Прадстаўнікі францускага старшынёўства Эўразьвязу падкрэсьлілі, што гэта павінна паспрыяць дэмакратызацыі ў Беларусі.
Санкцыі не здымаюцца з асобаў, якія падазраюцца ў дачыненьні да зьнікненьня апанэнтаў рэжыму.
Прыпыненьне санкцыяў датычыцца і А.Лукашэнкі. “Ён можа падарожнічаць”, – зазначыў адзін з эўрапейскіх дыпляматаў у Люксэмбургу.
Эўразьвяз пакідае за сабою права аднавіць санкцыі ў поўным аб'ёме, калі сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршыцца.
Тым часам фінансавыя санкцыі Эўразьвязу супраць А.Лукашэнкі і іншых высокапастаўленых прадстаўнікоў афіцыйнага Менску застаюцца ў сіле. У 2006 годзе Эўразьвяз пастанавіў замарозіць рахункі і маёмасьць А.Лукашэнкі і некалькіх дзясяткаў чыноўнікаў зь ягонага атачэньня на тэрыторыі ўсіх краінаў Эўразьвязу.
"Беларускі народ стаіць перад гістарычным выбарам: рухацца ў кірунку дэмакратыі і незалежнасьці альбо ў кірунку палітычнай стагнацыі", – зазначыла Бэніта Фэрэра-Вальднэр пасьля сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым.