Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: “Вызваленьне Казуліна — імітацыя адлігі”


Чаму палітвязьня Аляксандра Казуліна вызвалілі менавіта цяпер? Меркаваньні менчукоў.

Мужчына: “Тое, што Казуліна выпусьцілі — гэта яшчэ віламі па вадзе напісана. Гэта папулісцкі крок з боку Лукашэнкі, якому цяпер трэба набіраць галасы. Тое самае, як ягоныя паездкі з малалетнім сынам па розных мерапрыемствах, — каб займець ляяльнасьць маладых ды незамужніх жанчын. Вызваленьне Казуліна — гэта крок імітаванай адлігі. Незразумела, чым гэта працягнецца. Як выпусьцілі — гэтак могуць запусьціць туды зноў. На мой погляд, нельга казаць пра гэта канкрэтна, пакуль Казулін ня будзе знаходзіцца на тэрыторыі, куды рукі Лукашэнкі не дацягнуцца”.

Хлопец: “Чарговы нейкі фокус з боку Лукашэнкі, каб наладзіць стасункі з Эўропай і Амэрыкай, — больш у мяне няма варыянтаў. Чаму менавіта цяпер гэта зроблена? Таму што зараз гэта, можа, гэткі піяр-ход паводле парадаў лорда Бэла... Можа, ён параіў зрабіць гэта менавіта зараз, калі ўвесь сьвет назірае за разьвіцьцём сытуацыі з Расеяй, і цяпер чакаюць рэакцыяў з боку іншых краін”.

Мужчына: “Ня думаў пра гэта. Я нават не ўзгадаю, як ён выглядае. Каб вы мне не сказалі, дык я і прозьвішча ягонага не сказаў бы”.

Мужчына: “Шчыра кажучы, ня ведаю, чаму. Сутнасьцю пытаньня не асабліва цікавіўся. Але ведаю, што яго выпусьцілі”.

Карэспандэнтка: “Але вы ведаеце, хто такі Аляксандар Казулін?”

Мужчына: “Не, не магу сказаць, што дакладна ведаю”.

Кабета: “Перад выбарамі. Вядома, што набліжаюцца выбары, да нас едуць шматлікія назіральнікі. І гэта зроблена дзеля таго, каб краіна выглядала больш пазытыўна. Думаю, прычына толькі ў гэтым”.

Хлопец: “Напэўна, тэрмін заключэньня ягоны скончыўся, не? Ну, тады, можа, з-за таго, што цяпер ён на волі нікому пагражаць ня будзе...”

Жанчына: “Тут прычыны нейкія рацыянальныя. Якія менавіта – складана вызначыць, але нерацыянальна ў нас нічога на такім роўні ня робіцца. Палітычны імідж...”

Мужчына: “Ну натуральна, зьвязана гэта з атрыманьнем палітычных нейкіх дывідэндаў... З выбарамі зьвязана... А дарэчы, ці прыняў ён гэтае памілаваньне?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG