Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхалягічны “фотаробат” тэрарыста


Кім мог быць чалавек, які арганізаваў выбух у Менску 4 ліпеня? На што ён разьлічваў? Чаму пайшоў на гэтае злачынства? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да калегі з расейскай службы нашага радыё Андрэя Бабіцкага, якому даводзілася браць інтэрвію ў арганізатараў шматлікіх тэрарыстычных нападаў, у тым ліку і ў “тэрарыста Расеі №1” Шаміля Басаева.


Дракахруст: “Андрэй, на падставе таго, што Вы ведаеце пра менскі выбух 4 ліпеня, і з Вашага досьведу размоваў з тымі, хто плянаваў хіба ня самыя жахлівыя тэрарыстычныя напады ў Расеі, які псыхалягічны партрэт арганізатара выбуху ў Менску Вы маглі б намаляваць?”

Бабіцкі: "Я мяркую, што гэта была ўсё ж група людзей. Такога кшталту дывэрсія ці тэракт, які відавочна закране шмат людзей і будзе мець вельмі сур'ёзныя палітычныя наступствы -- яны патрабуюць групавой сьмеласьці. Ці мы можам казаць аб нейкай скрыўленай волі адзіночкі, чалавека з парушаным душэўным здароўем.

Я думаю, што ніякага сур'ёзнага стратэгічнага пляну, зьвязанага з далёкасяжнымі палітычнымі наступствамі, ў гэты тэракт не закладалася. Чаму? Таму што калі б яго арганізатары падумалі пра тое, як зрабіць уражаньне на гэтую калясальную колькасьць людзей, якія сабраліся на сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці, то можна было скарыстаць моцныя шумавыя эфэкты, можна было закласьці ўспышку, якая была б бачная ўсяму натоўпу, пасьля чаго людзі, пэўна, пабеглі б і цісканіна прывяла б да надзвычай трагічных наступстваў.

А тое, што адбылося насамрэч, вельмі падобна на тэракты, якія на працягу доўгага часу рабілі невялікія групы чачэнскіх інсургентаў, якія ўзрывалі рынкі (як ва Ўладзікаўказе), аўтобусныя прыпынкі, электрычкі. У іх не было мэты зрабіць уражаньне на ўсё насельніцтва Расеі, як гэта спрабаваў рабіць Шаміль Басаеў, які захопліваў “Норд-Ост”, спрабаваў узарваць велізарнае сьвята ў Маскве, які падрыхтаваў Бэслан.

У гэтых невялічкіх груповак была , я б сказаў, такая "вулічная" матывацыя. Акрамя тых людзей, якіх параніць і пакалечыць выбухам, ніякіх іншых мэтаў арганізатары выбуху ня мелі.

У тых, хто стаіць за менскім тэрактам, я мяркую, падобны тыпаж".

Дракахруст: “Мне здаецца, што пры разглядзе розных вэрсій тэрарыстычных нападаў іх гіпатэтычным арганізатарам прыпісваецца дакладнае веданьне наступстваў іх дзеяньняў, якія невядомыя ў прынцыпе. З іншага боку, досьвед падказвае, што тэрарысты ўзроўню Басаева часам някепска пралічваюць магчымыя рэакцыі і ўлады, і грамадзкай думкі. Як гэтыя людзі думаюць, як яны насамрэч пралічваюць магчымыя наступствы, як ўзважваюць рызыкі таго, што рэакцыя будзе такой ці іншай?”

Бабіцкі: "У Чачні была ўнікальная сытуацыя. Там Басаеў сапраўды быў той спружынай, на якой трымаўся мэханізм прадукаваньня тэрору. Але за два гады да сваёй сьмерці, пасьля Бэслану, калі ён зразумеў, што тэрактамі расейскую ўладу не атрымаецца прымусіць да палітычных рашэньняў, ён фактычна згарнуў тэрарыстычныя акты.

За час вайны ў Чачні зьявілася пакаленьне моладзі, якая была свабоднай ад тых абмежаваньняў, якія накладаліся савецкім, сьвецкім, гуманістычным вопытам. І іх было даволі лёгка ўцягнуць у гэтую справу. Але са сьмерцю Басаева тэрарыстычная канструкцыя абрынулася. Можа казаць толькі пра дывэрсіі, у большасьці выпадкаў дзеяньні камбатантаў скіраваныя на чыноўнікаў, прадстаўнікоў сілавых структур, вайскоўцаў.

Чым кіруюцца тэрарысты? Наконт Басаева я магу сказаць, што ён быў хворы на "сындром Будзёнаўска". Адзін раз у яго атрымалася прымусіць расейскую ўладу спыніць вайну. І ён увесь час спрабаваў паўтарыць Будзёнаўск. Пры гэтым ён прадумваў схемы тэрактаў так, каб яны закраналі ўсіх жыхароў Расеі. З Бэсланам ён знайшоў сытуацыю. якая ня можа не закрануць любога чалавека: калі пакутуюць дзеці, то гэта ўспрымаецца як пагроза дзецям у кожнай расейскай сям'і.

Тэрарысты стыхійныя дзейнічаюць хуліганскімі мэтадамі. Такія ж хлапушкі закладаюцца, выбухаюць, незразумела, ў які бок паляціць, незразумела, хто загіне. Як, скажам, яно было ва Ўладзікаўказе. Але паколькі там не была выбраная ахвяра, як выбіраў ахвяр Басаеў, то для Ўладзікаўказа выбухі былі вельмі трагічнымі, але для ўсёй Расеі яны прайшлі незаўважанымі.

Тэракт мае эфэкт, калі ў яго ўкладзены сур'ёзны інтэлектуальны плян, калі выбраная ахвяра, час, месца. Тое, што непадалёк ад менскай "хлапушкі" быў Лукашэнка -- гэта яшчэ "пашчасьціла" арганізатарам выбуху. Назваць гэта прадуманай акцыяй даволі складна, за гэтым стаіць стыхійная воля, якая, магчыма, нічога асаблівага і ня мела на ўвазе. Адсюль і разгубленасьць, бо звычайна па характары ахвяры судзяць, каму гэты тэракт мог спатрэбіцца. Тут незразумела, якая ахвяра”.

Дракахруст: “Андрэй, у Беларусі два гады таму былі падобныя выбухі. Але яны адбыліся не ў сталіцы, а ў Віцебску, яны не былі зьвязаныя зь нейкай датай. А ў Менску гэта ўсё ж было галоўнае афіцыйнае сьвята, была высокая імавернасьць, што там будзе прэзыдэнт. Мне здаецца, што гэта ня вельмі стасуецца з вэрсіяй аб вар'яце, які выбраў першы натоўп, які папаўся пад руку".

Бабіцкі: "Я Вам скажу -- няма больш сур'ёзнага аргумэнту, чым кроў. Калі сур'ёзна начыніць бомбу, калі б было шмат сьмяротных ахвяраў –' гэта была б для краіны такая рана, якая б не загаілася доўга. І людзі, якія падрыхтаваліся б да гэтай падзеі і здолелі скарыстаць яе, вельмі істотна паўплывалі б на будучыню Беларусі.

Гэтая падзея ніяк ні на што паўплывае. Праз два-тры тыдні забудзецца. Ну далі магчымасьць ўладзе прыціснуць апазыцыю падчас выбараў, што ніколі лішнім не бывае. Ну крыху аўтарытэт улады падарваны, хаця значэньне тэракту ня варта перабольшваць.

Калі гэта тэракт, то ён павінен быў напалохаць усю Беларусь. Такога маштабу злачынствам усю краіну не напалохаеш.

І разьлічыць можна было. Натоўп, страх ахоплівае яго за лічаныя хвіліны. І выклікаць яго зусім нескладана. Паднялося полымя вышэй за нябёсы -- і людзі згубілі галаву ад жаху. Гэта вельмі лёгка плянуецца. Спэцыялісты па тэрактах, людзі, якія прайшлі падрыхтоўку ў спэцыяльных падразьдзяленьнях -- яны гэта ведаюць па падручніках, ня трэба нічога вынаходзіць, там усё напісана.

Паверце, Юры, ну не атрымліваецца ў менскім выбуху ніякага сур'ёзнага пляну. Той чалавек, які ўзарваў прыпынак ў Віцебску -- я добра магу ўявіць сабе ягоную эвалюцыю. Узарваў прыпынак , а крыўда не супакоілася. Калісьці ў мінулым недзе ў кабінэце яму кінулі на стол паперку і сказалі, што не падпішуць. Крыўда не супакоілася і яму патрэбны нейкі update. І ён з той жа самай бомбай едзе ў сталіцу. Ён яе больш разумна не сабраў, ён не заклаў у яе нейкую больш складаную мэту. Ён прывёз у Менск тую самую віцебскую “хлапушку”. Вось гэта я сабе выдатна магу ўявіць".

Дракахруст: “Андрэй, ну а што Вы думаеце наконт вэрсіі, што гэта зрабіла беларуская ўлада, зрабіла, каб атрымаць маральнае права канчаткова раздушыць апазыцыю. Тады ж робіцца зразумелым і ня надта сур'ёзны характар выбуху -- у межах такой вэрсіі яе арганізатарам і ня трэба было шмат крыві, патрэбны быў адно дэманстрацыйны эфэкт."

Бабіцкі: "Тут мы сыходзім у вобласьць чыстых спэкуляцый. Мы ведаем, што ўлада, тым больш улада аўтарытарная, вельмі часта рабіла такія правакацыі. Але я тут баюся выказваць нейкія меркаваньні. Па-першае, таму што маю мала інфармацыі. А па-другое , ў мяне ёсьць значныя сумневы, што ўлада рэальна здольная на такія рэчы. У мяне гэтыя сумневы ўзьніклі яшчэ тады, калі расейскія ўлады былі абвінавачаныя ў падрыве дамоў у Маскве ў 1999 годзе, нібыта дзеля таго, каб апраўдаць пачатак другой чачэнскай вайны. Я дагэтуль ня маю адназначнага адказу, ці магчыма гэта ў прынцыпе. Але я маю вялікія сумневы.

Рэч у тым, што сёньняшняя структура ўлады -- незамкнутая і ўлада сама пра гэта выдатна ведае. Уся інфармацыя, якая забясьпечвае яе функцыянаваньне, раней ці пазьней робіцца даступнай, вядомай. Сыходзяць людзі, здраджваюць паплечнікі, ўскрываюцца архівы. Ці мала прыкладаў , калі супрацоўнікі КДБ (ці зараз ФСБ ) раскрывалі самыя інтымныя таямніцы гэтых ведамстваў. Колькі таямніц было раскрыта, але мы дагэтуль ня маем важкай інфармацыі , якая выкрывала б датычнасьць дзяржавы да такіх злачынстваў. Тое, што лічылася нармальным у часы Гітлера ці Сталіна, такія вось грандыёзныя правакацыі кшталту падпалу райхстагу , у новыя часы ўжо не выкарыстоўваюцца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG