Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У барысаўскага “карліка” ёсьць шанец стаць гігантам


Сёньня ў 21.45 паводле менскага часу галоўная сэнсацыя эўрапейскага футболу – барысаўскі клюб БАТЭ – стартуе ў групавым турніры Лігі чэмпіёнаў. Дэбют больш чым “негуманны” – ужо ў першым матчы барысаўцам давядзецца процістаяць у Мадрыдзе аднаму з грандаў усясьветнага футболу, гішпанскаму каралеўскаму клюбу “Рэал”.

Барысаўскі БАТЭ, на якога спэцыялісты аб'ектыўна ня робяць вялікіх ставак, усё ж дадаў вясёлых колераў сёлетняй Лізе чэмпіёнаў. Ніколі яшчэ ў самы прэстыжны эўракубкавы турнір не трапляў так званы “футбольны карлік” зь пятага дзясятка клюбнага рэйтынг-ліста УЭФА. Зноў жа, ніколі дагэтуль да групавой стадыі на даходзіла каманда, якая пачынала шлях у найслабейшым з магчымых кошыкаў лёсаваньня. Апроч таго, па эўрапейскіх мерках БАТЭ – “каманда-жабрак”: агульны трансфэрны кошт гульцоў меншы, чым кошт самых танных футбалістаў заходнеэўрапейскіх першынстваў. У агульных лічбах барысаўскія гульцы каштуюць 5 мільёнаў эўра (пры гэтым на 1 мільён эўра цягне Ігар Стасевіч). Да прыкладу, футбалісты сёньняшняга суперніка з мадрыдзкага “Рэалу” каштуюць агулам 354 мільёны эўра.

На што спадзявацца беларусам у Лізе чэмпіёнаў? У нядаўнім адзін з самых вядомых беларускіх футбалістаў Аляксандар Хацкевіч выступаў у Лізе чэмпіёнаў у складзе кіеўскага “Дынама”. Пра ўзровень эўрапейскага футболу ведае з уласнага досьведу. Пры гэтым лічыць, што мінімальны ачковы багаж БАТЭ атрымаць можа:

“Для “Рэалу” БАТЭ – увогуле невядома што за супернік. Гэта не азначае, што будзе нейкае неадэкватнае стаўленьне, але ўсё ж гэта старт Лігі чэмпіёнаў, цяжка будзе. Плюс у БАТЭ не згуляюць два асноўныя форварды. Таму натуральна, што будзе складана. Хоць што да “Рэалу”, то зь імі лягчэй гуляць, чым з італьянцамі ці тымі ж расейцамі потым будзе. Бо гішпанцы гуляюць самі і іншым даюць: апошнія гульні паказалі, што ня ўсё так гладка ў абароне. У суботу прапусьцілі тры мячы ўвогуле ад незразумелай каманды, да гэтага таксама два галы атрымалі. Але наперадзе ў іх, вядома, высокаклясныя выканаўцы і ўзровень майстэрства ў сукупнасьці вышэйшы, чым узровень майстэрства гульцоў БАТЭ. Але часам жаданьне і самааддача таксама шмат вырашаюць, і выйграюцца матчы ня толькі коштам майстэрства, але ў першую чаргу за кошт характару”.

Пасьля таго, як на шляху да групавой фазы Лігі чэмпіёнаў БАТЭ мэтадычна разабраўся з ня самымі слабымі супернікамі, да беларусаў пачалі ставіцца з павагай і зьдзіўленьнем. Хіба што аднойчы давялося панэрвавацца. Кіраўніцтва баўгарскага “Леўскага” напярэдадні вырашальных матчаў за выхад у групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў распачало маштабную кампанію дыскрэдытацыі як беларускага футболу, так і Беларусі ўвогуле. Было растыражаванае выказваньне гаспадара “Леўскага” Тодара Баткава наконт “заводзкай каманды са штучна створанай краіны”, якой ня месца ў футбольнай эліце. Апроч таго, баўгарскія СМІ сьцьвярджалі: вынік матчу БАТЭ – “Андэрлехт” куплены бэльгійцамі. Праўда, УЭФА ўсялякія падазрэньні на гэты конт зьняло. Як кажа старшыня праўленьня БАТЭ Анатоль Капскі, баўгарская атака – выключэньне з правілаў, якое ня столькі шкодзіць, колькі загартоўвае:

“На ўсялякі выпадак што да заводзкай каманды. Нашая каманда не заводзкая. Яна носіць імя заводу, але тым ня меней спонсарамі клюбу зьяўляюцца многія розныя, досыць паважаныя арганізацыі з сур'ёзнымі гандлёвымі абаротамі. Мы радыя любому спонсару, а назва каманды ў нас гістарычная, бо ў Барысаве даўно была каманда БАТЭ. І сёньня нашая каманда так называецца як даніна гэтай традыцыі. У той жа час магу сказаць, што, калі мы сустракаліся зь вялікімі клюбамі, ніхто зь іх і ніколі нам такога не заяўляў. З намі гаварылі як з роўнымі – гэта і “фэйр-плэй”, і традыцыі УЭФА”.

Рэдкі выпадак, калі заўзятары гатовыя дараваць любы вынік першаму беларускаму ўдзельніку групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў – БАТЭ ўжо скочыў вышэй галавы, атрымаўшы досьвед міжнародных сустрэчаў на самым высокім узроўні. Разам з тым у барысаўцаў застаецца выдатная магчымасьць вырашыць фінансавыя праблемы як клюбу, так і гульцоў паасобку – за кожнае ачко скарбонка каманды будзе прырастаць на 300 тысяч эўра (5 мільёнаў эўра БАТЭ атрымаў за выхад у групавую частку). Але, як кажа Аляксандар Хацкевіч, у такіх турнірах грошы зь неба ня валяцца:

“Грошы ня ўсё вырашаюць. Можна плаціць вялікія грошы кожнаму і ня мець ніякай аддачы. Так што ў дадзеным выпадку грошы маюць адну ўласьцівасьць – іх трэба зарабляць. І калі хлопцы згуляюць варта, добра, то я думаю, нават параза можа быць адзначаная ў пляне матэрыяльным адпаведным чынам. Але гэта ўжо палітыка клюбу”.

Галоўным кавалём посьпехаў БАТЭ ў адзін голас называюць 31-гадовага Віктара Ганчарэнку, які валявым рашэньнем Анатоля Капскага заняў трэнэрскую пасаду пасьля пераходу ў менскае “Дынама” свайго папярэдніка Ігара Крывушэнкі. Дарэчы, выпадак Ганчарэнкі ўнікальны для Лігі чэмпіёнаў: ніколі яшчэ трэнэр узросту гульца не прыводзіў каманду да групавой стадыі самага прэстыжнага эўракубка.

30 верасьня БАТЭ давядзецца прайсьці выпрабаваньне яшчэ адным эўрапейскім аўтарытэтам – у Менск прыедзе італьянскі “Ювэнтус”. Трэці супернік БАТЭ па адборачнай групе – навасьпечаны ўладальнік Супэркубка “Зэніт” з Санкт-Пецярбургу: першы матч паміж імі адбудзецца 21 кастрычніка ў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG