Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь скасуе сьмяротнае пакараньне?


Рада Эўразьвязу на 6 месяцаў прыпыніла візавыя санкцыі для беларускіх чыноўнікаў. З 41 чалавека, якія значыліся ў ранейшым сьпісе неўязных, засталіся толькі пяцёра. Як гэтае рашэньне можа паўплываць на палітыку беларускіх уладаў?

Палітоляг, доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш прагназуе, што з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі паступова зьнікнуць найбольш адыёзныя асобы, якія скампрамэтавалі сябе. У якасьці прыкладу ён назваў “Свабодзе” выдаленьне са складу Рады Бясьпекі Віктара Шэймана і Генадзя Нявыгласа:

“Бачна ўстаноўка фармаваць атачэньне вышэйшай улады з асобаў, якія, па-першае, маладзейшыя, па-другое, больш дынамічныя, па-трэцяе, здольныя больш рашуча і эфэктыўна супрацоўнічаць у кірунку руху Беларусі на Захад.

Рэсурс асобаў, якія, здаецца, маглі б яшчэ папрацаваць, у сучасных умовах ня тое што выпрацаваны. Ён проста цяпер ня надта патрэбны, а, можа, у чымсьці нават і шкодны для новай палітычнай лініі, якую выпрацоўвае і ажыцьцяўляе беларуская ўлада”.

***

Аляксандар Лукашэнка можа ўзначаліць беларускую дэлегацыю, якая накіруецца на Інвэстыцыйны форум у Лёндан. Гаворка пра гэта пачалася пасьля адмены візавых абмежаваньняў для кіраўніка беларускай дзяржавы. Зьявілася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што Міністэрства замежных спраў нібыта атрымала загад рыхтаваць візыт у Вялікую Брытанію менавіта Аляксандра Лукашэнкі.

Каб спраўдзіць гэтую інфармацыю, карэспандэнт “Свабоды” зьвярнуўся ў МЗС. Там адказалі, што прэсавая служба гэтую інфармацыю не камэнтуе.

Лёнданскі інвэстыцыйны форум пройдзе 18 лістапада. Беларуская дэлегацыя на ім мае прэзэнтаваць бізнэс-супольнасьці інвэстыцыйныя магчымасьці Беларусі, усталяваць непасрэдныя кантакты паміж замежнымі інвэстарамі й беларускімі прадпрыемствамі ды банкамі. Раней паведамлялася, што беларускую дэлегацыю на форуме ўзначаліць прэм’ер Сяргей Сідорскі.

***

Палітоляг, кіраўнік Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў прагназуе, што афіцыйны Менск хутка аб’явіць пра ўвядзеньне мараторыю на сьмяротныя пакараньні. Сваю думку ён абгрунтоўвае так:

“Я думаю, што на працягу гэтага паўгоду, на які прыпыненыя візавыя санкцыі, афіцыйны Менск паспрабуе прадэманстраваць як бы сваё жаданьне на далейшую нармалізацыю стасункаў з Захадам.

Думаю, што можна чакаць нейкага вельмі спэктакулярнага кроку, які дэ-факта ня будзе азначаць для афіцыйнага Менску нейкіх значных унутрыпалітычных зьменаў. Але ён будзе дастаткова добра прыняты Захадам. І калі прагназаваць, дык з усіх тых крокаў, пра якія гаворыцца ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, самым простым было б увядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG