Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародных назіральнікаў у Беларусь адбіраюць па конкурсе


Праз тыдзень завершыцца першы этап выбарчай кампаніі — вылучэньне кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісіяў. Як паведамляюць у прэсавай службе Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, на сёньняшні дзень названы прозьвішчы патэнцыйных сяброў усіх 110 акруговых камісіяў.

Выходныя дні апазыцыя выкарыстоўвае для працы з выбаршчыкамі. Сёньня ў Гомельскай-Юбілейнай выбарчай акрузе актывісты зьбіралі подпісы за былую старшыню гарвыканкаму, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сьвятлану Гальдадэ.
Ад кватэры да кватэры хадзіў і зборшчык подпісаў Васіль Пакаташкін. Збольшага дзьверы яму адчынялі, але ня ўсе. Той-сёй наагул заяўляў, што дэпутатаў парлямэнту ня ведае і на выбары не зьбіраецца.
Пакаташкін: “Добры дзень! Мы з ініцыятыўнай групы па вылучэньні Сьвятланы Гальдадэ ў акруговую выбарчую камісію. Ці не маглі б вы падпісацца, каб яна патрапіла ў акруговую камісію па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў?”
Выбаршчык: “Я ня ведаю, хто гэта такая”.
Пакаташкін: “Гэта былы мэр Гомеля”.
Спадарыня Марыя, якая паставіла подпіс за Святлану Гальдадэ, выказалася так:
“Я б хацела, каб больш было жанчын. Такіх, якія абаранялі б нашыя правы — і прафэсійныя, і побытавыя, і наагул жыцьцёвыя”.
Спадар Пакаташкін кажа, што цяпер, у параўнаньні з ранейшымі выбарамі, дастукацца да людзей больш складана:
“Людзі абыякава ставяцца да таго, хто зараз дэпутат, хто будзе дэпутатам. Ім ня надта цікава, што адбываецца. Людзі ня ведаюць, навошта зьбіраць подпісы за вылучэньне сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі. Яны далёка стаяць ад выбараў. Улада адсунула людзей ад гэтага працэсу — усё вырашае адміністрацыйнымі мэтадамі”.
Уся інфармацыя зьбіраецца ў Менску
Прэсавы сакратар АДС Юры Пацёмкін кажа: з кожным днём сьпіс ахвотных працаваць у акруговых камісіях павялічваецца. Напрыклад, некаторыя сябры Партыі камуністаў Беларускай самастойна зьбіраюць подпісы, каб патрапіць у склад акруговых камісіяў. Сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган удакладняе, што гэта ўжо звыш той нормы, якую партыя атрымала ў агульным сьпісе АДС:
“Але гэта будуць людзі ня з гэтага сьпісу. Ёсьць людзі, якія маюць багаты досьвед: яны працавалі ў акруговых камісіях, ачольвалі ўчастковыя. І няхай яны пойдуць на падмогу. І калі яны будуць у камісіях тых акругаў, дзе балятуюцца іншыя апазыцыйныя кандыдаты, дык я лічу, што гэта будзе толькі плюс. І добрая падтрымка. Але, паўтаруся, гэта ня тычыцца адзінага сьпісу АДС. Тут мы нічога не парушалі і вытрымалі ўсе дамоўленасьці”.
БДІПЧ абвясьціла конкурс

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ афіцыйна абвясьціла пра конкурсны набор каманды міжнародных экспэртаў, якія будуць працаваць падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі. Набор, як паведамляецца на афіцыйным сайце Бюро, пройдзе цягам 10 найбліжэйшых дзён. Менавіта гэтая каманда першай прыедзе ў Беларусь, каб адсочваць ход падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў.
Згодна з традыцыямі АБСЭ, афіцыйнае запрашэньне ад уладаў краіны, на тэрыторыі якой праводзяцца выбары, паступае “ў бліжэйшыя дні пасьля прызначэньня даты выбараў”. Сёлета, калі ў Расеі былі прэзыдэнцкія выбары, запрашэньне ў Бюро паступіла занадта позна. І таму яго супрацоўнікі мусілі адмовіцца ад паўнавартаснага назіраньня за выбарамі. Ці ня зробіць гэтаксама і беларускае кіраўніцтва? Знаўца выбарчых кампаніяў Сяргей Альфер адзначае:
“Я сыходжу з заяваў Аляксандра Лукашэнкі, а сьледам і Лідзіі Ярмошынай, якія сказалі, што няхай едуць столькі назіральнікаў, колькі хочуць. Таму мне здаецца, што нейкіх вялікіх супярэчнасьцяў у сувязі з запрашэньнем паўнавартаснай місіі ня будзе, у тым ліку і доўгатэрміновых назіральнікаў. Але ж Ярмошына ўжо абмовілася: мы ж ведаем, якое заключэньне зробіць гэтая місія”.

У рэгіёнах многія кандыдаты вылучаюцца ўпершыню
Акрамя збору подпісаў за вылучэньне ў склад акруговых выбарчых камісіяў, у рэгіёнах таксама ўдакладняюць сьпісы патэнцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты.
Кіраўнік Магілёўскай рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў кажа, што ў сьпісе патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты палаты ад апазыцыйных палітычных партыяў — 28 чалавек:
“На першым этапе было ахвочых пад пяцьдзясят. На сёньня сьпіс прасеяўся, і мы сышліся на тым, што ў сярэднім будзе два чалавекі на акругу. Але мяркую, што ўрэшце застанецца яшчэ менш. Многія аб’ядноўваюць свае каманды й гатовыя працаваць на кагосьці аднаго”.
Значная частка патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з Магілёўшчыны возьме ўдзел у выбарчай кампаніі ўпершыню. Сярод іх — прадпрымальніца з Бабруйску Алена Мядзьведзева. Асноўным пунктам яе выбарчай праграмы будзе скасаваньне прэзыдэнцкага ўказу № 760:
“У Палаце прадстаўнікоў няма ніводнага афіцыйна зарэгістраванага прадпрымальніка. Таму і прымаюцца такія законы. Я людзям кажу: давайце зробім так, каб у Палаце было б хоць некалькі прадпрымальнікаў, бо толькі яны могуць абараніць вашы інтарэсы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG