Дракахруст: Мы ўжо чулі з рэпартажу Ўладзіміра Глода, што сёлета 26 % выбаршчыкаў удзельнічалі ў датэрміновым галасаваньні. На папярэдніх парлямэнцкіх выбарах гэта было 17 %, а на прэзыдэнцкіх за 30 %. Як вы бы маглі патлумачыць вось гэтую лічбу - 26, паміж 17 і 30?
Сіліцкі: Ведаеце – гэта ня два і ня тры адсоткі, якія ўласьцівыя для натуральнага ходу галасаваньня, калі галасаваньне сапраўды свабоднае і няма ніякага ціску на выбаршчыкаў. Як было ў Беларусі ў 1994-95 годзе, калі дзяржава не арганізоўвала датэрміновае галасаваньне. А 26 і 32 - ведаеце, казаць, што ёсьць нейкі прагрэс таму, што на 6 % зьнізіўся працэнт датэрміновага галасаваньня - таксама не вымагае. Проста гэта азначае, што больш-меньш практыка засталася тая ж самая.
Дракахруст: Віталь, і сёньня, і на працягу ўсёй кампаніі адной з галоўных тэмаў было прызнаюць - не прызнаюць выбары. Лукашэнка сёньня сказаў: "Складана будзе камусьці не прызнаць". Анатоль Лябедзька сказаў, што апазыцыя не прызнае. Вось мы чулі спадарыню Сьвяцкую, якая кажа што не прызнае Захад, а спадар Казулін учора сказаў, што Захад верагодна выбары не прызнае, але ўхваліць шэраг момантаў і гэта дасьць магчымасьць паляпшэньня адносінаў зь Беларусьсю. Дык як яно будзе? На чым, як кажуць, сэрца супакоіцца?
Сіліцкі: Я цалкам згодны са спадаром Казуліным, усё да гэтага ідзе, што будзе менавіта гэта фармулёўка. З аднаго боку, з боку Захаду, ёсьць пэўна палітычная замова на нармалізацыю адносінаў з афіцыйным Менскам. Зь іншага боку ўсё ж такі гэта яшчэ не дайшло да таго, што ў Беларусі будуць заплюшчваць вочы, як скажам у Азербайджане з-за нафта-газавых спраў. Таму будзе абраны шлях пошуку нейкага мінімальнага адзінага дэнамінатара, каб знайсьці нейкую глебу для далейшага дыялёгу. І гэта можа быць менавіта такая абцякальная фармулёўка, што выбары недэмакратычныя, але прагрэс ёсьць. І ўлада ў пэўным сэнсе на гэта папрацавала, асабліва зрабіўшы добрую карцінку для замежных назіральнікаў, хаця канешне яны не тупыя і цудоўна бачаць, што ёсьць агітацыйныя матэрыялы ў гатэлях і іх няма на вуліцах, цудоўна разьбіраюцца зараз у датэрміновым галасаваньні, ва ўсіх іншых аспэктах, але ж ведаеце, тут ёсьць і геапалітычныя чыньнікі, і ёсьць проста стомленасьць ад Беларусі. І таму проста тыя ж самыя людзі ў тых жа самых умовах зараз зараджаны на пошук кампрамісу і на пошук нейкіх, хоць нейкіх, мінімальных варункаў для дыялёгу.
Дракахруст: Віталь, вось таксама Лукашэнка сёньня на выбарчым участку заявіў: "Жыцьцё цяперашняй апазыцыі нядоўгавечнае, ёй засталося літаральна можа быць некалькі месяцаў ці гадоў". А якімі вам бачацца пэрспэктывы апазыцыі пасьля гэтых выбараў.
Сіліцкі: Нічыё жыцьцё не даўгавечнае і палітычнае жыцьцё - нават Туркмэнбашы ня быў даўгавечны, хоць і быў пажыцьцёвым прэзыдэнтам. Але для апазыцыі зараз выклік - выклік той, што зараз мяняюцца варункі, зараз няма ўжо той сытуацыі, што іх проста ўспрымаюць як пэрманэнтных ахвяраў у барацьбе з рэжымам. Я памятую, калісьці Паша Севярынец, мой добры прыяцель, неяк у сэрцах кінуў апазыцыі: "Вы выбірайце паміж сабой - вы змагары ці вы ахвяры?" І тут сапраўды трэба зрабіць гэты выбар, бо мне здаецца, што апазыцыя спасавала акурат у тых варунках, калі палітычны клімат у краіне трошкі палепшыўся. Трошкі, не кардынальна, не спыніліся рэпрэсіі, не зьмяніліся варункі выбараў, але трошкі адбылося штосьці і тут першае, што адбылося - гэта поўны шухер наконт таго, што будзе зараз з Захадам. І тут высьвятляецца, што апазыцыя ў асноўным зьнешнепалітычны гулец, а ня ўнутраны. Я тут не кажу пра шэраг вельмі актыўных і вельмі здатных маладых людзей, ня толькі маладых, якія спрабуюць выціснуць з гэтых выбараў апошняе. Гэта ёсьць, гэта кампанія таксама паказала, але ў цэлым крызыс жанру. Зараз сытуацыя, калі Захад можа быць ня столькі прынцыповы, колкі прагматычны. Яно новае для апазыцыі і тут трэба ўжо пачынаць гуляць у іншую гульню.