З аднаго боку, ёсьць разуменьне таго, што датэрміновае галасаваньне неабходнае, таму што патрэбна даць магчымасьць выказаць сваю волю людзям, якія ня змогуць прыйсьці 28-га верасьня да выбарчых скрынак. З другога боку, пры той сыстэме датэрміновага галасаваньня, якая існуе ў Беларусі ёсьць шырокія магчымасьці маніпуляваць галасамі выбарнікаў. Існуе мноства прыкладаў, калі на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах калгасьнікаў звазілі галасаваць на машынах, прымушалі раней часу галасаваць студэнтаў, навучэнцаў каледжаў і тэхнікумаў. Мабыць таму апазыцыйныя палітыкі прапаноўвалі скараціць тэрмін папярэдняга галасаваньня хаця б да трох дзён, а то і наагул яго адмяніць. Стаўленьне да гэтых прапановаў сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка:
“Апазыцыя ў дадзеным выпадку, мабыць, думае не пра выбарнікаў, а пра сябе любімых. У бальшыні дэмакратычных краінаў датэрміновае галасаваньне праходзіць цягам двух-трох тыдняў. У ЗША, напрыклад, цягам паўтара-двух месяцаў. І тут трэба сказаць, што апошняя місія АБСЭ, якая назірала ў Амэрыцы, рэкамэндавала пашырыць практыку датэрміновага галасаваньня. Ну, а ў нас апазыцыя найперш думае пра сябе, а не пра выбарнікаў. І не пра тое, каб пашырыць правы і ўдзел грамадзян у выбарчым працэсе”.
У 1994 годзе, калі абіралі першага прэзыдэнта Беларусі, таксама ўжывалася датэрміновае галасаваньне. Але тады, каб прагаласаваць раней, неабходна было абавязкова прадставіць дакумэнты, якія б пацьвярджалі, што дадзены грамадзянін мае для гэтага сур’ёзныя падставы. Потым гэта правіла адмянілі. І колькасьць удзельнікаў датэрміновага галасаваньня пачала нязьменна расьці, аж да 20-30% агульнай колькасьці тых, хто галасуе. Адсюль і расьце недавер да датэрміновага галасаваньня,-- адзначае юрыст, знаўца выбарчага заканадаўства Міхаіл Пліска:
“З майго пункту гледжаньня нэгатыўнае стаўленьне да датэрміновага галасаваньня не таму, што аспрэчваецца сам факт яго існаваньня. Справа ў тым, што няма даверу да фармаваньня выбарчых камісіяў. У дні датэрміновага галасаваньня не забясьпечваецца кантроль над галасаваньнем і захоўваньнем выбарчых скрынак. Таму так нэгатыўна і ставяцца да датэрміновага галасаваньня.
А насамрэч датэрміновае галасаваньне існуе. Але існуе галасаваньнем не на выбарчых участках (то бок, няма такіх выбарчых участкаў, куды чалавек мог бы прыйсьці цягам пяці дзён і прагаласаваць), а па пошце галасуюць”.
У некаторых краінах ужо галасуюць і праз інтэрнэт. І там гэта нікога не хвалюе, бо ўсе ўпэўненыя, што махінацыяў зь іх галасамі ня будзе. Да таго ж, гэта і значна таньней. І вось той жа Міхаіл Пліска адзначае, што зьвяртаўся з такімі прапановамі да старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, паколькі яна часта кажа, што трэба быць ашчаднымі і эканоміць дзяржаўныя грошы:
“На існаваньне камісіяў на выбарчых участках траціцца шмат грошай. Трымаць цягам пяці дзён, плаціць за памяшканьне, ствараць нязручнасьці... Калі б камісіі фармаваліся на партыйнай аснове альбо з абавязковым удзелам апазыцыі, то, я думаю. не ўзьнікалі б такія пытаньні да датэрміновага галасаваньня. Альбо, каб захоўвалася ахова і была б упэўненасьць, што ніхто нічога там ня можа зрабіць”.