Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштавалі назіральніка ад БХК


27 чэрвеня Маскоўскі раённы суд Менску арыштаваў на 10 сутак і аштрафаваў на 1 050 000 рублёў сябра БХК Эдуарда Баланчука з Маладэчна.


Эдуард Баланчук быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і КДБ каля офісу БХК у Менску, дзе мела адбыцца нарада па маніторынгу за выбарамі. На Эдуарда Баланчука былі складзены пратаколы за непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ім службовых паўнамоцтваў і дробнае хуліганства.

Сябра БХК, праваабаронца Гары Паганяйла сказаў:

“Словам нашых уладаў верыць нельга. Яны кажуць пра тое, што зьбіраюцца зьдзівіць сьвет і правядуць самыя сумленныя і справядлівыя выбары. А насамрэч сцэнар даўно напісаны. І ён будзе такім жа, калі ня горшым, чым папярэднія сцэнары па выбарчых кампаніях. Беларускі Хэльсынскі камітэт праводзіць маніторынг гэтых выбараў на нацыянальным узроўні. І менавіта ў зьвязку з тым, што мы праводзім такое незалежнае назіраньне, і пачаліся ўсялякія прэтэнзіі як да БХК, так і да сяброў нашай арганізацыі”.
Эдуард Баланчук зьяўляецца адным з каардынатараў назіраньня за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў па Маладэчанскай акрузе. Паводле спадара Паганяйлы, арышт Баланчука зьвязаны з супрацьдзеяньнем з боку ўладаў незалежнаму назіраньню.

Эдуарда Баланчука зьвінавацілі ў непадапарадкаваньні міліцыі і ў тым, што ён нібыта аблаяў матам супрацоўніка Дзяржаўтаінспэкцыі, які праводзіў затрыманьне. Паводле спадара Паганяйлы, абодва пратаколы сфальшаваныя:

“Мы пацьвердзілі, што Баланчук ня можа сябе так весьці, і што ў гэтай канкрэтнай сытуацыі ён мог аплаціць штраф. І яго не было патрэбы весьці ў РУУС. Тым ня менш зрабілі ўсё па падрыхтаванаму сцэнару. І як не раз ужо было, суды ўспрымаюць гэтыя сытуацыі так: яны давяраюць міліцыянтам, а не давяраюць грамадзянам. І судзяць на падставе рапартоў і паказаньняў сьведак-міліцыянтаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG