Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зэльцэр быў у ЗША выкрыты на падробцы дакумэнтаў”


Наколькі абгрунтаваныя абвінавачваньні, выстаўленыя ў Менску амэрыканскаму адвакату Эмануілу Зэльцэру? Якое дачыненьне да ягонай паездкі ў Менск мае Барыс Беразоўскі? Наколькі абгрунтаваныя прэтэнзіі кліента Зэльцэра Джозэфа Кея на спадчыну грузінскага мільярдэра Бадры Патаркацышвілі? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да вядомага расейскага палітычнага экспэрта Юліі Латынінай.

Дракахруст: Брат Эмануіла Зэльцэра Марк кажа, што арышт яго брата ў Менску – вынік інтрыгі Барыса Беразоўскага, на самалёце якога Эмануіл Зэльцэр ляцеў у Беларусь. Наколькі гэта, на ваш погляд, адпавядае рэчаіснасьці?

Латыніна: Гэта чарговы прыклад хітрамудрасьці Барыса Абрамавіча, якая нікому не патрэбная, акрамя Барыса Абрамавіча. Адвакат Зэльцэр незадоўга да паездкі ў Беларусь быў выкрыты ў амэрыканскім судзе на грубым падрабленьні дакумэнтаў. Ён для сваіх кліентаў намаляваў пячаткі і подпісы ня толькі адказчыкаў, але і тых, хто выстаўляў пазоў.

Там была нейкая фірма “Nord”. Два амэрыканскія мэнэджары адбілі яе ад расейскага ўладальніка, і, калі гэты ўладальнік падаў на іх у суд, яны зьвярнуліся да Зэльцэра. І ў судзе было дакумэнтальна даказана, што подпісы на распараджэньнях перадачы ёсьць факсымільнымі копіямі зь іншых дакумэнтаў. Амэрыканскі суд такога ня бачыў. Гэта звыкла для Басманнага суду ці для суду гораду Бабруйску...

Спадар Зэльцэр выконваў некаторыя даручэньні Бадры Патаркацышвілі, а лорд Джозэф Кей, якога адвакат Зэльцэр абвясьціў спадкаемцам Бадры, такі ж лорд, які і спадкаемца.

Спадар Кей сапраўды быў даверанай асобай Бадры і пасьля ягонай сьмерці паспрабаваў распарадзіцца ягонай спадчынай.

Дракахруст: Юлія, а наколькі юрыдычна моцная пазыцыя Кея і Зэльцэра ў справе спадчыны Патаркацышвілі?

Латыніна: Гэта ўсё аспрэчваецца ў Нью-ёрскім судзе. Я веру заявам удавы Бадры Шалвавіча, што ніякага тастамэнту проста няма або спадары Кей і Зэльцэр яго зьнішчылі. Усё, што ёсьць у спадара Зэльцэра, – гэта такія ж фальшыўкі, як тыя, на якіх ён быў выкрыты.

Ва ўдавы Патаркацышвілі былі ўсе шанцы выйграць справу ў Нью-ёрскім судзе. І ў гэтай сувязі вельмі непрыгожа выглядала грузінская Фэміда, якая прызнала правы “лорда” Джозэфа Кея, як ён сябе называе, пацьверджаныя адвакатам Эмануілам Зэльцэрам.

Але чамусьці адбылася гэтая абсалютная бязглузьдзіца з арыштам Зэльцэра ў Беларусі, бо беларускае правасудзьдзе – такое ж правасудзьдзе, як Зэльцэр – адвакат.

Дракахруст: А якая тут пазыцыя грузінскага боку?

Латыніна: Пастаўце сябе на месца ўдавы Бадры Патаркацышвілі. Яна ніколі не займалася такімі справамі. Тастамэнту Бадры няма ці ён зьнішчаны. Раптам узьнікаюць нейкія дзіўныя людзі, якія называюць сябе адвакатамі і лордамі, якія кажуць: “А ў нас ёсьць тастамэнт Бадры, мы вам можам яго паказаць на экране кампутара, мы – распарадчыкі”.

І пачынаюць весьці з грузінскімі ўладамі перамовы аб продажы актываў Бадры. Грузінскія ўлады, дарэчы, вельмі радыя, Джозэф Кей ходзіць па Тбілісі з аўтаматчыкамі, якіх яму дала дзяржаўная служба аховы. Пры гэтым грузінскія ўлады гавораць, што заўсёды мелі дачыненьні з Кеем як з даверанай асобай Патаркацышвілі і чаму б яму ня мець тастамэнту.

Уся гэтая лухта лёгка абвяргаецца ў лёнданскім ці нью-ёрскім судзе, бо ні грузінскі суд, ні беларускі, як і наш родны расейскі Басманны, не карыстаюцца аўтарытэтам.

Дракахруст: Вернемся ўсё ж да ролі Барыса Беразоўскага. Навошта ён пасылаў Зэльцэра ў Менск? І, дарэчы, чаму беларускія ўлады ўключыліся ў гэтую камбінацыю, адкуль зьявіўся гэты букет абвінавачаньняў – ад падрабленьня дакумэнтаў да камэрцыйнага шпіянажу і кантрабанды наркотыкаў?

Латыніна: Ва ўдавы была цалкам ясная лінія. Раптам Барыс Абрамавіч вырашае зрабіць ёй паслугу. Зэльцэр ляціць у Беларусь, там яго арыштоўваюць, і зразумела, што любому беларускаму суду над Зэльцэрам веры ня будзе. Навошта садзіць чалавека ў Беларусі, калі яго можна пасадзіць у іншым нармальным месцы?

Я ня ведаю, навошта гэта трэба Лукашэнку. Наконт камэрцыйнага шпіянажу нічога не магу сказаць, што да падробкі дакумэнтаў, то спадар Зэльцэр быў неаднаразова выкрыты на падрабленьні дакумэнтаў, у тым ліку і ў Амэрыцы. Наконт кантрабанды наркотыкаў – гэта, магчыма, занадта, але я не зьдзіўлюся, калі высьветліцца, што так званыя “лекі”, якія неабходныя яму для падтрыманьня бадзёрасьці і сьвежасьці, не зусім “кашэрныя”, скажам так. Тыя людзі, якія яго ведаюць, кажуць, што гэта чалавек з не зусім адэкватнымі паводзінамі, што прымушае задумацца, якія лекі яму патрэбныя, каб заставацца ў тонусе.

З гэтага, зразумела, ня вынікае, што ён вінаваты ў кантрабандзе наркотыкаў.

Гэтая гісторыя добра ілюструе прымаўку, што пашлі дурня Богу маліцца, ён сабе лоб разаб’е.

Беларуская Фэміда, як і расейская, ня можа судзіць чалавека за тое, у чым ён вінаваты. Нават калі яна шчыра лічыць, што ён вінаваты, яна пачынае тлумачыць, што ён Месяц скраў зь неба.

Юлія Латыніна "Джозэф Кей, залаты ключык", "Новая газета"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG