Многія лісты, якія мы атрымліваем ад нашых слухачоў у гэтыя верасьнёўскія дні, — на тэму выбараў. Асноўны дзень галасаваньня — у наступную нядзелю, 28 верасьня, але выбарчыя ўчасткі па даўняй беларускай завядзёнцы адчыненыя ўжо з аўторка, і ўлада ўсяляк заахвочвае грамадзянаў галасаваць датэрмінова.
Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на тэму байкоту выбараў, які даслаў Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава. Слухач піша:
“Ці не зашмат увагі аддае Радыё Свабода гаварыльні пра так званыя “выбары”? Даўно ж вядома, што выбары ў нас — безь ніякага выбару. І колькі можна сумнявацца, ці варта байкатаваць галасаваньне? Гэта пачынае дзейнічаць на нэрвы. Узяць хаця б апазыцыю пад кіраўніцтвам Вячоркі, які спачатку вырашыў удзельнічаць, а потым — здымаць кандыдатуры сваіх прадстаўнікоў. Праўда, адумаліся яны ў асноўным пасьля таго, як многія ня трапілі ў сьпіс кандыдатаў.
І ўсё ж падобна да таго, што ў рэшце рэшт апазыцыянэры пачалі прыслухоўвацца да слоў Пазьняка пра байкот. Той, хто ідзе на выбарчы ўчастак — хаўрусьнік рэжыму (ведае ён пра гэта ці не).
Міжнародныя назіральнікі змогуць нам дапамагчы толькі тады, калі зафіксуюць паўпустыя выбарчыя ўчасткі. Фальсыфікацыя будзе, як кажуць, на паверхні. Няхай тады ўлада хваліцца, што галасаваць прыйшлі 70 ці 80 працэнтаў.
У адваротным жа выпадку (калі людзі прыйдуць) не дапаможа ніякае назіраньне, бо машына фальшаваньняў у Беларусі адладжана дасканала”, —
— гэтак лічыць Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава.
Сапраўды, спадар Міцкевіч, размоў пра байкот выбараў было сярод беларускай апазыцыі на працягу апошняга часу нямала. Але скончылася ўсё тым, што ў мінулую нядзелю кіраўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў на сваёй выніковай нарадзе ад гэтай ідэі фактычна адмовіліся. Вырашылі засяродзіцца галоўным чынам на кантролі за падлікам галасоў і на падрыхтоўцы акцыі пратэсту, якая мае адбыцца ў Менску ўвечары 28 верасьня.
Наш слухач Іван Кажэўны з пасёлку Грабянёва Магілёўскага раёну даслаў на “Свабоду” запрашэньне ад участковай выбарчай камісіі з прапановай галасаваць датэрмінова. Спадар Кажэўны зьвяртае асаблівую ўвагу на тое, што дзеля таго, каб прагаласаваць, не абавязкова мець пры сабе пашпарт — дастаткова пасьведчаньня асобы. Слухач з гэтай нагоды піша:
“Цікава, што за пасьведчаньне маюць на ўвазе тыя, хто даслаў запрашэньне? Можа, мне ўзяць у суседа пасьведчаньне стропальшчыка і прыйсьці галасаваць зь ім? Дарэчы, падобным чынам і робіцца ў Беларусі на ўсіх выбарах.
Я лічу, што пашпарт ніякі іншы дакумэнт замяніць ня можа. Паспрабуйце атрымаць пэнсію, прад’явіўшы ня пашпарт, а нейкае пасьведчаньне.
Чаму ж на выбарах, дзе вырашаецца галоўнае для дзяржавы пытаньне — каму даверыць уладу — дастаткова любой паперкі? Няўжо ўлада лічыць нас за дурняў? А можа, гэта звычайнае жульніцтва, якое толькі пацьвярджае нелегітымнасьць абраных такім чынам так званых “дэпутатаў”?”—
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Іван Кажэўны з пасёлку Грабянёва Магілёўскага раёну.
Адметна, спадар Кажэўны, што на гэтую ж асаблівасьць беларускай выбарчай кампаніі зьвярнулі ўвагу ў сваёй апошняй справаздачы назіральнікі зь місіі АБСЭ. У Беларусі не існуе цэнтралізаванага зводнага сьпісу выбарцаў, няма ўліку ні на агульнанацыянальным, ні на акруговым роўні. А гэта азначае, што выбаршчык, выкарыстоўваючы тузін розных пасьведчаньняў, можа шмат разоў прагаласаваць на розных участках.
Анатоль Жэрдзеў з Гомеля зьвяртае ўвагу на стан беларускай сыстэмы аховы здароўя, на тое, што ў шмат якіх раёнах скарачаюцца выдаткі на мэдыцыну, зачыняюцца шпіталі і амбуляторыі, людзям даводзіцца ехаць за дзесяткі кілямэтраў, каб трапіць на прыём да лекара. Слухач піша:
“Наша краіна, і без таго небагатая, дазваляе сабе калясальныя выдаткі на абарону (ад каго?), на АМОН, міліцыю. Вайсковыя і міліцэйскія падразьдзяленьні вывозяць на практыку і на манэўры за мяжу, марнуючы на гэты мільёны даляраў. А вось на тое, каб накіраваць на практыку ў лепшыя клінікі сьвету маладых дактароў, грошай няма і не прадбачыцца. Пры такім падыходзе нашу мэдыцыну чакае дэградацыя. Ужо сёньня я чую ад знаёмых дактароў, што яны ня хочуць накіроўваць сваіх дзяцей ва ўнівэрсытэты. Лепш ужо ісьці ў АМОН: і вучыцца асабліва ня трэба, і заробак вышэйшы, і на пэнсію рана. А пацярпець ад бандыта лекар можа нават больш, чым амонавец. Вось нядаўна ў Гомелі бандыт параніў нажом лекара паліклінікі. Часам чалавекападобныя істоты зь перапою ня хочуць ісьці на працу і нахабна патрабуюць у паліклініцы бальнічны ліст. Зусім нядаўна я выпадкова быў сьведкам такой размовы. У адказ на пагрозы п’янтоса давялося ўмяшацца і мне. Што цікава: міліцыі хапае на тое, каб ахоўваць чыноўнікаў, лавіць і дыскрэдытаваць апазыцыю. А вось на ахову лекараў яе няма.
Дэградацыя мэдыцыны, калі яна і далей будзе працягвацца, пацягне за сабой выміраньне народа. І бюджэтныя сродкі, адабраныя ў мэдыцыны на так званую абарону, толькі пагоршаць сытуацыю. Пры такой палітыцы мы вымрэм без усялякай вайны”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Анатоль Жэрдзеў з Гомеля.
Аляксандар Лукашэнка ў адказ на падобныя папрокі неяк адказаў, што шукаць здароўя трэба не ў паліклініках і шпіталях, а на стадыёнах і спартыўных пляцоўках. Гэтая ягоная рэпліка ў Беларусі стала дзяржаўнай палітыкай: сотні мільёнаў даляраў накіроўваюцца на будоўлю лядовых палацаў, спартыўных арэн, на фінансаваньне прафэсійнага спорту. У той жа час сярэднія заробкі мэдработнікаў у разы ніжэйшыя, чым у чорнарабочых на будоўлі.
Магчыма, ёсьць рацыя ў тым, што здароўе трэба шукаць на катку з клюшкай у руках. Але зайдзіце ў звычайную паліклініку, пастойце ў шматгадзіннай чарзе старых, хворых, нямоглых людзей і паспрабуйце пераканаць іх у тым, што ў іхных жа інтарэсах накіроўваць дзяржаўныя грошы не на ахову здароўя, а на пабудову чарговага лядовага палаца ў чарговым райцэнтры Магілёўскай вобласьці.
Аляксандар Лапіцкі зь Менску выказваецца наконт стаўленьня беларускай улады да расейска-грузінскага збройнага канфлікту. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:
“У Сочы падчас сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Мядзьведзевым Аляксандар Лукашэнка не падтрымаў Расею і сваю Саюзную дзяржаву. Ён сказаў, што Расея ўмее ваяваць — і толькі. А гэтага замала. Вось я як ахвяра палітычных рэпрэсіяў патрабую ад прэзыдэнта Лукашэнкі прызнаць незалежнасьць абхазаў і паўднёвых асэтынаў.
Замест таго каб стаць поруч з Масквой, беларускі прэзыдэнт пачаў хітраваць, падлашчвацца да Захаду. Напэўна, спадзяецца, што гэтак яму і ягоным чыноўнікам удасца пазьбегнуць Міжнароднага суду. Асабіста я лічу такія паводзіны амаральнымі”, —
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Аляксандар Лапіцкі зь Менску.
Удакладню, спадар Лапіцкі, што падчас сочынскай сустрэчы з прэзыдэнтам Мядзьведзевым, якая адбылася адразу пасьля кароткай расейска-грузінскай вайны, Аляксандар Лукашэнка падтрымаў дзеяньні Расеі на Каўказе, назваў іх “спакойнымі, мудрымі і прыгожымі”.
Што да незалежнасьці гэтых сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі, то нагадаю: яе не прызнала ня толькі ніводная эўрапейская краіна, але нават ніводная з партнэрак Расеі па Садружнасьці Незалежных Дзяржаў.
Аўтар наступнага ліста — былы настаўнік Міхаіл Кузьмянкоў з Магілёва.Страціўшы працу, ён ужо чатыры гады спрабуе давесьці, што звальненьне было незаконным. Хаджэньні па судах і чыноўніцкіх кабінэтах схілілі спадара Кузьмянкова да наступных высноў пра цяперашнюю бюракратычную сыстэму, якая існуе ў Беларусі. Слухач піша:
“Махінацыі і махлярства, тэлефоннае права ды кругавая парука сталі рухальнымі сіламі ў працы намэнклятурнага чыноўніка. Тое, што не ахоўваюцца законныя правы грамадзянаў — гэта мякка сказана. Закон парушаюць усюды — нават там, дзе павінны сачыць за ягоным выкананьнем.
У выніку і я, і мае дзеці (а іх у мяне трое) ужо на працягу чатырох гадоў цярпім пакуты і нястачу праз тое, што мяне незаконна звольнілі са школы.
А судзьдзя пасьля майго звароту ў Адміністрацыю прэзыдэнта распачынае крымінальную справу — нібы я ўхіляюся ад выплаты алімэнтаў. Я ж плачу іх рэгулярна, штомесяц. Запазычанасьць утварылася за той час, што я стаяў на ўліку ў Цэнтры занятасьці і за ўласны кошт вучыўся па спэцыяльнасьці “Правазнаўства”, —
— паведаміў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Кузьмянкоў з Магілёва.
У нашай пошце вельмі шмат падобных лістоў, аўтары якіх, страціўшы працу, гадамі безвынікова спрабуюць аспрэчыць сваё звальненьне. Суды, як правіла, становяцца на бок адміністрацыі, працадаўцы. Створаная ў Беларусі кантрактная сыстэма найманьня пакідае звольненаму работніку вельмі мала шанцаў у такіх спрэчках.
А незалежных прафсаюзаў, якія б адважыліся пярэчыць адміністрацыі, адстойваць правы найманых работнікаў, няма амаль нідзе. Прынамсі, гаварыць пра незалежныя прафсаюзы ў школе ўвогуле не выпадае.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by