Беларускія ўлады з гэтай кандыдатурай пагадзіліся. Спадар Арэнс ужо атрымаў беларускую ўязную візу.
Амбасадар Арэнс ужо мае досьвед працы ў Беларусі. Менавіта ён ачольваў місію назіральнікаў БДІПЧ, якія працавалі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 годзе. Тады місія прыйшла да высновы, што выбары не адпавядаюць стандартам АБСЭ.
Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына сказала сёньня “Свабодзе”, што яна сустрэнецца са спадаром Арэнсам як са старым знаёмым:
“Я ўзрадавалася гэтаму рашэньню. Мне спадар Арэнс сымпатычны. Ён — разумны, інтэлігентны і шчыры чалавек. Нягледзячы на тое, што ён не дае мне спуску (з пункту гледжаньня тых заключэньняў, якія ён пасьля выдае), працаваць зь ім вельмі прыемна.
Ну, і потым заўжды лягчэй працаваць з чалавекам, зь якім можна размаўляць наўпрост, безь перакладчыкаў. Ён вельмі добра гаворыць па-расейску і разумее нюансы”.
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што калі нехта мае досьвед працы ў Беларусі, гэта дапаможа яму хутчэй зарыентавацца ў цяперашняй сытуацыі ў краіне. А тое, што беларускія ўлады пагадзіліся з кандыдатурай нямецкага амбасадара, Вінцук Вячорка ацэньвае так:
“Я думаю, што ім сапраўды залежыць на міжнародным прызнаньні. Але, з другога боку, калі ім залежыць на міжнародным прызнаньні, то яны абавязаны забясьпечыць рэальную роўнасьць і рэальную атмасфэру свабоды. Свабоды доступу інфармацыі, перадусім, выбарчай інфармацыі да ўсіх людзей. Пабачым”.
Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць, што кандыдатура кіраўніка місіі цяпер ня мае прынцыповага значэньня:
“На маю думку, уладам моцна залежыць, каб былі назіральнікі. Яны вырашылі легітымізаваць гэтыя выбары ў палату. Таму кандыдатура кіраўніка місіі зараз ня мае вялікага значэньня. Вядома, што прыяжджаюць дасьведчаныя экспэрты, і яны будуць прымаць рашэньне.
Цяжка сказаць, наколькі жорсткай была заява назіральнікаў па выбарах 2006 году, паколькі яна проста адлюстроўвала факты. А гэтыя факты былі відавочныя. Сёньня, калі ўлада і надалей будзе працягваць рабіць тое, што яна робіць, гэта значыць, збольшага не дапускаць прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і рухаў, незалежных грамадзянаў у склад участковых камісіяў, то вельмі вялікія шанцы на тое, што ў Беларусі будзе чарговы выбарчы фарс”.
На парлямэнцкіх выбарах, якія прызначаныя на 28-га верасьня, будуць працаваць дзьве асноўныя місіі назіральнікаў — ад СНД і АБСЭ. Гэта зьвязана з тым, што адпаведныя запрашэньні беларускія ўлады накіравалі толькі ў тыя міжнародныя структуры, дзе Беларусь мае паўнавартаснае прадстаўніцтва. Усяго будуць працаваць прыкладна 700 назіральнікаў. Спадарыня Ярмошына назвала гэтую колькасьць “болей разумнай” у параўнаньні з 1235 назіральнікамі, якія працавалі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году.