Ва ўладаньне рэчыцкім броварам галяндцы ўступяць зь 1 ліпеня 2008 году.
У сьнежні 2007-га “Гайнэкен” ужо набыў кантрольны пакет акцый бабруйскай піваварнай кампаніі “Сябар”, што дае падставу экспэртам прагназаваць: ужо сёлета “Heineken” выйдзе на другое месца ў Беларусі ў вытворчасьці піва, і калі ўсё пойдзе так, як плянуецца, зойме амаль 25% беларускага рынку.
На Рэчыцкім бровары прыходам галяндзкіх інвэстараў задаволеныя і ўскладаюць на супрацоўніцтва вялікія спадзяваньні. Як кажа адзін з мэнэджэраў прадпрыемства, у дадзеным выпадку трэба браць пад увагу ня толькі грашовыя інвэстыцыі, але і сучасныя вытворчыя тэхналёгіі, якія прыйдуць на прадпрыемства, а таксама перадавыя формы гандлю і прасоўваньня прадукту на іншыя рынкі.
Ці можна спадзявацца, што ўрэшце на беларускім рынку зьявіцца піва клясы прэміюм, якога ў Беларусі пакуль ня вараць? Мой суразмоўца лічыць, што ў беларускіх умовах гэта досыць аддаленая пэрспэктыва:
“Справа ў тым, што танныя пазыцыі бессэнсоўна адкульсьці завозіць: складнік транспартных выдаткаў занадта высокі. На дарагім піве доля транспартных выдаткаў не настолькі адчувальная, таму дарагія гатункі выгадна варыць толькі тады, калі вытворчы патэнцыял адпавядае попыту. Неабходныя вельмі сур'ёзныя тэхналягічныя лініі. Аб'ём продажаў клясы прэміюм у Беларусі аб'ектыўна не настолькі высокі, а тэхналягічнае абсталяваньне для выпуску вельмі сур'ёзнае. Таму эфэктыўна масавыя пазыцыі разьліваць, сыходзячы з канкрэтнай тэрыторыі, а эксклюзіўныя – варыць у адным месцы, каб вытворчасьць была загружаная і абсталяваньне працавала эфэктыўна”.
Паводле прадстаўнікоў Рэчыцкага бровару, бліжэйшым часам стаўка будзе зробленая на расейскія брэнды, якія належаць “Гайнэкену”: ад верасьня на іншым падкантрольным галяндцам бровары “Сябар” пачнецца выраб піва “Доктар Дызэль”, пасьля гэтага ў Бабруйску і ў Рэчыцы возьмуцца за разьліў бюджэтных гатункаў пад шыльдай “ПІТ”.
Дарэчы, з прыходам замежнікаў у Рэчыцы не выключаюць кадравых перастановак. Як паказвае практыка, дзесьці цягам паўгода інвэстар уваходзіць у курс эканамічнай сытуацыі, пасьля чаго пакідае стары склад кіраўніцтва або праводзіць кадравую рэформу. Прыкладам, сёлета старшынём назіральнай рады піваварнай кампаніі “Сябры” прызначаны галяндзец Хенк ван Гельдэрэн. Пасьля таго як летась акцыянэрамі менскай “Аліварыі” стаў скандынаўскі капітал пад шыльдай “Baltic Beverages Holding”, у крэсьле генэральнага дырэктара Мікалая Дудко, які заняў гэтае месца пасьля трагічнай сьмерці сваёй маці, зьмяніў расеец Віктар Сямак. З Расеі накіраваны на “Аліварыю” і камэрцыйны дырэктар.
Эканаміст Сяргей Балыкін кажа, што інвэстыцыі ў беларускія бровары патрабаваліся даўно. Разам з тым ён ня верыць, што беларуская эканоміка асабліва ад гэтага выйграе:
“Насамрэч гэтую галіну трэба было прадаваць ужо даўно, бо якасьць нашага піва, мякка кажучы, пакідае жадаць лепшага. Піўная галіна не зьяўляецца стратэгічнай, таму прадаваць яе магчыма, і дзяржаве ад гэтага кепска ня будзе. Яна аб'ектыўна патрабуе некаторых інвэстыцыяў.
Але сам факт продажу піўных кампаніяў увогуле ня сьведчыць пра тое, што ў нас адбываецца нейкая істотная лібэралізацыя або што сюды прыцягваюцца нейкія істотныя інвэстыцыі. Замежны інвэстар ідзе ў тыя галіны прамысловасьці, дзе, па-першае, можна даволі хутка атрымаць прыбытак.
А па-другое, набыцьцё вось гэтых піўных кампаній дазваляе ўвайсьці на беларускі рынак. Ад такога інвэстара беларускай эканоміцы значна лепш ня стане. На рынку зьявіцца яшчэ некалькі гатункаў піва, што добра для спажыўца, але інвэстар будзе проста атрымліваць тут прыбытак і пераводзіць яго за мяжу”.
Цяпер расстаноўка сілаў на беларускім піўным рынку выглядае так: “Рэчыцапіва” і “Сябар” – пад эгідай “Гайнэкен”. Палітыку на “Аліварыі” фармуе “ВВН”. Менская “Крыніца разьвіваецца коштам унутраных укладаньняў і цягне яшчэ два прадпрыемствы – у Берасьці і Полацку. Лідзкі бровар стаіць асобна, але “Гайнэкен” ужо заяўляў, што мае для Ліды цікавы інвэстыцыйны праект.
Кампанія “Heineken N.V.” заснаваная ў Галяндыі ў 1864 годзе. Гэта найбуйнейшы півавар у Эўропе і чацьвёрты – у сьвеце. Валодае 120 броварамі ў 65 дзяржавах, вырабляе 170 гатункаў піва.