Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Бондар: “Апазыцыя: бацькі і дзеці”


“Апазыцыя: бацькі і дзеці” – як складваюцца новыя ўзаемаадносіны пакаленьняў?


Знайсьці адказ на гэтае пытаньне даў заданьне журналістам грамадзкі рэдактар “Свабоды” гэтага тыдня Аляксей Бондар.

Аляксей – удзельнік “Працэсу 14-ці”, асуджаны на два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў спэцустановы. Ён – сябра незарэгістраванага моладзевага руху “Ініцыятыва”. Закончыў Беларускі інстытут правазнаўства. У 2003 годзе атрымаў дыплём юрыста са спэцыялізацыяй “Падатковае й банкаўскае права”. Працаваў у прыватных фірмах, у тым ліку камэрцыйным дырэктарам, юрыстам. Ад 1999 году – сябра Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. У 2006-м ўвайшоў у склад “Ініцыятывы” і стаў праваабаронцам. Першы раз арыштаваны ў 2007 годзе разам з Андрем Кімам.

Пасьля таго, як выйшаў на волю, шмат высілкаў прыкладаў, каб вызваліць Андрэя з-за кратаў. Гэтае змаганьне дазволіла яму лепш даведацца пра маці сябра – спадарыню Тацяну.

Варыянт 1: Бацькі ва ўладзе, сыны – у апазыцыі

Цяперашняя сытуацыя палітычнага выбару паўтарае досьвед эпохі краху савецкай сыстэмы. Бо нягледзячы на ўсе відавочныя зьмены ў краіне, грамадзтву па ранейшаму навязваецца аднадумства, а той, хто выступае супраць “генэральнай лініі”, мае шмат непрыемнасьцяў. Прычым няважна, ці ты асабіста не прымаеш палітыку вэртыкалі, ці твае дзеці...

Гарадзенец Ігар Банцар сёньня рэдагуе польскамоўны часопіс “Magazyn Polski na Uchodzstwie”. Выданьне фінансуюць польскія ўлады, і яно раз-пораз прыцягвае ўвагу гарадзенскай міліцыі, асобнікі арыштоўваюць, як гэта здарылася нядаўна. Ігар Банцар таксама прэс-сакратар Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс, які не прызнаецца беларускімі ўладамі. Днямі іх са спадарыняй Борыс аштрафавалі памежнікі, калі езьдзілі у Воранаўскі раён да сябраў сваёй арганізацыі.

Раней Банцар быў актыўным у “Маладым фронце”, але ў пэўны момант афіцыйна выйшаў з арганізацыі – кажа, што “вырас зь яе”. Бацька Ігара Раман Часлававіч працаваў у абласным упраўленьні ўнутраных справаў, ад нядаўняга часу на пэнсіі. Бацька адмовіўся гаварыць на гэтую тэму, а вось Ігар падтрымаў размову.

Банцар: “Безумоўна, увесь час былі нейкія пытаньні і зараз застаюцца разыходжаньні. Скажам так, у моманты найбольшай маёй актыўнасьці я нават і абвінавачваў бацьку і маці ў тым, што яны сябе пасіўна паводзяць. Але, зь іншага боку, калі я сябе няправільна паводзіў, яны таксама мне тлумачылі гэта. І так засталося і ўвесь час працягваецца. Што рабіць: яны людзі – іншага пакаленьня, і таму я іх разумею”.

Карэспандэнт: “Яны проста баяліся за цябе, што ты неасьцярожна сябе паводзіш, што можа штосьці здарыцца, ці проста яны былі нязгодныя з табой у ідэалягічным сэнсе?”

Банцар: “Пэўна, і тое, і тое. І баяліся за мяне, напэўна, недзе, і не прымалі маёй пазыцыі, таму што калі пачынаю на палітычныя тэмы размаўляць з бацькамі, то бачу, што маці нэрвова рэагуе, бацька ня хоча размаўляць, і не зусім яны пагаджаюцца з маёй пазыцыяй. Ну, што рабіць: такое жыцьцё. Я за тое, каб як мага больш думак было, плюралізм каб існаваў так званы”.

Ігар Банцар — адзін з тых, каго міліцыянты рэгулярна арыштоўваюць напярэдадні акцый апазыцыі. Летась двойчы сядзеў пад арыштам ды разоў пяць яго затрымлівалі. Аднойчы ў суд прыйшоў ягоны бацька, каб падтрымаць яго. Калі нізавошта арыштоўваюць сына, у бацькі, зразумела, абуджаюцца бацькоўскія пачуцьці, кажа Ігар.

Банцар: “Дый маці прыходзіла, калі мяне апошні раз пасадзілі на дзесяць сутак. Яна хацела лісты пісаць… Яна хацела даказаць, што я не вінаваты. Але каму даказаць? Гэтай сыстэме?”

Іншы прыклад — пісьменьнік Лявон Вашко з Мастоў. Ягоны бацька Уладзімер Іванавіч быў некалі другім сакратаром Бераставіцкага райкаму КПБ, затым узначальваў Мастоўскі райвыканкам і райсавет. Лявон далучыўся да адраджэнскай групоўкі на факультэце журналістыкі (закончыў яго ў 1985 годзе), размаўляў толькі па-беларуску. Як рэагаваў бацька?

Вашко: “У студэнцкія часы былі выпадкі выхаваньня зь яго боку, яны не датычыліся менавіта таго, што на беларускай мове размаўляю. Проста калісьці міліцыя залавіла, і КДБ, і пайшлі разборкі. То, канешне, як бацька, ён наганяю даваў. Але таго, каб супраць беларускай мовы, культуры, ён не выказваў ніякіх прэтэнзій”.

Калі Лявон пачаў працаваць у мастоўскай раёнцы, часам узьнікалі даволі няпростыя размовы з бацькам на палітычныя тэмы, успамінае ён:

“Тут і выбары пайшлі вольныя, і на яго, пэўна, ціск быў, а я быў даверанай асобай Алеся Белакоза. Не забарона, каб гэтым займаўся, але пажаданьні, каб усё выглядала прыстойна. Я б не сказаў, каб ён неяк адмоўна ставіўся да дэмакратыі, да беларускай мовы. Зь іншага боку, погляд у яго быў памяркоўны. Сёньня я разумею, што, напэўна, так і трэба было”.

У бацькі было жыцьцёвае стаўленьне да новых зьяваў у грамадзтве – памяркоўнае, нават мудрае, кажа Лявон. Успамінае маці Лявона Вашко, Аляксандра Рыгораўна:

А.Вашко: “Супраціву з нашага боку не было, але зьдзіўляліся. Бо ў школе Лявон ня вельмі любіў беларускую мову і літаратуру. Настаўніца мне часта скардзілася, што ня хоча вучыць. А потым зь Менску тэлефанаваў на беларускай мове, а мы адказвалі па-руску, бо я выкладала рускую мову ў школе. Таму было крыху складана, але мы не пярэчылі: калі яму падабаецца беларуская мова, хай размаўляе”.

Карэспандэнт: “А ці не было спрэчак на палітычныя тэмы паміж бацькам і сынам?”

А.Вашко: “Не, напэўна не было. Бацька падтрымліваў яго. Так што нічога такога не было”.

Камэнтуе Аляксей Бондар:

“На прыкладзе 1990-х мы ўбачылі: прынцыповыя, глыбокія, жыцьцяздольныя ідэі – а тады менавіта абудзілася нацыянальная ідэя, зьвіўся інтарэс да сваёй гісторыі, у чым моцна паспрыялі Курапаты, – у стане аб’яднаць ня проста жменьку асобаў, а ўсю нацыю. У тым ліку і дзеля барацьбы. Тады – з антынародным камуністычным рэжымам.

На жаль, сілы, якія прыйшлі неўзабаве да ўлады, паспрабавалі вярнуць савецкую сыстэму. І зараз мы зноў бачым і піянэрскія гальштукі, і “лукамол”, нашае жыцьцё ўжо ізноў мераюць пяцігодкамі…

Сёй-той пасьмейваецца з гэтага. Аднак у 1920-я менавіта вось так насьміхаліся з бальшавікоў, але яны здолелі пабудаваць свой рэжым, тварам якога сталі Курапаты…

Таму зараз мы мусім не сьмяяцца, а – змагацца. Зь небясьпечнымі рэцыдывамі мінуўшчыны. Аднак цяперашняе пакаленьне больш пасіўнае за папярэдняе, якое жыло ў мамант пералому савецкай сыстэмы. Але як казаў мне нядаўна Генадзь Бураўкін, у нашых людзях беларускасьць ёсьць, нягледзячы ні на што. Як бы яе ні вынішчалі, як бы зь ёю ні змагаліся – яна застаецца. І яна – выбухне!”


Варыянт 2: Бацькі ў апазыцыі, дык і дзеці за дэмакратыю

19 кастрычніка 1988 году ў Менску быў утвораны аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту. Берасьцеец Уладзімер Вялічкін – сябра партыі БНФ з 1994 году. Дачка Наста – асьпірантка Варшаўскага ўнівэрсытэту, сын Міхась – студэнт унівэрсытэту ў Торуні. Да апазыцыйнай палітыкі яны далучыліся сьледам за сваім бацькам, а зараз ужо дзейнічаюць самастойна, кажа спадар Вялічкін:

“Яны заангажаваныя ў палітыку таксама, як і я, а магчыма – нават больш. Іншая рэч – па-свойму ідуць і змагаюцца за Беларусь і беларускасьць. Гэта ўдзел у нейкіх масавых акцыях, за што неаднаразова цярпелі. Літаральна напярэдадні Новага году Насту затрымалі за пікетаваньне расейскай амбасады і зьняволілі на пяць сутак. Міхася таксама неаднаразова затрымлівалі. Яны адмыслова прыяжджаюць у Беларусь, калі ў краіне штосьці адбываецца. Мяне яны не пытаюцца”.

Уладзімер Шыла з Салігорску – бацька вядомых моладзевых актывістаў Івана й Ільлі. Ён кажа, што да палітыкі сыны далучыліся самастойна. Але, безумоўна, меў месца й ягоны ўплыў:

“Вядома, я заўсёды цікавіўся палітыкай, ня быў абыякавым чалавекам. Мы з жонкай не шапталіся дзесьці ў вугалку пра гэта – абмяркоўвалі зь дзецьмі. Я ім казаў: ёсьць такая рэч, як дэмакратычныя каштоўнасьці. Што ў розных краінах ёсьць рознае да гэтага стаўленьне. Паводле гэтых каштоўнасьцяў людзі і грамадзтва знаходзяць шляхі будаўніцтва сваёй будучыні. Гэта ў нашай сям’і была не забароненая тэма размовы зь дзецьмі. Таму, пэўна, і зьявілася такая цікавасьць”.

Менавіта праз бацьку – Аляксандра Казуліна – да палітыкі далучыліся ягоныя дочкі, Вольга й Юлія. Сын намесьніка старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі Франак Вячорка стаў самастойным моладзевым палітыкам. А вось што гаворыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пра сваю жонку і сына Арцёма:

“Мая сям’я цалкам, на сто адсоткаў складаецца з маіх аднадумцаў. Што тычыцца сына, то хутчэй за ўсё ў палітыку ён ня пойдзе. Але на ўсіх акцыях – побач са мной. Калі патрабавалася, падтрымаў мяне на выбарах у гарсавет. Як мяне не зарэгістравалі, то ён пайшоў на акцыю пратэсту, хоць і былі пасьля праблемы. Тады яму і Казулінай казалі: калі яны не адумаюцца, то будзе расфармаваны факультэт. Наагул, я ня ведаю ў нашай дый іншых партыях прыкладаў, каб сем’і не падтрымлівалі сваякоў-палітыкаў”.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

“Адна справа падзяляць палітычныя погляды бацькоў, а іншая рэч стаць нашчадкамі палітычнай дзейнасьці бацькоў. Палітыка, гэта ўсё ж ня проста прафэсія, а дзейнасьць, якая прадугледжвае сабой пакліканьне. І вось гэтае пакліканьне перадусім робіць чалавека палітыкам, а затым ужо гэта дадаецца наборам кваліфікацыі, кампэтэнцыі і гэтак далей.

Палітыка, як прафэсійная дзейнасьць, – гэта справа асобы, індывідуальнасьці, а не сямейная справа. Я думаю, што гэта цалкам нармалёвая сытуацыя. Мы жывём не ў фэадалізьме, калі дзеці павінныя абавязкова пераймаць лад жыцьця і занятку бацькоў. Тут трэба казаць пра вучняў, і гэта больш істотна, каб справа працягвалася. Каб пераемнасьць была не праз дзяцей, не па крыві, а праз духоўную пераемнасьць, праз вучняў і наступнікаў”.

Камэнтуе Аляксей Бондар:

“Тыя людзі, якія абудзіліся падчас развалу савецкай імпэрыі, выхоўвалі сваіх дзяцей ужо ў духу адраджэньня. І зараз дэмакратычная апазыцыя шмат у чым складаецца менавіта з гэтых наступнікаў, якія пасталелі і перанялі паходню ў тых, хто змагаўся яшчэ з камунізмам. Можна згадаць, напрыклад, сына Ўладзімера Арлова Багдана, вельмі яркага, пазытыўнага Франака Вячорку, шмат каго іншых. Дзяцей учорашніх фронтаўцаў сярод іншага па-ранейшаму вылучае любоў да роднай мовы, інтэлігентнасьць, вернасьць ідэалам нацыянальнага адраджэньня. На жаль з-за татальнага наступу дзяржаўнай ідэалёгіі, інфармацыйнага вакуўму, мэтанакіраванай прапаганды гэтая праслойка міма сваёй волі фактычна маргіналізавалася, стала для іншых рэччу ў сабе. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, гэта, я лічу, –апора будучай Беларусі”.


Варыянт 3: Як ціснуць на дзяцей, дык бацькі выпрамляюцца

Выпускніка коласаўскага ліцэя Міколу Астрэйку за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” ў 2006 годзе асудзілі на два гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Перад вокнамі суду, дзе ішло закрытае паседжаньне, яго заўсёды чакалі бацькі. Дзеля падтрымкі бацькоўскай і дзеля падтрымкі грамадзянскай. І так было заўсёды, кажа маці Міколы сп. Яўгенія:

“Гэта пачалося зь ліцэя. Калі мы сталі адстойваць яго – спачатку дзеці, потым далучыліся бацькі... І я тады зразумела, што хаця мы, можа, нічога і не дабіліся ўрэшце рэшт, але пакуль там вучыліся нашыя дзеці, ліцэй існаваў”.

Яўгенія Астрэйка: “Нас было чацьвёра, але мы былі разам у падтрымцы сваіх дзяцей”

І калі ішоў суд над сябрамі “Партнэрства”, салідарнасьць бацькоў у падтрымцы дзяцей была бацькоўскім абавязкам, лічыць Яўгенія Астрэйка:

“Нас было чацьвёра – “Партнэрства”, але мы былі разам. Мы адзін аднаму тэлефанавалі, мы ведалі ўсё, мы пісалі нейкія лісты, мы адзін аднаго падтрымлівалі як маглі, – і мы падтрымлівалі сваіх дзяцей. І я думаю, для іх гэта было вельмі-вельмі важна”.

Тацяна Севярынец: “Мы ніколі не падтрымлівалі камуністычнага выхаваньня”

Падтрымка, давер і павага да ўласнага выбару – гэта падмурак і выхаваньня маладога палітыка Павала Севярынца. Распавядае ягоная маці Тацяна Севярынец:

“Перажывалі, канешне, безумоўна. І ліла я сьлёзы, і плакала, і перажывала, і малілася, каб з майго дзіцяці ня зьдзекваліся. Але падтрымлівалі яго. І нават калі нас выклікалі ў дэканат і прасілі, каб мы адгаварылі Пашу ад палітычнай дзейнасьці, бо ў яго вялікая будучыня як вучонага, ён такі самы разумны на факультэце, і абяцалі яму і акадэмію, і ўсё на сьвеце... Але мы паслухалі і сказалі: у нас насамрэч добры сын, і мы яму давяраем. Як ён выбярэ, гэтак і будзе”.

Апроч даверу бацькоў, Паўлу дапамагала й іхняя салідарнасьць у грамадзянскіх перакананьнях, поглядах:

“Калі здарылася так, што Паша пайшоў у апазыцыю, мы яго падтрымалі. Таму што мы самі так думалі. Мы ніколі самі не падтрымлівалі камуністычнага выхаваньня, крытычна ставіліся да рэчаіснасьці, і калі нешта не падабалася, то нейкім чынам з гэтым стараліся змагацца. Таму я добра ведала: нашыя дзеці благога ня зробяць і дрэннае ня выберуць. Таму мы заўсёды былі побач. Калі трэба – падстаўлялі плячо”.

Падстаўляць плячо, любіць, падтрымліваць і верыць, – гэта падмурак выхаваньня гарманічнай асобы, лічыць маці Міколы Астрэйкі Яўгенія:

“Бацькі павінны, проста іх абавязак – падтрымліваць і разумець сваіх дзяцей. Я лічу, для кожнага бацькі і маці свой сын ці дачка – самыя лепшыя ў сьвеце. І трэба ім часьцей пра гэта – “Ты лепшы, я цябе люблю!” Тады ён нічога дрэннага ня зробіць... Многія бацькі не падтрымліваюць сваіх дзяцей, яны кажуць: “Хоць ты з хаты ідзі...” Куды ж ён пойдзе? Калі мы не разумеем сваіх дзяцей, то хто зразумее?”

Артур Фінькевіч: “Калі бацькі за цябе, выпростваюцца крылы”

Артуру Фінкевічу, былому палітвязьню, намесьніку старшыні Маладога Фронту, пашанцавала на падтрымку, дапамогу і любоў бацькоў. Асабліва адчувальна гэта было за кратамі. Калі бацькі за цябе, пачуваеш сябе значна мацнейшым, кажа Артур. І наадварот:

“Калі дзеці і бацькі па розныя бакі барыкадаў, то існуюць пэўныя своеасаблівыя праблемы: трэба ж дзяцей забіраць зь міліцыі, аплачваць штрафы, ці нейкія праблемы з вучобай і гэтак далей…”

Грамадзтва, дзе бацькі і дзеці побач, поплеч, поруч – мае значна больш шансаў на перамогу, лічыць Яўгенія Астрэйка:

“Хачу сказаць і пра гэтыя акцыі, і пра ўсё: каб побач з кожным хлопцам і дзяўчынай былі бацькі, – гэта ўжо вялікая сіла...”

Камэнтуе Аляксей Бондар:

“З прыходам да ўлады Лукашэнкі, адразу зьявіліся і палітзьняволеныя, і невядома куды згінуўшыя людзі. Апроч іх саміх ад гэтага найбольш пацярпелі, зразумела, бацькі. Да сёньняшняга моманту адно зь цяжкіх злачынстваў рэжыму – зьдзекі над бацькамі сваіх маладых апанэнтаў.

Варта нагадаць, напрыклад, што з-за шматпакутнага Павала Севярынца пазбавілі працы ягоную маці. Колькі разоў бачыў, як прыяжджае сустракаць свайго сына бацька Зьмітра Дашкевітча – то з сутак. То з турмы. То з суду… Гэта моцны чалавек, але ў вачах ягоных бачу такі боль… Гэта амаральна – так зьдзеквацца з годных людзей, якія выхавалі такіх годных, сумленных, прыгожых душой, адукаваных дзяцей.

Апошні прыклад – маці майго сябра Андрэя Тацяна Андрэеўна Кім. Трэба было бачыць яе вочы ў момант вынясеньня прысуду. І вокліч “Я ганаруся табой, сынок!”, – гэта вера ў яго.

А яе пакуты, як і пакуты бацькоў Павала Севярынца, Зьмітра Дашкевіча, шмат каго іншых – гэта прысуд цяперашняй уладзе. Праўда заўсёды пераможа. А тое, што зараз верх за сіламі зла – зьява часовая”.


Варыянт 4: Калі бацькі пачынаюць думаць за дзяцей – чакай бяды

Герой наступнага матэрыялу жыве ў адным зь мястэчак на Магілеўшчыне і папрасіў не называць яго прозьвішча. З жонкай яны разам амаль дваццаць пяць гадоў, выгадавалі траіх дзяцей. Міхаіл Ігаравіч ад 1992 году займаецца грамадзкай дзейнасьцю. Ён – адзін з заснавальнікаў раённага Клюбу выбарцаў. Ніводная кампанія не абыходзілася без удзелу гэтага праваабаронцы, выдаўца мясцовай грамадзка-палітычнай газэты ды краязнаўцы і стваральніка першага сайту свайго гораду.

Гэтую грамадзкую актыўнасьць улада разглядае як дэструктыўную. Міхаіл Ігаравіч ня можа сёньня нават дакладна прыгадаць, колькі разоў яму даводзілася мяняць месца працы за апошнія шаснаццаць гадоў. Менавіта праз страту працы і пачаліся канфлікты ў сям’і. Міхаіл Ігаравіч так іх тлумачыць:

“Страх за сям’ю, страх за дзяцей, страх застацца бяз сродкаў існаваньня – вось, мне здаецца, галоўная прычына такіх праблемаў. Хоць падтрымка, так бы мовіць, у душы, яна як была, так і ёсьць”.

Жонка Міхаіла Ігаравіча, Сьвятлана Пятроўна, выказацца наконт сямейных непаразуменьняў не пажадала, аднак зазначыла: для яе праблема тут найперш у дзецях, якія пасьпелі зьведаць праблемы… Што ж да самой яе, дык тут яшчэ зьмірыцца можна, хоць таксама ўсяго хапае:

“Мне на пэнсію пайсьці, тады б я вам сказала ўсё. Кажу шчыра: мяне ўжо хацелі зьняць, бо я жонка апазыцыянэра”.

Міхаіл Ігаравіч лічыць сябе рэалістам і разумее, што сям’я жыве ня толькі грамадзкай дзейнасьцю:

“У ідэале хацелася б поўнага ўзаемапаразуменьня. У той жа час я разумею, што калі ў сям’і ўсе згубяць працу, тады адзіным выйсьцем застанецца толькі зьехаць туды, дзе цябе ня ведаюць, дзе з працай лепш”.

Наколькі тыповы гэты прыклад? Ці часта грамадзкая дзейнасьць аднаго зь сямейнікаў – мужа, жонкі, сына, дочкі – правакуе канфлікты паміж імі? Вось меркаваньне актывісткі з Бабруйску Таісіі Кабанчук:

“Напэўна, такіх сем’яў болей, чым тых, дзе ёсьць адзінства ў поглядах на гэтыя справы й рэчы. Мне здаецца, прычына ў тым, што грамадзкімі справамі можа займацца чалавек, вышэйшы за ўзровень чаркі ды шкваркі. Мне здаецца, трэба працаваць зь людзьмі, якія побач. Калі чалавеку цяжка пераканаць сваіх блізкіх і родных у карысьці той справы, якой ён займаецца, дык як ён будзе пераконваць астатняе грамадзтва?”

Дарэчы, у самой Таісіі Кабанчук з-за палітычнага перасьледу сын мусіў некалькі гадоў жыць за мяжой. Ад той пары яе любімая песьня – “Разьвітаньне з Радзімай” Сокалава-Воюша.

Камэнтуе Аляксей Бондар:

“Ставіцца зь непавагай да грамадзкай пазыцыі сваіх дзяцей, гэта значыць не паважаць самога сябе перш за ўсё. У мяне ёсьць знаёмы, Андрэй. Калі 21 студзеня ён выходзіў з Акрэсьціна пасьля дзесяці сутак, дык давялося гаварыць зь ягонай маці. Шмат бруднага выліла на нас… Маўляў, “завэрбавалі і даляры атрымалі…” Вось ён, рэальны вынік прапаганды БТ й іншых СМІ рэжыму. На жаль, яшчэ ёсьць людзі, якія трапляюць пад уплыў дзяржаўнай машыны ілжы й правакацый.

Зь іншага боку, бацькоў такіх становіцца ўсё менш. Затое да чаго яны даходзяць – маці адной нашай выдатнай актывісткі наагул хіба ці не адмаўляецца ад дочкі…

І вось тое, што сярод іншых крытэраў сем’і – аснова грамадзтва – часам дзеляцца цяпер па прыкмеце палітычнай арыентацыі, ня хочуць ведаць адзін аднаго – чарговае сур’ёзнае злачынства рэжыму.

Масавы перасьлед моладзі зь 2006 году (узгадаць хоць бы “працэс 14-ці” ) толькі павялічыў лік бацькоў, уцягнутых у палітыку, у змаганьне. І хоць сяго-таго тое напалохала, усё ж я бачу тэндэнцыю ў іншым: вэртыкаль не дасягнула і не дасягне сваёй мэты. Бо ў масе сваёй бацькі – разам зь дзецьмі. Моладзь аб’ядноўваецца пад ціскам рэпрэсій – і старэйшыя таксама. Калі раней хто, можа, і не падзяляў поглядаў сваіх дзяцей, пад уплывам відавочнай несправядлівасьці, на знак супраціву аглаблёвай сіле пачынаюць падымацца з кален, перастаюць быць абыякавымі шарагоўцамі. Гэта – аб’ектыўны працэс.

Улада сама сабе капае яму. Сярод іншага тым, што аб’ядноўвае ўсіх нас – і бацькоў, і дзяцей”.


Грамадзкі рэдактар наступнага тыдня – старшыня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жанна Літвіна. Тэма тыдня "Чаму грамадзтва не рэагуе на абмежаваньне свабоды слова?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG