Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомы Быкаў у новым “Дзеяслове”


Чарговы, трыццаць чацьверты нумар “Дзеяслова” зьмяшчае не друкаваныя раней творы Васіля Быкава.

Гэта апавяданьне “Да родных месц”, машынапісны тэкст якога захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва, і прамова пісьменьніка на вечарыне ў Менску ў гонар ягонага 50-годзьдзя, тэкст якое знайшоў нядаўна ў сваім хатнім архіве Ніл Гілевіч. Дарэчы, “Дзеяслоў” друкуе творчую спадчыну Васіля Быкава амаль у кожным нумары ўсе пяць гадоў, як ён пайшоў з жыцьця.

Апавяданьне “Да родных месц” выявіў у архіве Сяргей Шапран, складальнік біяграфіі Васіля Быкава. На сямі аркушах машынапісу рукой Васіля Ўладзімеравіча зробленыя праўкі. На апошнім аркушы невядомай рукой супрацоўніка часопіса “Беларусь” напісаны прысуд аўтару і пастаўленая дата – 7/VI – 56. З чаго Сяргей Шапран датуе час напісаньня не друкаванага паўстагодзьдзя апавяданьня.

Вось як прадстаўляе гэты твор маладога Васіля Быкава галоўны рэдактар “Дзеяслову” Барыс Пятровіч:

“Яно для свайго часу было даволі сьмелым, як і ўсё, што пісаў Васіль Уладзімеравіч. Там нядаўні адстаўнік, вайсковец, вяртаецца ў сваю вёску і бачыць, як кепска жывуць ягоныя аднавяскоўцы. А хіба можна было кепска жыць у Савецкім Саюзе? І вось ён вырашае застацца, каб дапамагчы сваім аднавяскоўцам. Гэта сёньня нам можа падацца, што гэтае апавяданьне звычайнае, а па тым часе яно было даволі сьмелым. І для маладога аўтара яно было вельмі важным і этапным, я думаю. І яно якраз паказвае, што Васіль Уладзімеравіч быў ад пачатку асобай, якая склалася, і якая на працягу жыцьця не зьмянялася. Васіль Уладзімеравіч ішоў сваім пэўным шляхам і быў верны самому сабе. Так ён думаў, так ён разважаў, так ён і пісаў”.

Прамова Васіля Быкава на сваім першым афіцыйным юбілеі, які сьвяткаваўся 19 чэрвеня 1974 году ў Менску ў Доме мастацтваў, амаль тры з паловай дзесяцігодзьдзі праляжала ў хатнім архіве народнага паэта Ніла Гілевіча. Яму аркуш рукапісу свайго невялікага выступу Васіль Быкаў перадаў на часовае захаваньне адразу пасьля ўрачыстасьці.

Пра шматлікія нюансы сьвяткаваньня ў Менску і Горадні першага афіцыйнага юбілею Васіля Быкава чытачы могуць даведацца з фрагмэнтаў біяграфіі народнага пісьменьніка, якія таксама друкуюцца ў новым нумары “Дзеяслова”. Біяграфію склаў журналіст Сяргей Шапран, а асобнай кнігай яна мае выйсьці пры канцы году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG