Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За выбарамі ў Беларусі будуць назіраць АБСЭ і СНД


Міністэрства замежных справаў Беларусі накіравала афіцыйнае запрашэньне прадстаўнікам АБСЭ ўдзельнічаць у назіраньні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Запрашэньне дасланае за два з паловай месяцы да пачатку галасаваньня, прызначанага на 28 верасьня. Гэта дазваляе прадстаўнікам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ разгарнуць паўнавартаснае назіраньне.

Афіцыйнае запрашэньне МЗС накіраваў таксама і ў Выканаўчы камітэт СНД. Беларускія ўлады ня супраць бачыць на выбарах і дэпутатаў ад парлямэнцкіх структураў тых жа АБСЭ і СНД, дзе Беларусь мае паўнавартаснае прадстаўніцтва. А вось, прыкладам, дэпутаты Эўрапарлямэнту ці Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы запрашэньня не атрымаюць, паколькі Беларусь не ўваходзіць у гэтыя міжнародныя арганізацыі.

Пракамэнтаваць захады беларускай улады я папрасіў Мірэй Мюсо — амбасадарку Францыі, чыя краіна старшынюе цяпер у Эўразьвязе. Менавіта францускія дыпляматы падтрымліваюць кантакты зь беларускімі ўладамі ад імя Эўрапейскага Зьвязу. Спадарыня Мюсо адзначае:

Меркаваньняў гэтых структураў нам будзе дастаткова, каб скласьці ўражаньне, як прайшла ўся выбарчая кампанія
“Я лічу, што гэта вельмі добра. Мы вельмі рады, што былі дасланыя запрашэньні назіральнікам ад АБСЭ і СНД. Гэта тыя структуры, якія маюць досьвед назіраньня за выбарамі. Будуць працаваць таксама і нацыянальныя назіральнікі. А гэта сотні людзей. Таму, мне падаецца, меркаваньняў гэтых структураў нам будзе дастаткова, каб скласьці ўражаньне, як прайшла ўся выбарчая кампанія, а ня толькі дзень галасаваньня. І я хачу падкрэсьліць, што мы назіраем менавіта за ўсёй кампаніяй, а не за яе апошнім днём.

І я хачу таксама згадаць, што краіны Эўразьвязу ўваходзяць і ў АБСЭ. Таму іх прадстаўнікі прыедуць у складзе АБСЭ назіраць за выбарамі”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў выказваецца наконт таго, чаму беларускія ўлады дазваляюць разгарнуць паўнавартаснае назіраньне за выбарамі:

“У беларускай улады няма боязі, што апазыцыя пераможа на выбарах ці хаця б дасягне сытуацыі “fifty-fifty”, якая дасьць падставу для масавых акцыяў пратэсту. Я мяркую, улада разьлічыла сытуацыю, што апазыцыі, асабліва пасьля выбуху ў Менску, няма на што разьлічваць на парлямэнцкіх выбарах. І таму зараз беларускія ўлады не баяцца запрашаць міжнародных назіральнікаў.

І тут ёсьць таксама інтэнцыя з боку беларускага кіраўніцтва — крыху палепшыць стасункі з Эўрапейскім Зьвязам. Таму, хутчэй за ўсё, будзе рабіцца бачнасьць свабодных, празрыстых, адкрытых выбараў. І гэтаму павінна спрыяць праца тут міжнародных назіральнікаў”.

Палітоляг Мельянцоў тлумачыць, чаму кіраўніцтву Беларусі выгодней мець у краіне назіральнікаў ад АБСЭ, а ня, прыкладам, Эўразьвязу:

АБСЭ — гэта тая арганізацыя, на якую мае ўплыў Расейская Фэдэрацыя
“АБСЭ — гэта тая арганізацыя, на якую мае ўплыў Расейская Фэдэрацыя. І пры нагодзе яна можа ўнесьці пэўныя карэктывы ў заявы і дэклярацыі АБСЭ па факце правядзеньня ў Беларусі парлямэнцкіх выбараў.

І яшчэ — Лідзія Ярмошына нядаўна сказала, што нам ня трэба тут шмат назіральнікаў. Лепш, калі гэта наагул адна структура, то бок АБСЭ, прадстаўнікам якой можна апэратыўна забараніць назіраньне альбо выдаліць. Калі назіральнікаў было б больш і ад розных структураў, дык, я думаю, кантраляваць іх было б цяжэй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG