Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газавая труба дапаможа прыватызаваць Беларусь”


Расейскі бізнэс ужо зацікавіўся беларускімі плянамі прыватызацыі. Наколькі рэальны маштабны прыход у Беларусь расейскага капіталу?

Дырэктар расейскага інстытуту СНД, дэпутат Дзяржаўнай думы Канстанцін Затулін мяркуе, што расейскі бізнэс мае цікавасьць да прыватызацыі ў Беларусі, але ў вялікай ступені яго актыўнасьць будзе залежаць ад таго, што прапануецца ў сьпісе:

“Мы б толькі хацелі, каб тут не было падвойных стандартаў, каб адносна расейскага бізнэсу не рабілі адмысловага парадку прыватызацыі або не стваралі яму нефармальных складанасьцяў. Я думаю, што ад пачатку расейскі бізнэс настроены да Беларусі добразычліва, асабліва дробны і сярэдні. Што да буйных уласьнікаў, то тут былі розныя праблемы ў розныя пэрыяды зь іхнімі інвэстыцыямі ў Беларусь. І чыя тут праўда, а чыя віна, я не бяруся судзіць. Але мне ясна, што беларускі ўрад ня вельмі зацікаўлены ў тым, каб аддаваць у нечыя рукі прадпрыемствы, якія лічацца асновай нацыянальнай эканомікі. Таму ўсё, што прапануецца, — як правіла, мінарытарныя долі, неключавыя з пункту гледжаньня беларускай эканомікі прадпрыемствы. Тым ня менш і ў гэтым трэба ўдзельнічаць і карыстацца гэтымі магчымасьцямі”.

Расейскі бізнэс сапраўды выказвае цікавасьць да таго, каб выкупіць самае каштоўнае ў Беларусі. У траўні Аляксандар Лукашэнка сустрэўся са старшынём назіральнай рады кампаніі “Базавы элемэнт” Алегам Дзерыпаскам і генэральным дырэктарам прадпрыемства “Рускія машыны” Валерыем Лукіным. Некалькі буйных банкаў ужо купленыя расейскімі фінансавымі структурамі, у будаўнічую сфэру Беларусі прасоўваецца маскоўская “Ітэра-груп”.

Але расейскі палітык і бізнэсовец Канстанцін Баравы лічыць, што масавага прытоку расейцаў у Беларусь ня будзе — занадта рызыкоўны рынак. Дый абяцаная прыватызацыя ўрэшце можа застацца толькі на словах:

“Я разумею, што прыватызацыя, якая будзе праходзіць у Беларусі, — гэта абсалютная ліпа, імітацыя прыватызацыі. Проста цяпер узьнікла неабходнасьць зрабіць выгляд, што ў Беларусі магчымая прыватызацыя, ёсьць гатовасьць уводзіць элемэнты рынкавай эканомікі. Але насамрэч няма такой гатовасьці. І тое, што адбываецца ў Беларусі вакол уласнасьці — на прадпрыемствах, у іншых праявах прыватнай уласнасьці, — гэта жахліва. Жахліва, калі канфіскуецца ўсё што заўгодна. Нават кіраўніка адносна пасьпяховага прадпрыемства могуць дзеля прафіляктыкі пасадзіць у турму. У Беларусі гэта было ўзята за практыку яшчэ да выпадку з Хадаркоўскім у Расеі. Гэта сапраўды апрабавана ў Беларусі”.

Былы палітвязень і беларускі бізнэсовец Уладзімер Кудзінаў, які цяпер мае ў Крыме дзьве птушкафабрыкі, не зьбіраецца вяртацца на радзіму.

Плян прыватызацыі, які рэклямуе беларускі ўрад, яго не прываблівае, бо ёсьць вялікая рызыка. Паводле спадара Кудзінава, пакупнікамі прапанаванай уласнасьці могуць быць толькі расейцы:

“У беларускіх бізнэсоўцаў не ўва ўсіх задэкляраваныя прыбыткі. Гэта ж трэба афіцыйны прыбытак мець. Таму асноўнымі ўдзельнікамі прыватызацыі будуць расейскія прадпрымальнікі — улічваючы, што ёсьць гарант з боку расейскага ўраду. Яны могуць пэўным чынам націснуць на беларускі ўрад газавай трубой, калі працэс пойдзе назад”.

Паводле спадара Кудзінава, з-за адсутнасьці гарантый таго, што не пачнецца рэпрыватызацыя, эўрапейскія бізнэсоўцы ня пойдуць у Беларусь, пакуль кіраваньне прадпрыемствамі застанецца ў руках дзяржавы:

“Усе гэтыя прыватызацыі да добрага не прывядуць. Асноўны пакет акцый павінен належаць прыватнай асобе ці прадпрымальніку, тады будзе эфэктыўнай прыватызацыя. Проста не хапае грашовых сродкаў на прадпрыемствах, таму вырашылі не зь бюджэту даваць грошы, а залучыць грашовыя сродкі інвэстараў”.

Паводле Ўладзімера Кудзінава, эфэктыўная прыватызацыя зможа адбыцца толькі пасьля зьмены палітычнай сытуацыі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG