У суседніх зь Беларусьсю краінах Эўразьвязу -- 12-гадовае сярэдняе школьнае навучаньне. У Польшчы пачатковую ступень складаюць першыя 8 клясаў, пасьля – вучоба ў гімназіі альбо у ліцэі.
12 гадоў вучацца і ў Літве, дзеці маюць два выходных у тыдзень. Два гады таму Літва адмовілася ад профільнай адукацыі для старшаклясьнікаў – выдаткі не апраўдалі сябе.
Пэдагог з амаль 30-гадовым стажам працы ў Літве, дырэктарка беларускамоўнай сярэдняй школы імя Ф.Скарыны ў Вільні Галіна Сівалава адзначае, што Беларусь мае магчымасьць карыстацца досьведам суседняй Літвы, дзе ўжо паспрабавалі многае з тых адукацыйных рэформаў, якія Беларусь толькі пачынае.
Г. Сівалава заўважае, што пераход на 12-гадовы тэрмін навучаньня ў Літве, практычна, цалкам, апраўдаў сябе і адбыўся бяз праблемаў:
“Мы вельмі хутка перайшлі на 12-гадовае навучаньне. Сьвет цяпер дастаткова мабільны, і хутка гэта робіцца. Гэта ж ня мы першыя пачыналі – бярэцца вопыт, практыка іншых краін. Кожная зьява мае свае плюсы і мінусы, але, пераважна, 12 гадоў навучаньня цалкам сябе апраўдваюць”.
“Вучыцца ў сьвеце будуць усё даўжэй, а працаваць усё меней”
“Справа ў тым, што ў чалавецтва увесь час павялічваецца колькасьць гадоў навучаньня. І я лічу, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца – вучыцца ў сьвеце будуць усё даўжэй, а працаваць усё меней. Па той простай прычыне, што колькасьць ведаў у чалавецтва расьце. Кажуць, што праз кожныя 15 гадоў колькасьць ведаў і інфармацыі ў сьвеце павялічваецца удвая.
Я сама лічу, і як пэдагог, і як маці, што лепш даць вучням меншую нагрузку – менш урокаў і суботу цалкам вольную, -- і вучыцца 12 гадоў, чым, дзеля таго, каб закончыць школу на год раней, вучыцца па 8 урокаў удзень ды яшчэ, напэўна, і па суботах, і пазбаўляць дзяцей магчымасьці больш часу праводзіць з бацькамі”.
“Калі Беларусь дасьць рады і з такой рэформай, то настаўніку кожнаму трэба помнік пры жыцьці паставіць”
Дырэктарка беларускамоўнай школы ў Літве Г. Сівалава адзначыла, што пераход на 11-гадовы тэрмін навучаньня ў сярэдняй школе ў Беларусі можа дадаць цяжкасьцяў і пэдагогам, і вучням: альбо вырасьце нагрузка альбо дзеці не атрымаюць неабходнага ў сучасным сьвеце аб'ёму ведаў.
“Але, калі ў краіне не хапае грошаў і рабочых рук, то пераход на 11-годку, можа быць апраўданы эканамічна. Але наколькі такі зварот апраўданы цалкам – гэта ж трэба перарабляць праграмы, старыя ж нельга вярнуць – бо зьмяніліся адукацыйныя тэхналёгіі, дзеці зьмяніліся, сьвет зьмяніўся, нельга мэханічна старое вяртаць. Перарабіць трэба будзе падручнікі, перавучваць настаўнікаў, як хутка гэта можна зрабіць, цяжка сказаць, але да 1 верасьня, за адно лета, гэта дакладна немагчыма, – цікава паглядзець, калі ў Беларусі атрымаецца такі экспэрымэнт у рамках адной краіны. Калі Беларусь дасьць рады і з такой рэформай, то настаўніку кожнаму трэба помнік пры жыцьці паставіць”.
12-годка -- у 80 працэнтах краінаў сьвету
80 працэнтаў краінаў сьвету маюць 12-гадовую сярэднюю адукацыю, у іх ліку -- ЗША, Японія, суседнія зь Беларусьсю Расея і Украіна.
Ва Украіне, у рамках агульнаадукацыйнай рэформы, адбываецца пераход з 11-гадовага на 12-гадовы тэрмін сярэдняга навучаньня, каб далучыць краіну да міжнародных адукацыйных стандартаў. 12-гадовая школа складаецца з чатырох гадоў малодшай школы, дзе дзеці пачынаюць вучыцца з 6 гадоў, з 5 гадоў асноўнай школы (5-9 клясы) і з 3 гадоў старэйшай школы. Дзьве першыя ступені ужо пераведзеныя на 12-гадовыя праграмы.