Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кардынал прывёз пасланьне Папы беларускаму народу


Дзяржаўны сакратар Сьвятога прастолу Тарчызіё Бэртонэ прыбыў у Менск з пяцідзённым візытам. Што азначае пацяпленьне адносінаў афіцыйнага Менску і Ватыкану? ТЭМА ДНЯ.

Кардынал мае сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, праваслаўным мітрапалітам Філарэтам, кіраўніцтвам МЗС і Камітэту па рэлігіях і нацыянальнасьцях, беларускімі вернікамі — рыма-каталікамі і грэка-каталікамі, наведае Горадню і Пінск.

Вернікі і палітыкі не выключаюць, што ў часе гэтага візыту можа пачацца падрыхтоўка да прыезду ў Беларусь папы Бэнэдыкта ХVI.

Кардынала сустрэлі на дзяржаўным узроўні

Кардынал заявіў, сышоўшы з трапа самалёта, што ён прывёз пасланьне ад Папы Рымскага беларускаму народу і мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў у Беларусі, а таксама з прадстаўнікамі ўладаў, "каб абмеркаваць двухбаковыя дачыненьні, ролю і месца Беларусі ў міжнароднай супольнасьці".

Янка Мойсік: Візыт папы, які яшчэ ня быў у Маскве, наўрад ці магчымы ў Беларусь

"Візыт папы, які яшчэ ня быў у Маскве, наўрад ці магчымы ў Беларусь, калі Беларусь так моцна зьвязаная з Масквой. Арцыбіскуп Кандрусевіч ужо даўно запрасіў Папу ў Беларусь. Але папа, на жаль, едзе толькі тады, калі запрашае яго кіраўнік дзяржавы (у нашым выпадку, Лукашэнка) і вядучая царква (у нашым выпадку праваслаўная)".

Камітэт рэлігій абвяргае падпісаньне канкардату

Пры канцы траўня Ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка заявіў, што рыхтуецца падпісаньне канкардату з Ватыканам. Ці можна чакаць, што адмысловае пагадненьне паміж дзяржавамі, якое рэгулюе перадусім рэлігійныя пытаньні, падпішуць ужо ў часе візыту ў Беларусь дзяржсакратара папы Бэнэдыкта XVI, кардынала Тарчызыё Бэртонэ?

  • На гэты момант толькі 2 постсавецкія краіны падпісалі канкардат з Ватыканам: Латвія і Літва.


Т. Гавін: Лукашэнку патрэбныя кантакты з Ватыканам для паляпшэньня іміджу


Адзін зь лідэраў польскай меншасьці ў Беларусі Тадэвуш Гавін арганізацыю візыту Папы Бэнэдыкта ХVI у Беларусь лічыць цалкам рэальнай.

  • Паводле зьвестак праваабаронца Алеся Бяляцкага за 2007 год зь Беларусі былі высланыя 6 ксяндзоў і 7 манашак – замежных грамадзянаў і грамадзянак. 5 ксяндзоў і манашкі былі высланыя з Гарадзенскай вобласьці, яшчэ адзін ксёндз – з Рэчыцы.

“Улады зразумелі, што трэба рабіць крокі”

Адказваючы на пытаньне пра магчымую рэакцыю прадстаўнікоў іншым веравызнаньняў на візыт Дзяржаўнага сакратара Ватыкану і на верагоднае падпісаньне пагадненьня з афіцыйнымі ўладамі Беларусі, ксёндз Андрэй запэўнівае: “Нічога не памяняецца. Кожны пастар мае права прыехаць да сваіх авечак. Тут няма ніякай небясьпекі. Гэта будзе лепей для усіх”.

Паводле афіцыйных дадзеных:

  • - да праваслаўнай царквы адносяць сябе 75-80% насельніцтва
  • - да рымакаталіцкай – 12-17% насельніцтва
  • - да пратэстанцкай – каля 2% насельніцтва

С.Касьцян: Візыт Папы Рымскага мог бы адбыцца толькі на дзяржаўным узроўні

“Мы лічым, што Папа Рымскі можа прыехаць як кіраўнік дзяржавы, на дзяржаўным узроўні: сустрэча з прэзыдэнтам, кіраўніком ураду, а пасьля гэтага і зь вернікамі. Але калі ставіць пытаньне, што ён захоча сустрэцца толькі зь вернікамі, то мы адкажам, што ў нас не большасьць католікаў, а нязначная меншасьць".

***
Кардынал Бэртонэ ўзначальваў барацьбу з “Кодам да Вінчы”

Дзяржаўны сакратар Сьвятога прастолу Тарчызіё Бэртонэ – другая, паводле пасады, асоба ў Ватыкане пасьля Папы.

Бэртонэ быў адным з кардыналаў-выбаршчыкаў, якія ўдзельнічалі ў папскім Канкляве 2005, які абраў Папу Рымскага Бэнэдыкта XVI. У сакавіку 2005 Бэртонэ быў прызначаны кіраваць кампаніяй байкоту папулярнага раману “Код да Вінчы”.

Як багаслоў, Бэртонэ спэцыялізаваўся на дачыненьнях паміж сацыяльнай этыкай, верай і палітыкай, разьвіваў тэзы цярпімасьці і рэлігійнай свабоды, вёў шырокую працу з моладзьдзю.

Ён нарадзіўся 2 сьнежня 1934 году ў Італіі, пятым з васьмі дзяцей. Апрэч італьянскай, валодае ангельскай і партугальскай мовамі.


***

“Ня ўлада хоча зблізіцца з каталікамі, а каталікі хочуць зблізіцца з уладай”

“Я думаю, яны жадаюць пайсьці на збліжэньне зь дзяржавай, каб дасягаць мэтаў, якія паставіў Госпад. Я ня бачу нічога дрэннага ў гэтым. Царква — так, як яе задумаў Госпад — не павінна спрачацца зь дзяржавай, калі дзяржава адпавядае бачаньню Госпада”, — кажа юрыст менскай царквы “Новае жыцьцё” Аб’яднаньня суполак хрысьцянаў поўнага Эвангельля Сяргей Луканін.


Беларускія каталікі моляцца за прыезд Папы Рымскага

З нагоды візыту ў Беларусь Тарчызіё Бэртонэ кіраўнік Беларускага каталіцкага касьцёлу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з адмысловым зваротам.

***

29 траўня, прымаючы даверчыя граматы пасла Беларусі ў Ватыкане Сяргея Алейніка, Папа Рымскі заявіў, што Сьвяты прастол працягне падтрымку беларускага народу “ў яго жаданьні ўмацаваць дэмакратычны працэс у якасьці члена вялікай сям'і свабодных і сувэрэнных эўрапейскіх краін”.

Паводле прэсавай службы Сьвятога прастолу, пантыфік заявіў, што “ўсе нацыі кантынэнта, уключаючы беларусаў, закліканы ўнесьці свой уклад у стварэньне агульнага эўрапейскага дома, дзе межы – гэта месца сустрэчы, а не разьдзяляльныя лініі альбо непераадольныя сьцены. Гісторыя, духоўныя і культурныя карані, геаграфія Беларусі прадпісваюць ёй важную ролю ў гэтым працэсе”, – зазначыў Папа Рымскі.


***

Н.Базылевіч: “Няма ніякага пацяпленьня стасункаў”


“Хачу пажартаваць, што толькі дзьве краіны ў Эўропе не ўваходзяць у Раду Эўропы. Гэтыя краіны — Беларусь і Ватыкан. Магчыма, яны сябруюць з гэтай нагоды”, — кажа Наталка Базылевіч, палітоляг, спэцыяліст у пытаньнях рэлігійнай ідэнтычнасьці ў Беларусі, рэдактар парталу “Царква”.


Дзяржсакратар Ватыкану пачынае візыт у Беларусь


Тарчызіё Бэртонэ прылятае ў Менск адмысловым авіярэйсам сёньня ўвечары. Яго будуць сустракаць як прадстаўнікі каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, так і афіцыйныя асобы

***

  • Дыпляматычныя адносіны паміж Апостальскай сталіцай і Рэспублікай Беларусь былі ўстаноўленыя 11 лістапада 1992 году. Апостальская нунцыятура ў Менску была заснаваная распараджэньнем папы Яна Паўла ІІ. Першым Апостальскім нунцыем у Беларусі быў арцыбіскуп Габрыель Матальва. Свае даверчыя лісты ён перадаў афіцыйнаму Менску 17 кастрычніка 1993 году. З 2004 году і па сёньня прадстаўніком Ватыкану ў Беларусі зьяўляецца арцыбіскуп Марцін Відавіч.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG