Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўзмацняецца кантроль над моладзьдзю?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 4 чэрвеня.


У Салігорску выключаны са школы намесьнік старшыні незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Івана Шыла. Чаму ўлады пашырылі палітычныя рэпрэсіі на школу? Чаму адукацыйныя ўстановы бяруць на сябе функцыі палітычнай паліцыі? Ці дае гэта ўладам патрэбны эфэкт?

Удзельнікі: старшыня незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч і старшыня ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі.

Чаму ўлады пашырылі палітычныя рэпрэсіі на школу?

Валер Карбалевіч: “Скандальныя падзеі ў Салігорску, зьвязаныя з выключэньнем Івана Шылы са школы, — знакавая падзея ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны. Дасюль шмат апазыцыйнай моладзі выключалі з вышэйшых навучальных установаў. Але са школы пакуль не выключалі. І вось пачалі ладзіць палітычныя рэпрэсіі супраць непаўналетніх, фактычна дзяцей. Прычым выключэньне Шылы адбывалася ў выглядзе спэцапэрацыі. Прыехала надзвычайная камісія зь Менску, разагнала кіраўніцтва школы, нібы справа ідзе пра небясьпечнага злачынцу. Што стаіць за гэтай зьяваю? Чым гэта выклікана?”

Зьміцер Дашкевіч
: “Гэта выклікана жаданьнем улады цалкам падпарадкаваць сабе моладзь. Яны бачаць, што, нягледзячы на рэпрэсіі, маладыя людзі не скараюцца рэжыму. Моладзь, у адрозьненьне ад старэйшага пакаленьня, найменш успрымае дзяржаўную ідэалёгію. На прыкладзе Івана ўлада імкнецца прадэманстраваць усім маладым людзям, што так будзе з кожным, хто пратэстуе супраць яе”.

Алесь Бяляцкі: “З аднаго боку, гэта сапраўды выключны выпадак. Бо дасюль былі толькі пагрозы. Напрыклад, у Менску дырэктарка пагражала выключыць са школы Насту Палажанку. А вось Шылу выключылі.

Зь іншага боку, гэты факт кладзецца ў агульную лінію на здушэньне іншадумства, палітычных апанэнтаў. Масавае выгнаньне было некалькі гадоў таму, калі быў закрыты Беларускі гуманітарны ліцэй. І Міністэрства адукацыі працягвае гэтую заганную традыцыю”.

Адукацыйныя ўстановы бяруць на сябе функцыі палітычнай паліцыі

Карбалевіч: “Падаецца, што кантроль над моладзьдзю, асабліва ва ўстановах адукацыі, узмацняецца. Зьявіліся інструкцыі, што лічыць незарэгістраванай арганізацыяй, несанкцыянаванай акцыяй, якія пакараньні за гэта. То бок ня толькі КДБ, але адукацыйныя ўстановы бяруць на сябе функцыі палітычнай паліцыі, яны кантралююць ляяльнасьць навучэнцаў. Сыстэма кантролю становіцца больш жорсткай і ўсеахопнай. Ці згодны вы з гэтым?”

Дашкевіч: “У любой аўтарытарнай краіне ўлады імкнуцца падпарадкаваць сабе ўсе праявы грамадзка-палітычнага жыцьця. І гэта таксама адбываецца ў Беларусі, дзе аўтакратыя рухаецца ў бок поўнага таталітарызму.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году дэмакратычныя сілы Беларусі зьдзейсьнілі прарыў. Яны стварылі шмат праграмаў навучаньня за мяжой Беларусі для студэнтаў, якія ня могуць гэтага рабіць на радзіме з палітычных прычын. У выніку актывістаў дэмакратычных арганізацый перасталі адлічваць з унівэрсытэтаў.

І вось цяпер улады пачалі ладзіць ціск на школы, каб у маладых актывістаў апазыцыі не было магчымасьці паступіць ва ўнівэрсытэт. Бо без атэстату аб сярэдняй адукацыі чалавека ня прымуць ва ўнівэрсытэт. Я лічу, што цяпер дэмакратычным сілам трэба дамагчыся, каб моладзь магла атрымоўваць за мяжой і сярэднюю адукацыю”.

Бяляцкі
: “Усё гэта нагадвае савецкія часы. І ўлады спрабуюць рэканструяваць тую сыстэму, каб утрымаць пад сваім ідэалягічным кантролем розныя слаі насельніцтва.

Гэта ціск робіць уплыў на моладзь, стварае пачуцьцё страху. Але, як паказвае зноў жа савецкі досьвед, у значнай часткі моладзі выяўляецца недавер да ўлады. Мяркую, што такім падыходам беларускія ўлады сваіх мэтаў не дасягнуць”.

Ці дае эфэкт кантроль над сыстэмай адукацыі?

Карбалевіч: “Вось мае суразмоўцы ўжо пачалі гаварыць пра наступнае пытаньне, пра эфэктыўнасьць такой палітыкі. Калі б гаворка ішла толькі пра ідэалягічны ціск, але ж ідэалягічны ціск дапаўняецца рэпрэсіямі. Ці дае гэты мэханізм кантролю эфэкт, які патрэбны ўладам? Ці можна сказаць, што ўладам удалося ўзяць пад кантроль асноўную частку моладзі?”

Дашкевіч: “Я перакананы, што ўзяць пад кантроль асноўную частку моладзі не ўдалося і ня ўдасца. Выключэньне са школы Шылы дэманструе слабасьць гэтага рэжыму, дыскрэдытуе яго і набліжае канец. Калі дэмакратычныя сілы змогуць арганізаваць заканчэньне адукацыі Івана за мяжой, гэта будзе прыкладам для моладзі”.

Карбалевіч: “Сп. Дашкевіч, вы кажаце, што гэтая палітыка не дае эфэкту. Але большасьць моладзі ў навучальных установах уступае ў БРСМ. У апазыцыйных акцыях бярэ ўдзел няшмат маладых людзей. Іх колькасьць не павялічваецца”.

Дашкевіч: “Уступленьне моладзі ў шэрагі БРСМ цалкам намінальнае. Яны ўступаюць па загадзе, але вядуць сябе пасіўна. Апазыцыі трэба дапамагчы моладзі пераадолець страх”.

Бяляцкі: “Што значыць — моладзь знаходзіцца пад кантролем? Колькі чалавек цяпер гатовыя добраахвотна выйсьці на мітынг па закліку Лукашэнкі? Колькі чалавек верыць у тыя ідэалягемы, які даводзяцца ўладамі?

Сёньняшняя сытуацыя прымушае значную частку моладзі ісьці на пэўны кампраміс з гэтым рэжымам, маючы абсалютна іншыя погляды. Пра гэта сьведчаць сацыялягічныя дасьледаваньні. Я гляджу на беларускую моладзь з аптымізмам. А гэты кампраміс няпэўны і нядоўгі”.

Карбалевіч: “Чаму вы думаеце, што ўладам патрэбна шчырая вера і адданасьць іхняй палітыцы? Можа, уладам дастаткова апалітычнасьці моладзі? А гэтага, здаецца, яны дасягаюць сваёй палітыкай”.

Дашкевіч: “Думаю, нават Лукашэнку відавочна, што ён прайграе гістарычны бой беларускаму народу. І найперш таму, што моладзь не падпарадкоўваецца гэтай прасавецкай бездухоўнай дзяржаўнай ідэалёгіі. Таму і ладзяцца рэпрэсіі. Але гэта абсалютна пройгрышны варыянт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG