Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Этыкеткі – адлюстраваньне матэрыяльнай культуры”


5 красавіка ў Менску бровар “Крыніца” і клюб “Бірафіліст” праводзяць першы міжнародны зьезд калекцыянэраў піўной атрыбутыкі.


У Беларусі гэта пакуль ня масавае захапленьне, але ёсьць некалькі дзясяткаў калекцыянэраў піўных коркаў, этыкетак ды іншых дзіўных рэчаў. Ёсьць сотні неарганізаваных калекцыянэраў, пра якіх мала хто ведае – так званыя падпольшчыкі. На першы міжнародны зьезд запрошаныя нашы суседзі – калекцыянэры Расеі, Украіны, Малдовы, Латвіі, Літвы.

Піўная атрыбутыка – гэта ўсё тое, што зьвязана зь півам: этыкеткі, бутэлькі, бляшанкі, коркі, адкрывачкі, падстаўкі пад куфлі, самі куфлі, падносы, запальнічкі, на якіх нанесеныя лягатыпы бровараў. Калекцыянэры такой прадукцыі зьявіліся амаль адначасова з вынаходзтвам бурштынавага напою. У Беларусі гэты рух аформіўся пры канцы 1980-х. Беларускія калекцыянэры ўдзельнічалі ў такіх імпрэзах у многіх краінах сьвету, і вось цяпер упершыню запрасілі ў госьці калег.

PR-мэнэджар адкрытага акцыянэрнага таварыства “Крыніца” Эла Мацьвеева кажа:

“Для нас гэта ў першую чаргу не PR-ход, а менавіта падтрымка культуры спажываньня прадукту, павагі да піўных традыцыяў. Таму што, на жаль, на піва глядзяць як на малодшага брата моцных алькагольных напояў, а мы кажам пра тое, што гэта традыцыйны нармальны напой, у тым ліку традыцыйны для беларускай кулінарнай культуры, для беларускай гастранамічнай культуры”.

Кіраўнік клюбу “Бірафіліст” Антон Рымашэўскі калекцыянуе піўныя коркі, ён – уладальнік самай вялікай калекцыі ў Беларусі:

“У маёй калекцыі каля 8 тысяч коркаў. Прадстаўленыя 130 краін сьвету. Асноўная крыніца папаўненьня калекцыі – менавіта абмен. За адну абменную біржу (мы гэта так называем) можна выменяць да 500 коркаў. Натуральна, выпіць 500 бутэлек піва вельмі цяжка, тым больш знайсьці 500 розных”.

Карэспандэнтка: “А што лічыцца рарытэтам?”

“Мэталічны піўны корак ня так даўно зьявіўся, раней былі парцалянавыя коркі. Самы вялікі рарытэт, які я бачыў у сваім жыцьці – чылійскі корак 1905 года ў калекцыі аднаго маскоўскага калекцыянэра”.

Сябра клюбу “Бірафіліст” Юры Лапацін зьбірае этыкеткі, прычым даволі спэцыфічныя:

“Піўныя этыкеткі, дзе намаляваныя Дзед Мароз, алені ды розныя іншыя навагоднія радасьці. Яны дастаткова рэдкія, прадукт сэзонны. У мяне, да прыкладу, з усяго сьвету ёсьць каля дзьвюх тысяч такіх этыкетак. Калекцыя каштоўная тым, што ёсьць маленькія бровары, якія адзначаюць яшчэ такія сьвяты, не шкадуюць сродкаў на новыя этыкеткі, каб парадаваць спажыўцоў”.

Дарэчы, на сайце beerofby.com – 684 беларускія піўныя этыкеткі (174 – “Лідзкага бровару”, 132 – “Крыніцы, 105 – “Аліварыі”).

PR-мэнэджар “Крыніцы” Эла Мацьвеева працягвае:

“Кажучы пра этыкетку, мы да яе ставімся, як ставіўся адзін з заснавальнікаў руху калекцыянэраў піўной атрыбутыкі Рудольф Казарскі: этыкетка, якая зьяўляецца часткай прадукту, зьяўляецца адлюстраваньнем матэрыяльнай культуры грамадзтва. А калекцыянэры – гэта не дзівакі-рамантыкі, насамрэч калекцыянэры – гэта захавальнікі гісторыі матэрыяльнай культуры грамадзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG