Першых трох ляўрэатаў назавуць 26 чэрвеня на радзіме Быкава ў Віцебскай вобласьці, дзе адбудзецца ўручэньне ўзнагароды. Яе атрымаюць тыя, хто сваёй дзейнасьцю і прыкладам “спрыяе стварэньню незалежнай беларускай супольнасьці і вяртаньню Беларусі ў эўрапейскую сям’ю”.
Музэю Васіля Быкава неўзабаве споўніцца пяць гадоў. Ён створаны намаганьнямі дэмакратычнай вэтэранскай арганізацыі. Бел-чырвона-белы сьцяг са статуэткі “За свабоду думкі” зьнялі ўдвох стваральнік музэю Мікалай Мельнікаў і Павал Мажэйка з руху “За свабоду”. У музэйным пакоі прысутнічалі журналісты незалежных мэдыяў. Павал Мажэйка сказаў:
“Існуе вялікае журы, у яго ўваходзяць больш за трыццаць чалавек: і Рыгор Барадулін, і Андрэй Дынько, і Ніл Гілевіч — адным словам, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, беларускай эліты. І літаральна сёньня ўвечары ці заўтра стануць вядомыя імёны трох ляўрэатаў. Уручацца прэмія будзе штогод. Мы вырашылі нейкім чынам прыцягнуць увагу да Горадні і робім першую публічную прэзэнтацыю гэтай статуэткі “За свабоду думкі” скульптара Віктара Капача — таму што, па-першае, натуральна, што Быкаў стварыў свае самыя лепшыя, самыя славутыя творы тут, у Горадні. І, па-другое, для нас вельмі важна, што ў Горадні намаганьнямі Мікалая Мельнікава і ягоных калегаў створаны ці запачаткаваны першы грамадзкі музэй Васіля Быкава”.
Звароты да ўладаў з просьбай падтрымаць музэй, даць лепшае памяшканьне, дапамагчы фінансава пакуль канкрэтнага выніку не далі, зазначыў Павал Мажэйка.
Мажэйка: “Мы лічым, што калі гэтая статуэтка будзе прэзэнтаваная ўпершыню тут, у Горадні, гэта дапаможа прыцягнуць да гэтага музэю ўвагу і грамадзкасьці, і ўладаў гораду і ўсёй Беларусі. Мы — я кажу ад імя руху “За свабоду” — дапаможам музэю ў існаваньні”.
Ці ідуць насустрач заснавальнікам музэю ўлады, на якой стадыі перамовы?
Мельнікаў: “На стадыі падрыхтоўкі. Створана камісія. У мяне такое ўражаньне, што ўлада хоча стварыць музэй Быкава, што яна будзе штосьці прадпрымаць, каб яго зрабіць. Каб былі сродкі і магчымасьці аплачваць працу тых, хто будзе працаваць у музэі. Нам дапамагаюць аддзелы культуры — абласны і гарадзкі. Прасілі нас пачакаць, пакуль адбудзецца фэстываль нацыянальных культураў: вось скончыцца фэстываль, і зоймемся. Нас падмацоўвае тое, што ў Наваградку цяпер створаны музэй Барыса Кіта, дзяржаўны музэй. Мы ў гэтым сэнсе — наступныя. Ёсьць надзея на тое, што музэй будзе дзяржаўным, атрымае падтрымку дзяржавы”.