Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МАЗ можна прадаць за 5—8 мільярдаў даляраў”


Алег Дзерыпаска
Алег Дзерыпаска

Кіраўніцтва Беларусі лічыць пэрспэктыўным сумесны праект МАЗУ і акцыянэрнага таварыства “Русские машины”, гаспадар якога — Алег Дзерыпаска.



Паводле інфармаваных крыніцаў, якраз напярэдадні Дзерыпаска абмяркоўваў у Менску з Аляксандрам Лукашэнкам магчымасьць прыватызацыі МАЗа. У прыватнасьці, расейскі бок прапануе аб'яднаць у адзіную вытворчую структуру МАЗ і аўтамабільны завод вялікагрузных машынаў “Урал” (Чалябінская вобласьць Расеі). Чым тлумачыцца гатовасьць беларускага кіраўніцтва пачаць гандаль дзяржаўнай уласнасьцю?
Дзерыпаска вырашыў, як сваяк першага прэзыдэнта Расеі Ельцына, скарыстацца старымі сымпатыямі і “апрацаваць” Аляксандра Рыгоравіча

Вось што пра гэта мяркуе эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка:

“Чаму гэта адбываецца? Расейскія экспэрты і сам Дзерыпаска ўбачылі, што існуе праблема, зьвязаная з дынамікай разьвіцьця беларускага аўтамабілебудаваньня. У Беларусі няма добрай маркетынгавай палітыкі, Беларусь пераважную большасьць прадукцыі, каля 85%, прадае на расейскім рынку. У самой Расеі адбываецца зьліцьцё і ствараюцца свае ўласныя холдынгі, якія канкуруюць. Таму Дзерыпаска вырашыў, як сваяк першага прэзыдэнта Расеі Ельцына, скарыстацца старымі сымпатыямі і “апрацаваць” Аляксандра Рыгоравіча”.

А ці не атрымаецца ўрэшце тое, што было ўжо неаднаразова? Кіраўнікі буйных расейскіх кампаній нібыта дамаўляюцца на найвышэйшым узроўні беларускай улады пра акцыянаваньне таго ці іншага прадпрыемства, а потым іх ці “кідаюць”, ці падпісаныя дамовы кардынальна перапісваюцца. Леанід Заіка трымаецца такой думкі:

“Не, надышоў час дзяліць грошы. Скажам так, голас Шуры Балаганава даносіцца з усіх куткоў. У Лукашэнкі дзеці вырасьлі, пара дзяліць. Вы ўвогуле ведаеце, у колькі гадоў Дзерыпаска ды іншыя заняліся падзелам уласнасьці ў Расеі? Ім было 25—27 гадоў. Я сам асабіста падлічыў. Сучасным расейскім алігархам, якія скіроўваюцца ў Беларусь, 40—42 гады. Таму цяпер гэта якраз час выхаду дзяцей Лукашэнкі на прыватызацыйную лінію. Іхная чарга зараз выходзіць, бо калі замарудзіць, можа нічога не застацца”.

Колькі грошай у тэорыі можна атрымаць за акцыянаваньне МАЗа? Летась іншы патэнцыйны акцыянэр Менскага аўтазаводу — КамАЗ з Набярэжных Чаўноў — называў лічбу блізу 2 мільярдаў даляраў, на што беларускі бок адказаў сумай мінімум удвая большай. Леанід Заіка падлічыў:

“На стварэньне новай мадэлі машыны патрабуецца дзесьці пад мільярд даляраў. Таму, мяркую, мільярдаў 5—6 можна было б за яго атрымаць. З улікам ужо таго, што завод сам па сабе вельмі вялікі. Увогуле, калі ў ЗША кампанія “Wreeglis” купляе “Mars” за 26 мільярдаў даляраў і робіць жуйкі ды цукеркі, то па добрых заходніх мерках за МАЗ можна было б узяць ад 5 да 8 мільярдаў. І нават больш. Проста ў нас няма капіталізацыі. Мы пакуль у гэтым сэнсе дурныя. Праўда, дурням шанцуе, як казаў прэзыдэнт. Будзе шанцаваць і далей”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG