Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто каго ўцягвае ў гульню пад назвай “дыялёг”?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 10 кастрычніка.


Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па беларускім пытаньні. Чаму, нягледзячы на недэмакратычныя выбары, Захад працягвае рабіць крокі насустрач Беларусі? Ці ўдасца яму падштурхнуць афіцыйны Менск да дэмакратызацыі? Чаму дзеяньні Эўразьвязу выклікалі рознагалосьсі сярод дэмакратычных сілаў Беларусі?


Удзельнікі: старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў зь Менску і экспэрт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі з Варшавы.

Чаму Захад робіць крокі насустрач Беларусі?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “І беларускія, і заходнія палітыкі ды экспэрты разглядалі выбары ў Палату прадстаўнікоў як галоўны чыньнік, тэст, пункт адліку далейшых дачыненьняў Беларусі і Захаду. Таму зразумела, што асноўным пытаньнем усіх палітычных дыскусій падчас выбарчай кампаніі была дылема: прызнае ці не прызнае АБСЭ беларускія выбары.

І вось выбары прайшлі. Місія назіральнікаў АБСЭ ацаніла іх як недэмакратычныя, неадпаведныя эўрапейскім стандартам. Звычайна раней пасьля такіх выбараў Захад ужываў жорсткі тон да афіцыйнага Менску і ўводзіў новыя санкцыі.

А цяпер усё наадварот. У адказ на недэмакратычныя выбары Эўрапарлямэнт галасуе за частковую адмену санкцый. Захад робіць новыя крокі насустрач. Я маю на ўвазе візыт у Менск дзейнага старшыні АБСЭ сп. Стуба, запрашэньне міністра замежных спраў Беларусі Мартынава ў Брусэль на паседжаньне міністраў замежных спраў краін ЭЗ. Як гэта ўсё можна патлумачыць? Чаму паламалася звычайная лёгіка, альгарытм дачыненьняў Беларусі і ЭЗ?”

Ігар Лялькоў: “Тут навідавоку зьмена стратэгіі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі. Эўразьвяз разьлічвае не на кароткатэрміновыя вынікі, а на доўгатэрміновы трэнд.

ЭЗ імкнецца ўплываць на працэсы ў Беларусі. Рабіць гэта наўпрост ён ня можа. Уплываць на Беларусь з дапамогаю апазыцыі, як паказаў дзесяцігадовы досьвед, не атрымліваецца, бо сама апазыцыя мала на што ўплывае ў краіне. Таму, каб рэальна ўплываць на Беларусь, застаецца падтрымліваць кантакт з адзіным цэнтрам уплыву ў краіне — зь беларускімі ўладамі.

Па-трэцяе, Захад імкнецца падтрымаць пазыцыі празаходняй групоўкі ва ўладзе. Бо калі б пасьля выбараў Захад заняў звычайную жорсткую пазыцыю, то ўплыў гэтай празаходняй групы зьменшыўся б”.

Чаму нельга ізаляваць беларускае кіраўніцтва

Войцех Бародзіч-Смалінскі
Войцех Бародзіч-Смалінскі: “Дадаў бы да тых прычын, якія назваў сп. Лялькоў, яшчэ чыньнік інтэрвэнцыі Расеі ў Грузіі. Захад палічыў, што цяпер Масква можа зрабіць жорсткія крокі, каб прымусіць Беларусь увайсьці ў склад Расеі. Каб гэта прадухіліць, нельга далей ізаляваць беларускае кіраўніцтва.

Тым больш, што і Менск зрабіў крокі насустрач. Былі вызваленыя палітвязьні. Хоць выбары былі недэмакратычныя, але ў некаторых момантах яны былі свабаднейшымі, чым папярэднія парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары.

Усе гэтыя чыньнікі падвялі ЭЗ да высновы, што зь беларускім кіраўніцтвам трэба неяк размаўляць. Бо апазыцыя, хоць яна і адзіны дэмакратычны партнэр у Беларусі, але яна слабая, не карыстаецца вялікай падтрымкай грамадзтва. Да таго ж трэба неяк спрыяць паляпшэньню жыцьця шараговых беларусаў. А гэтага немагчыма зрабіць без кантактаў зь беларускім кіраўніцтвам”.

Ці пойдзе Менск насустрач патрабаваньням Захаду?

Ігар Лялькоў
Карбалевіч: “У пэўным сэнсе кіраўніцтву Беларусі ўдалося ўцягнуць ЭЗ і ўвогуле Захад у гульню пад назвай “дыялёг”. Калі зробленыя пэўныя хады, выскачыць зь яе ня так лёгка. Гэтым і тлумачацца крокі Захаду.

Але ж усялякая гульня патрабуе ад усіх гульцоў рабіць хады паводле пэўных правілаў. Таму, можа, варта чакаць пэўных хадоў і з боку Беларусі насустрач патрабаваньням Захаду. Вось у рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ёсьць заклікі да беларускіх уладаў — дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства, адмяніць рэпрэсіўныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, сьмяротнае пакараньне, перашкоды для рэгістрацыі грамадзкіх арганізацый, вярнуць у Менск ЭГУ і інш. Ці рэалістычна чакаць іх рэалізацыі? Выбары паказалі, што беларускія ўлады ў пляне ўнутрыпалітычным нічым ахвяраваць не зьбіраюцца. Ці ўдасца Захаду ўцягнуць афіцыйны Менск у сур’ёзны дыялёг з наступствамі ўнутрыпалітычнай дэмакратызацыі?”

Лялькоў: “Я б ня стаў катэгарычна сьцьвярджаць, што беларускія ўлады зусім нічым не ахвяравалі. Усё ж такі палітвязьні былі вызваленыя, палітычная атмасфэра на гэтых выбарах адрозьнівалася ў лепшы бок.

Ня думаю, што беларускі бок выканае ўсе патрабаваньні ЭЗ, якія ўтрымліваюцца ў гэтай рэзалюцыі. Але 1—3 пункты могуць быць выкананы дзеля дэманстрацыі дыялёгу. Так, найпрасьцей было б увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне”.

Да дэмакратыі — праз рынкавыя рэформы

Бародзіч-Смалінскі: “Дэмакратызацыя — вынік пэўнага працэсу. Напрыклад, цяпер у Беларусі пачынаецца працэс прыватызацыі. Багатыя людзі, прадстаўнікі намэнклятуры захочуць стаць уласьнікамі прадпрыемстваў. Праз пэўны час новыя ўласьнікі захочуць, каб іх уласнасьць была гарантаваная не Лукашэнкам, а законам. Яны захочуць, каб законы больш адпавядалі эўрапейскім стандартам.

Другі момант. Шмат эўрапейскіх палітыкаў і бізнэсоўцаў глядзяць на Беларусь не як на краіну, куды не дайшла дэмакратыя, а як на краіну зь невялікім, але пэрспэктыўным рынкам, дзе можна зарабляць грошы. Таму гэтая стратэгія ЭЗ арыентаваная, акрамя ўсяго, яшчэ і на тое, каб аблегчыць эўрапейскім прадпрымальнікам інвэставаньне ў Беларусь. Усё гэта дапаможа працэсу дэмакратызацыі. Але гэта адбудзецца не за 1—2 гады, а, магчыма, за 10 гадоў”.

Лялькоў: “Ня думаю, што можна казаць пра дэмакратызацыю. Слушней казаць пра лібэралізацыю. Сапраўды, Захад найбольш цікавяць лібэральныя правілы гульні для інвэстараў. І гэта ў пэрспэктыве будзе ўплываць на ўнутрыпалітычныя працэсы”.

Карбалевіч: “На жаль, досьвед Расеі паказвае, што рынкавыя рэформы, прыход заходняга капіталу прывялі не да дэмакратыі, а да аўтарытарызму. Таму такой наўпроставай сувязі, аўтаматызму паміж рынкавымі рэформамі і дэмакратыяй не існуе”.

Як апазыцыя ставіцца да дыялёгу афіцыйнага Менску з ЭЗ?

Карбалевіч: “Крокі Захаду выклікалі рознагалосьсі сярод дэмакратычных сілаў Беларусі. Напрыклад, калі Аляксандр Мілінкевіч станоўча ацэньвае дзеяньні ЭЗ, то Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч крытыкуюць і перасьцерагаюць эўрапейскіх палітыкаў. Яны баяцца, што жэсты насустрач Лукашэнку могуць быць расцэнены ім як карт-блянш на новыя рэпрэсіі супраць апанэнтаў”.

Лялькоў: “Апошнія падзеі выявілі ў дэмакратычных сілах плыні з рознай стратэгіяй. Адна плынь, “рэвалюцыйная”, артыкулюецца сп. Саньнікавым і Івашкевічам. Яна базуецца на ранейшай стратэгіі рэзкага разьмежаваньня з уладамі, разьліку на масавыя акцыі пратэсту, у выніку чаго адбудзецца зьмена рэжыму.

Другая плынь — “эвалюцыйная”. Яна найбольш прадстаўленая рухам “За свабоду” на чале зь Мілінкевічам і арыентаваная на паступовы працэс дэмакратызацыі празь лібэралізацыю.

Бародзіч-Смалінскі: “Новая стратэгія ЭЗ у дачыненьні да Беларусі павялічвае разыходжаньні ўнутры апазыцыі. На маю думку, цяпер немагчыма выцягнуць людзей на вуліцу дзеля пратэсту. Гэта пацьвярджае малаколькасная акцыя апазыцыі вечарам у дзень галасаваньня.

Таму больш пэрспэктыўная эвалюцыйная стратэгія. Але гэтая сытуацыя можа прывесьці да новай канфігурацыі беларускай апазыцыі”.

Карбалевіч: “Такім чынам, у дачыненьнях Беларусі і Захаду сытуацыя зрушыла зь мёртвай кропкі, пачаўся пэўны працэс. Але да чаго ён прывядзе, хто больш выйграе ад гэтага дыялёгу — рэжым Лукашэнкі, беларуская дэмакратыя, нацыянальныя інтарэсы Беларусі — пакуль застаецца пад пытаньнем”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG