Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” невядомы Колас і “Адзін дзень у БНР”


Эфір 10 траўня, субота

НЕВЯДОМЫ ЯКУБ КОЛАС

Акадэмічнае выдавецтва “Беларуская навука” працягвае выданьне Збору твораў Якуба Коласа ў дваццаці тамах. Нядаўна на паліцах кнігарняў зьявіўся чацьвёрты том, у якім разам зь вядомымі творамі першага паваеннага дзесяцігодзьдзя ўпершыню апублікавана больш за пяць дзясяткаў вершаў народнага песьняра. Яны перададзеныя ў Коласаўскі музэй з архіву КДБ, адшуканыя дасьледчыкамі ў іншых дзяржаўных і прыватных архівах. Пра невядомую спадчыну Якуба Коласа з унучкай паэта, супрацоўніцай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Верай Міцкевіч гутарыць Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Вера, па маіх падліках, у 4 томе Збору твораў Якуба Коласа ў 20 тамах упершыню апублікаваны 51 верш народнага паэта. І гэты пры тым, што неаднаразова выдаваліся зборы твораў і, здавалася, спадчына Коласа вывучаная да драбніцаў. Дзе, у якіх сховах, зьберагаліся невядомыя творы паэта?”

Вера Міцкевіч: “Няма ніякіх сховаў. Ёсьць Дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва, ёсьць Дзяржаўны літаратурны музэй Якуба Коласа. Ёсьць, нарэшце, прыватны архіў нашчадкаў паэта. Там і зьберагаліся вершы Якуба Коласа. Напрыклад, у фондзе расейскага паэта і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага, які шмат перакладаў Коласа, ліставаўся зь ім. На маю думку, знаходкі яшчэ могуць быць у расейскіх, узбэцкіх і літоўскіх архівах. Пошукі ў замежных архівах – цікавая і карпатлівая праца, але, на жаль, тыя архівы сёньня амаль недаступныя па сваіх коштах. Верш “Мая спадчына” быў перададзены ў Коласаўскі музэй яшчэ ў 90-я гады з архіву КДБ”.

Скобла: “А чаму супрацоўнікі музэю ў тыя ж часы не парупіліся пра ягоную публікацыю?”

Міцкевіч: “Трэба ж было пакінуць нейкія вершы і для Збору твораў, які ўжо тады задумваўся і праектаваўся”.

Скобла: “Адзін з самых цікавых невядомых раней вершаў Якуба Коласа мае назву “Мая спадчына”. У ім паэт піша пра вельмі пільнае “рэдагаваньне” сваіх твораў. Названыя там і “Сымон-музыка”, і “Новая зямля”, і “Казкі жыцьця”, і нават “Савось-распусьнік”... А ў якім выглядзе трапілі яны ў Збор твораў, які цяпер выходзіць?”

Міцкевіч: “Гэта вырашаюць вучоныя-тэкстолягі – у якім выглядзе, зь якімі праўкамі, па якіх прыжыцьцёвых выданьнях друкаваць вершы Коласа ў новым Зборы твораў. Зразумела, што названыя вамі найбольш буйныя творы паэта будуць прадстаўленыя найбольш поўна, з улікам сучасных навуковых патрабаваньняў. Але не заўсёды канчатковы варыянт таго ці іншага твору супадае з аптымальным варыянтам. Напрыклад, адзін зь вершаў Коласа ў першапачатковым варыянце пачынаўся так: “Голасам Бога ціха і важна гром адгукнуўся ўгары”. Але ў эпоху ваяўнічага атэізму гэтае “голасам Бога” паэт быў вымушаны зьмяніць на “голасам моцы”. Прапаў сэнс, зьнікла прыгажосьць і поліфанія радка! І ў такім выглядзе верш трапіў у асноўны тэкст новага Збору твораў”.

Скобла: “Відаць, трэба прызнаць, што не заўсёды апошняя прыжыцьцёвая рэдакцыя – найлепшая. Вера, самыя галоўныя творы Коласа перакладзеныя на расейскую мову. І вядомыя перакладчыкі – Ісакоўскі, Гарадзецкі, Сямынін. Як вынікае з апублікаваных твораў, адносіны паэта з перакладчыкамі былі не заўсёды бязвоблачнымі. Колас быў вельмі патрабавальны да перакладаў, ці тут нейкія іншыя прычыны ўмешваліся?”

Міцкевіч: “Адносіны Коласа зь перакладчыкамі складваліся па-рознаму. Паэт дабразычліва ставіўся да перакладчыкаў, але быў і патрабавальны. Ён разумеў, што ад таго, як будзе зроблены пераклад, на якім узроўні, наколькі блізка будзе перададзены калярыт твору, так і будзе ён успрыняты шматмільённай расейскай чытацкай аўдыторыяй. А зрабіць пераклад на блізкую мову ўдвая складаней. Нярэдка Коласу даводзілася самому тлумачыць нейкія словы, выказваньні, пра што чытаем у ягоных лістах да перакладчыкаў, да таго ж Гарадзецкага. А часам даходзіла да канфузаў. Аднойчы беларускае слова “весьніцы” было перакладзена як “полозья”. Зь Сяргеем Гарадзецкім у Коласа былі цікавыя і дастаткова складаныя адносіны. Колас паважаў Гарадзецкага, бо той адносіўся да старога пакаленьня літаратараў, сябраваў з Мікалаем Гумілёвым, Ганнай Ахматавай – гэта былі ўплывовыя асобы і для Коласа. А Гарадзецкі ставіў сябе вышэй за Коласа. І рабіў пераклады не заўсёды дабрасумленна. Таму ў Коласа было шмат прэтэнзій. Па-другому складваліся адносіны зь іншымі перакладчыкамі. Скажам, вельмі якасна і дабрасумленна стараўся перакладаць Пётр Андрэевіч Сямынін”.

Скобла: “Адзін зь вершаў пад назвай “Скарга” прысьвечаны Максіму Лужаніну, які доўгія гады працаваў літаратурным сакратаром Коласа. Пра гэтае сакратарства ходзяць розныя чуткі... Якой думкі пра Лужаніна быў ваш бацька, Даніла Канстанцінавіч?”

Міцкевіч: “Бацька з павагай адносіўся да Максіма Лужаніна, пра гэта ён, дарэчы, пісаў і ў сваёй кнізе “Любіць і помніць”. Прыблізна каля дзесяці гадоў Лужанін дапамагаў Коласу: разьбіраў пошту, адказваў на некаторыя лісты, рэдагаваў, карацей, быў памочнікам. Настольнай кнігай майго бацькі была кніга Лужаніна “Колас расказвае пра сябе”. Яны часта перазвоньваліся, Лужанін быў цікавым суразмоўцам, адукаваным, шмат чаго ведаў. Але, з другога боку, ён быў дастаткова скрытны і асьцярожны чалавек. І некаторыя факты зь ягонай біяграфіі наводзілі бацьку на думку (якой ён неаднойчы дзяліўся з намі, сваімі сямейнікамі), што Лужанін невыпадкова працаваў побач з Коласам, а быў прыстаўлены да яго адпаведнымі службамі, каб прыглядаць за паэтам”.

Скобла: “Выйшаў толькі 4 том Збору твораў Якуба Коласа. Наперадзе яшчэ 16 тамоў. Ці будуць там новыя адкрыцьці? Якія з Коласавых тэкстаў яшчэ чакаюць на публікацыю?”

Міцкевіч: “Безумоўна, новыя адкрыцьці яшчэ будуць. Здаецца, у 9 том упершыню будуць уключаныя інскрыпты – дарчыя надпісы Коласа, зробленыя на кнігах і фатаздымках. Шмат іх зьберагаецца ў Коласаўскім музэі, у розных архівах і бібліятэках. Пошукі іх яшчэ працягваюцца. Літаральна летась у Слонімскай гарадзкой бібліятэцы нам перадалі аўтограф Коласа. Бібліятэка носіць імя паэта, і ён надпісаў слонімскім чытачам сваю кнігу яшчэ ў 1954 годзе. Новы Збор твораў значна папоўніцца эпісталярнай спадчынай Коласа. Шмат лістоў паэта яшчэ не адшукана, а ёсьць і адшуканыя, але на сёньняшні дзень дзяржава не прымае захадаў, каб набыць гэтыя рукапісы. Лісты Коласа – гэта вялікая каштоўнасьць, уласьнікі гэта добра разумеюць і дарма ў музэй аддаваць не сьпяшаюцца. Тут я маю на ўвазе вершы і лісты Коласа да Натальлі Іванаўны Чыкалінскай, якія знаходзяцца ў ейных дзьвюх дочак. Трэба ж неяк пільнаваць гэтыя творы, каб яны часам не апынуліся за мяжой. А прыканцы хачу сказаць пра сваё (і ня толькі сваё) зьдзіўленьне і абурэньне накладам новага Збору твораў – усяго 1 500 асобнікаў! Першы том ужо немагчыма набыць. Не хапіла нават літаратуразнаўцам, што ўжо казаць пра бібліятэкі краіны і звычайных чытачоў”.

ЯКУБ КОЛАС

МАЯ МАЛІТВА


Сную адзін я, бы закляты,
У смутку марна трачу дні.
Вярні мне, Божа, мае страты,
Пачуцьце крытыкі вярні!

Ты навучы глядзець цьвяроза
На ўсё, што вабіць здаляка.
Выбаў нас, Божа, ад пагрозы
Насіць ярмо замест вянка.

1946

БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Завёз беларус сваю мову
У цёмную нетру, дуброву
I кажа: – Жыві тут адна,
Бо ты для мяне не гадна –
Куды мне падацца з табою?
Пісьменьнікам будзь ты слугою
Ды зрэдка на шыльду залезь,
Сядзі, як на печы дзед, ногі звесь,
Калі не баішся стыда –
Марока з табою, бяда!

Заплакала мова, стуліўшыся ў лесе,
Ды кліча Панаса, Максіма, Алеся,
Міхала, Пятруся, Кандрата, Івана.
– Дык вось мне, якая, сыночкі, пашана.
Хіба ж то ня здзекі? Хіба не блюзьнерства?
Ну, хоць бы адненькае мне міністэрства!
Павыпіхалі з усіх устаноў –
Ня ведаць бы гэтакіх дочак, сыноў!

1948

МАЯ СПАДЧЫНА

Я ад ранку і да вечара араў,
А «ральлю» маю рэдактар падабраў.
Назьляталася і «галак» і «гракоў»
Ратаваць маю «ральлю» ад чарвякоў.
Ратавалі, талачыліся па ёй
I бяды мне нарабілі – оё-ёй!
«Зямля новая» пакрыта дзірваном,
I замоўк «Сымон-музыка» са званом.
«У глушы», «Глыбі Палесься» толькі пні,
«Адшчапенец» мой закончыў свае дні.
Над «Распусьнікам Савосем» стаіць крыж,
Эх, ня доўга жыў на сьвеце ты, малыш!
Нічагусенькі няма на «Рубяжы»,
«Казкі жыцьця» мае леглі пад нажы.
Глушыць ніву маю дзікая трава.
Засталася ад мяне адна «Дрыгва».
Я ўстрывожаны спыняюся, стаю
I з журбой гляджу на спадчыну сваю.
А старанныя «рэдактар», «пэдагог»
У няшчаснай маёй музы ловяць блох,
Вытрасаюць зь яе, беднае, духі...
Няхай Бог ужо даруе ім грахі
Ды павузіць прагавітую іх пасьць
I хоць трошкі болей разуму ім дасьць.

*******

ПЕРАМОЖЦА КОНКУРСУ “АДЗІН ДЗЕНЬ У БНР” - СЯРГЕЙ БАЛАХОНАЎ

Мінулае восені Радыё Свабода абвясьціла літаратурны конкурс “Адзін дзень у БНР 2008”. Умовай конкурсу было стварэньне тэксту адвольнага жанру, які б апісваў жыцьцё ў Беларускай Народнай Рэспубліцы ў часы адзначэньня яе 90-годзьдзя. Іншымі словамі, аўтар павінен быў прыдумаць рэаліі БНР, якая ў 1918 годзе перамагла, адбылася і праз 90 гадоў рыхтуецца адзначыць 90-годзьдзе сваёй незалежнасьці. Па электроннай і звычайнай пошце мы атрымалі некалькі дзясяткаў твораў самых розных жанраў – аповесьці, апавяданьні, эсэ, вершы, паэмы, рэпартажы і прыватныя лісты.

Прафэсійнае журы ў складзе Ўладзімера Арлова, Уладзімера Някляева, Алеся Пашкевіча, Сяргея Шупы і Захара Шыбекі напярэдадні 25 сакавіка сёлета вызначыла 12 фіналістаў і прапанавала нашым слухачам выказаць сваю думку аб іх творах, выстаўленых на сайце Радыё Свабода ў інтэрнэце.

Беларуская служба Радыё Свабода ня толькі мае свой “Дом Літаратара”, але і сваю “Бібліятэку”. Прадмовы да ўсіх 14 кніг “Бібліятэкі Свабоды” напісаў дырэктар Беларускай Службы Аляксандар Лукашук.

Абламейка: Аляксандар, калі б мы вырашылі выдаць усе творы-фіналісты конкурсу “Адзін дзень у БНР 2008”, як бы выглядала прадмова?

Лукашук
: “Коратка. Увогуле, канечне, вымяраць літаратуру і мастацтва колькаснымі паняцьцямі – доўга, коратка, шмат – не пасуе, але прадмова была б пра гэты фэномэн, правакацыю літаратурнага працэсу, абуджэньне фантазіі, разьняволеньне. Многія беларукія аўтары выдатна аднаўляюць мінулае, ад сярэднявечча да падзеяў мінулых дзесяцігодзьдзяў. Наша ідэя была стымуляваць асэнсаваньне магчымай будучыні. Паводле аднаго з адгалінаваньняў квантавай фізыкі, існуе безьліч паралельных сусьветаў, і калі так, дык ёсьць і БНР падобная да той, як яна можа ўяўляцца нам, і мы нават ведаем імя прэзыдэнта...”

Абламейка: Тут я ўмяшаюся і жартам папярэджу слухачоў, што ў эфіры не “Акадэмія навук”, а “Дом літаратара” і ў студыі ня фізыкі, а журналісты, і паралельныя сьветы, якія мы абмяркоўваем з Аляксандар Лукашуком – літаратурныя творы ўдзельнікаў конкурсу “Адзін дзень у БНР 2008”. Аляксандар, ці можа літаратура стварацца на замову?

Лукашук: “Канечне, і ня толькі літаратура – усе віды мастацтва, ад музыкі да жывапісу і скульптуры, калі паглядзець у гісторыю, пераважна ствараліся на замову, стымуляваліся, іх творцы атрымлівалі падтрымку. Сам працэс творчасьці – справа інтымная і асабістая. Літаратурны конкурс – тое самае, як, напрыклад, сытуацыя, калі Дастаеўскі браўся напісаць раман “Ігрок” на замову выдаўца да пэўнага тэрміну. У нас, праўда, крыху больш свабоды – тут удзел добраахвотны”.

Абламейка: Нагадаю, што прыкладам такога стварэньня кнігі прафэсійнымі літаратарамі зьяўляюцца і кнігі “Бібліятэкі Свабоды”, якія сьпярша ствараліся на замову як радыёперадачы. Напрыклад, перадача “Летні Альбом” Вінцэся Мудрова. Спэцыяльна для летняга цыклю 2006 году ён пісаў свае эсэ пра страшныя, сьмешныя і забытыя словы, якія і сталі кнігай. У такі ж спосаб зьявіліся і кнігі Рыгора Барадуліна “Дуліна ад Бараудуліна” і Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды”.

Лукашук: Самая першая кніга “Бібліятэкі Свабоды” была створана менавіта такім чынам: МЫ запрасілі слухачоў напісаць і прыслаць верш на тэму Свабоды – і кожны дзень на працягу 2001 году аўтары чыталі свае творы – мы тады атрымалі больш за 1000 вершаў, паргучала 365. Сярод аўтараў былі два нобелеўскія ляўрэаты. Віслава Шымборска і Чэслаў Мілаш, самаму малому было 10 год, найстарэйшаму за 90. Гэтая кніга выйшла таксама ў перакладзе на ангельскую.

Абламейка: Многія слухачы памятаюць перадачу “Верш на Свабоду”: пад музыку Джузэпэ Вэрдзі сотні аўтараў чыталі свае вершы пра свабоду ў нашым эфіры ў 2001 годзе. Нагадаю слухачам, што кніга “Верш на Свабоду” даступная ў інтэрнэце, на сайце svaboda.org пад рубрыкай “Саміздат”. Дарэчы, Аляксандар, чаму такая рубрыка?

Лукашук: “На сайце “Свабоды” разьмешчаныя ўсе кнігі, якія мы выдалі, у фармаце PDF – іх можна прачытаць, загрузіць на свой кампутар, перапісаць на флэш-карту, на кампакт-дыск, раздрукаваць – выдаць самому. Мы заклікаем чытачоў працягнуць справу Скарыны – дапамагчы распаўсюдзіць гэтыя кнігі. Іх наклад абмежаваны, але такім чынам яны адступныя значна большай колькасьці чытачоў. Як, дарэчы, і творы-фіналісты конкурсу “Адзін дзень у БНР”. Яны ўсе прагучалі ў эфіры, і цяпер будуць захоўвацца ў электроннай бібліятэцы “Свабоды”. Я дзякую ўсім аўтарам за ўдзел у конкурсе, за дапамогу ў стварэньні новай перадачы. Усе фіналісты атрымаюць прызы “Свабоды” – кароткахвалёвыя радыёпрымачы”.

А зараз – меркаваньні некаторых членаў журы. Я папрасіў іх расказаць пра крытэры, якімі яны кіраваліся пры адборы тэкстаў. Вось думка прэзыдэнта Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімера Някляева:

“Асноўныя крытэры я б назваў два. Калі ўжо пра БНР, то ў тэксьце павінна быць адчуваньне таго, што рэальныя людзі ў рэальных абставінах жывуць у гэтай рэальнай, а не мітычнай нейкай краіне. Другое – пры ўсім тым, што гэта зусім нібыта інакшае жыцьцё, інакшая нібыта краіна, але мне было важнае адчуваньне таго, што ад таго, што была іншая краіна, сутнасьць існаваньня гэтых людзей ніяк бы не зьмянілася, бо яны па прыродзе сваёй такія. І вось такое адчуваньне ёсьць у творах, якія я выбраў”.

Яшчэ адзін член нашага журы – Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.

“Улічваючы суб’ектыўнасьць усялякіх конкурсаў, я найперш кіраваўся наступнымі крытэрамі: хацелася, каб адзначаныя тэксты былі рознажанравымі, шматплянавымі, і адлюстроўвалі як у традыцыйным, так і ў наватарскім аспэкце ўзьнятую праблему – праблему інсаваньня памяці БНР. Па-другое, сам конкурс быў найперш разьлічаны на творчае адраджэньне, узнаўленьне БНР, таму хацелася, каб фантазія аўтараў спрацоўвала напоўніцу”.

У складзе прафэсійнага журы быў і мой калега, укладальнік двух тамоў “Архіваў БНР” Сяргей Шупа.

“Напачатку, калі мы толькі абвясьцілі ўмовы конкурсу, прынцыпы, якімі б я кіраваўся пры вызначэньні пераможцаў, я ўяляў такім чынам: мяне цікавіла, наколькі праўдападобна ў конкурсных творах будзе выглядаць мадэль альтэрнатыўнай гісторыі, у выніку якой БНР у 1918 годзе перамагла і дажыла да сёньняшняга дня. Але пасьля абвяшчэньня конкурсу мы праводзілі інтэрвію з гісторыкамі, і ў гутарках зь імі стала ясна, што знайсьці больш-менш праўдападобную мадэль альтэрнатыўнай гісторыі даволі цяжка. Таму галоўным крытэрам стаў літаратурны: наколькі я як чытач ужываюся ў гэты літаратурны твор, наколькі я адчуваю яго рэальнасьць. Найменш цікавымі былі творы, дзе жыцьцё ў БНР 2008 году паказвалася як такая аптымістычная, пазытыўная Ўтопія. Гэтыя творы мне нагадалі літаратуру савецкіх часоў, зьмяніліся тольік колеры сьцягоў, а ўсё астатняе, уся атрыбутыка, стылістыка засталася такая савецка-камуністычная. Затое вельмі парадавалі і зацікавілі творы, дзе рэчаіснасьць такой уяўнай БНР падаецца вельмі праблемна. І вось я аддаў свае галасы за гэтае жыцьцё з праблемамі, якія спрабуюць вырашаць героі конкурсных твораў”.

І яшчэ адзін член нашага прафэсійнага журы, доктар гістарычных навук. прафэсар Захар Шыбека:

"Мяне гэты праект трошку зьдзівіў, таму што спалучэньне мастацкай творчасьці і канкрэтных гістарычных падзеяў – рэч не такая простая. Я, у першую чаргу, глядзеў, наколькі гэта ўдаецца – удаецца, найперш, гарманізаваць мастацкія сродкі і гістарычную праўду, якая ня толькі адлюстроўваецца такой, якой яна была, але і мадэлюецца. Я думаю, што гэты экспэрымэнт мае добрыя вынікі. Ён зацікавіў нашых творцаў вельмі важным пэрыядам у гісторыі Беларусі. З 1917 па 1920 год падзеі былі сьціснутыя, той час напоўнены трагізмам людзей-барацьбітоў за незалежную Беларусь. Я кіраваўся ў сваім выбары і тымі мастацкімі сродкамі, што выкарысталі аўтары, і тым уражаньнем, якое гэтыя творы пакінулі. А таксама дакладнасьцю гістарычнай асновы, якая была выкарыстана. Я таксама думаў пра тых маладых людзей, якія будуць чытаць гэтыя творы, і якое яны на іх зробяць узьдзеяньне – гэты фактар я лічу вельмі важным. Вось гэта і ёсьць тыя крытэрыі, якія для мяне і вызначаюць актуальнасьць конкурсных твораў.

Як вы чулі, члены журы асноўным крытэрыем называюць пранікненьне аўтараў у прыдуманую імі, але патэнцыйна магчымую рэчаіснасьць БНР праз 90 гадоў яе існаваньня.

Ну а зараз – імёны пераможцаў. Творы 12-ці фіналістаў і іх імёны слухачы могуць знайсьці на нашым сайце. Я ж назаву першую тройку. Трэцяе месца журы аддала Кастусю Сырэлю за апавяданьне “Малыш”. Другое месца заняў аўтар пад псэўданімам “Пяты” за апавяданьне “Крылаты вершнік”. А пераможцам нашага конкурсу стаў празаік з Гомеля Сяргей Балахонаў за аповесьць-комікс “Пятля зацятасьці”.

Віншуем! Усе фіналісты будуць узнагароджаныя лічбавымі радыёпрыймачамі, а пераможца, Сяргей Балахонаў, атрымае ў падарунак фотаапарат “Кэнан”. Вось як ён адрэагаваў на мой тэлефонны званок з навіной пра сваю перамогу:

Балахонаў
: “Цудоўнае адчуваньне. Я рады, канечне, усьцешаны, што так атрымалася. Я, канечне, меў спадзяваньне, што, магчыма, буду сярод пераможцаў, а тое, што гэта спраўдзілася – добра”.

Але гэта ня ўсё. Творы фіналістаў больш за месяц былі выстаўленыя ў інтэрнэце, людзі галасавалі, таму журы вырашыла назваць і ўладальніка прызу чытацкіх сымпатыяў. Я спытаўся ў Сяргея Балахонава, калі б ён сам быў членам журы, каму б ён аддаў свой голас. Вось яго адказ.

Балахонаў: “Алесь Чайчыц, “Трынаццаты пастарунак”. Гэта мне бліжэй было”.

Я рады паведаміць слухачам, што думка Сяргея Балахонва супала з думкай тых, хто галасаваў на нашым сайце. Журы пацьвярджае, што прыз аўтарскіх сымпатыяў – кароткахвалёвы прыймач – на конкурсе “Адзін дзень у БНР 2008” атрымлівае Алесь Чайчыц за апавяданьне “Трынаццаты пастарунак”.

На гэтым літаратурны конкурс Радыё Свабода “Адзін дзень у БНР 2008” абвяшчаем закрытым. Творы ўдзельнікаў даступныя ў электроннай бібліятэцы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG