзе вырашаная не на карысьць грамадзяніна. Ніякай адказнасьці ў прынцыпе судзьдзя за прынятае рашэньне не нясе. Суд цяпер, па-мойму, гэта – абсалютная фармальнасьць”.

У пракуратуры таксама на першым месцы справаздачнасьць, лічыць Валеры Леванеўскі. Ён вырашыў высьветліць абставіны гібелі свайго дзеда пасьля вайны, зьвярнуўся ў пракуратуру, там сказалі: тэрмін даўнасьці прайшоў і адмовіліся праводзіць нават праверку. Былы палітвязень лічыць, што дзеда маглі зьнішчыць органы: ён жыў ля самай мяжы з Польшчай, быў сьмелым, мог крытыкаваць арышты і дэпартацыі. Сёньня няма ні ягонай магілы, ні дакумэнтаў аб тым, што чалавек увогуле існаваў, таму Леванеўскі прыватна займаецца высьвятленьнем абставінаў гібелі дзеда.

Журналіст “Газэты Выборчэй” Андрэй Пачобут з адукацыі юрыст, прычым сам зьведаў арышты і суды. Ён мяркуе, што адносіны грамадзтва да праваахоўных органаў вызначаюцца наступным:

Пачобут: “У нас галоўнае пакараць, а не абараніць. Адсутнасьць даверу да праваахоўных органаў не зьяўляецца сакрэтам для ўлады. Апошнім часам усе УУС краіны абавязаны праводзіць замер грамадзкай думкі наконт даверу да сябе. Калі ён будзе менш, здаецца, за 25 адсоткаў, тады трацяць сваю пасаду кіраўнікі РАУС. У Гарадзенскай вобласьці былі тры такія выпадкі”.

Але гэта пакараньне “стрэлачніка”, мяркуе Андрэй Пачобут:

“А як здабыць давер? Калі яны павінны скласьці пэўную колькасьць пратаколаў, канец месяца і яны ловяць людзей. Калі праваахоўныя органы, перш за ўсё, інструмэнт ціску на грамадзтва, даверу яны мець ня будуць”.

Што адчувае чалавек, калі яго караюць за тое, чаго не было?

Пачобут: “Я шмат разоў быў затрыманы за тое, што лаяўся, хаця гэтага не было. Чалавек проста адчувае абсурд, што людзі з пагонамі вымушаны хлусіць, хаця гавораць: я да цябе асабіста нічога ня маю, я ўвогуле вас падтрымліваю, але калі я зраблю штосьці ня так, мяне выкінуць на вуліцу з працы”.

Суды не прыслухоўваюцца да тваіх довадаў, да довадаў твайго адваката, кажа Андрэй Пачобут:

“Па сутнасьці працэс павінен быць спаборным. Але суд паўтарае тое, што сказала абвінавачаньне. Колькасьць апраўдачых прысудаў, яна мінімальная, па Гарадзенскай вобласьці, здаецца, менш за працэнт. Нават у сталінскія часы, па-мойму, лічба апраўдаўчых прысудаў была большай, чым цяпер у Беларусі”.

Камэнтуе Андрэй Левінаў:

"Калі шараговец трапляе ў суд – нават калі яго выклікаюць туды ў якасьці сьведкі, ня кажучы пра тое, каб у ролі пацярпелага, падазраванага, абвінавачанага, чалавек адразу пачынае адчуваць сябе вінаватым.

Гэта геннае, далёкае: суд нашыя людзі ўспрымаюць карнай структурай. Такой жа машынай, як і міліцыя.

Сыходзячы з практыкі, з таго, што яны бачаць у судовых інстанцыях, грамадзтва ім ня верыць.

А пракуратура, якая мусіць зьдзяйсьняць нагляд, практычна заўсёды пагадняецца з рашэньнямі судоў. Аспрэчвае толькі тады звычайна, калі, на яе погляд, парушаныя нейкія правы дзяржавы.

І вельмі мала прыкладаў абароны пракуратурай парушаных правоў звычайных грамадзянаў".


“Пасьпяховыя адвакаты – гэта адвакаты, якія маюць дастаткова ўплывовых сувязяў, каб вырашыць пытаньне”

Наш грамадзкі рэдактар лічыць, што дапамагчы ў пошуку таго самага паразуменьня магла б адвакатура, як адбываецца ў цывілізаваным сьвеце. А ў Беларусі, кажа спадар Левінаў, сытуацыя прынцыпова іншая. Так, паводле кодэксу, сьледчы мае права прызначаць тэрміны, выклікаць адваката, і адвакат мусіць яму падпарадкоўвацца, а калі не, то будзе мець праблемы. Хоць Закон “Аб адвакатуры”, прыняты ў 1993 годзе, адкрываў добрыя пэрспэктывы: шырока ўводзілася прыватная адвакатура, зьявіўся конкурс на адвакацкія месцы і, адпаведна, канкурэнцыя. Тады ж зайшла размова пра ўвядзеньне інстытуту прысяжных – за яго нават прагаласавалі дэпутаты, аднак Аляксандар Лукашэнка скасаваў гэтую ініцыятыву. А далей ён падпісаў дэкрэт нумар 12, які фактычна ліквідаваў адвакацкае самакіраваньне, празь ліцэнзаваньне спэцыялісты мусяць ужо працаваць з аглядкай.

У псыхалёгіі ёсьць тэрмін: “прафэсійная дэфармацыя” – гэта калі сьветаўспрыманьне чалавека мяняецца ў кантэксьце прафэсыйнай дзейнасьці. Хірургі, прыкладам, ня могуць сабе дазволіць баяцца крыві. Адвакаты мусяць успрымаць праблемы свайго кліента вельмі рацыянальна. І часта гэты сустракае непаразуменьне ў падабароннага ды яго сваякоў, кажа адвакат Павал Сапелка:

“Суб’ектыўнае меркаваньне сваякоў базуецца на тым, што яны зусім інакш успрымаюць асобу падабароннага, абвінавачанага. Апроч таго, яны мала разумеюць кваліфікацыю дзеяньня абвінавачанага свайго сваяка. Можна пачуць такую фармулёўку: “Ну, да, зрабіў ён гэта і гэта... Ну, і што тут такога ўжо? А паводле закону, “такое” – гэта злачынства”.

Яшчэ адна распаўсюджаная прэтэнзія да адваката – замала ўвагі да справы кліента. Распавядае Кацярына зь Менску, якая мела патрэбу ў паслугах адваката па гаспадарчай справе:

“Паслугі адваката каштуюць дорага – кошты устаноўлены дзяржавай, адвакаты тут ні пры чым. Але ж хацелася за гэтыя грошы мець адпаведную якасьць працы. У маім выпадку гэтага не было. Я адчувала простую абыякавасьць да маіх праблем, адвакату прыходзілася званіць дзесятак раз на дзень, каб нагадаць зрабіць тое, што ён павінен быў зрабіць яшчэ ўчора”.

Вольга зь Менску, наадварот, супрацай з адвакатам была задаволена вельмі. У судзе яна выступала супраць 19-гадовага скінхэда, які зьбіў яе ў парку. Вынік – траўмы, ляжаньне ў бальніцы. Быўшы бокам абвінавачаньня, Вольга зьвярнулася да адваката, як кажуць, “на ўсялякі выпадак”:

“Я вельмі была задаволена ягоным падыходам. Ён ня толькі разабраўся менавіта ва ўсіх юрыдычных момантах, але і пачаў унікаць у пазаюрыдычныя аспэкты таго канфлікту. А пракурор тым часам сказаў, што мы – я і скінхэд, які мяне зьбіў, прадстаўнікі розных сэктаў”...

Але ж прыватныя непаразуменьні паміж адвакатам і падабароннымі – гэта дробязі параўнальна з месцам адвакатуры ў беларускай юрыспрудэнцыі наагул, распавядае колішні адвакат Сяргей Луканін:

“Нашыя суды, судзьдзі, ня ўлічваюць пазыцыю адваката наагул. Пасьпяховыя адвакаты – гэта адвакаты, якія маюць дастаткова ўплывовых сувязяў, каб вырашыць пытаньне. Вось і ўсё. Гэта адбывацца з-за таго, што суды нашы – не незалежныя. Атрымліваецца, што ў працы адваката цэніцца не ягоны прафэсіяналізм, веды, магчымасьці, а цэняцца толькі ягоныя сувязі”.

Камэнтуе Андрэй Левінаў:

"На дадзены момант адвакатура ў нас несвабодная. У тым сэнсе, што нібыта яны свабодныя ад дзяржавы, аднак насамрэч гэта зноў жа частка дзяржавы. Што ў корані няправільна – адвакат мусіць быць у свабодным ад рамак, якія дзяржава хоча паўсюль набудаваць.

Або такі нюанс.

Далі чалавеку штраф 300 тысяч. Каб яго аспрэчыць, зьвяртаецца да адваката. У Віцебскай вобласьці разавая паслуга каштуе 150 тысяч, а ў Менску – усе 300: і яшчэ невядома, хто выйграе – дык каму патрэбна такая “дапамога”?

На мой погляд, неабходна ня проста тэрміновая, а – экстранная рэформа і судавытворчасьці, і наагул праваахоўных органаў. Ці то камітэту Дзяржбясьпекі, ці органаў міліцыі…

І чым хутчэй тое адбудзецца, тым болей карысьці і лепей для самой жа дзяржавы.

Бо хоць суды на паперы ў нас незалежныя, аднак на справе такімі яны зусім не зьяўляюцца – як было тэлефоннае права, так яно і застаецца. Ды й міліцыянты часта дзейнічаюць не па закону, а так, як скажуць “зьверху”. Ну і адпаведна ўсе астатнія праваахоўныяорганы.

Таму чым хутчэй пройдзе рэформа, тым лепей будзе і для грамадзтва. Ідля дзяржавы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG