Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з прэзыдэнтам Францыі


Лідэр pуху “ За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч камэнтуе сваю сёньняшнюю сустрэчу з прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сарказі.


Карэспандэнт: "Ці задаволены вы размоваю зь Нікаля Сарказі і што дасьць гэтая сустрэча?"

Мілінкевіч: "Я вельмі задаволены сустрэчай. Яна была шчырай, адкрытай, вельмі канкрэтнай. Францускі прэзыдэнт даволі добра ведае сытуацыю ў Беларусі. Ад 1 ліпеня Францыя будзе старшыняваць у Эўразьвязе, і безумоўна, ад краіны, якая зьяўляецца старшынём Эўразьвязу на паўгады, вельмі многа залежыць у замежнай палітыцы Зьвязу. Францыя хацела б мець ініцыятывы адносна Беларусі, якія паспрыялі б дэхмакратызацыі нашай краіны.
Я прапанаваў дыялёг па некалькіх канкрэтных пунктах вядомых 12 ўмоваў Эўразьвязу.


Я гаварыў пра тое, што вельмі важна працягваць дыялёг, нягледзячы на выпадкі такой нечаканай рэпрэсіўнасьці ўлады, якія адбыліся ў сакавіку, бо альтэрнатывы дыялёгу няма, і калі пабудаваць "бэрлінскі мур" між намі і ЭЗ, гэта прывядзе да паслабленьня пазыцый незалежнасьці. Я прапанаваў дыялёг па некалькіх канкрэтных пунктах вядомых 12 ўмоваў Эўразьвязу. І перш за ўсё прапанаваў пачаць з вызваленьня палітвязьняў, вольных мэдыяў і падрыхтоўкі да парлямэнцкіх выбараў, каб яны мелі значна больш дэмакратычную практыку, чым раней. Такія былі прапановы. Акрамя таго, мы гаварылі пра дапамогу вольным мэдыям у Беларусі, рэпрэсаваным, а таксама грамадзянскай супольнасьці".

Гэта ня першая сустрэча Аляксандра Мілінкевіча і Нікаля Сарказі. Былы кандыдат ад аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году А. Мілінкевіч сустракаўся ў Марсэлі зь Нікаля Сарказі восеньню 2006 году, калі той быў міністрам унутраных спраў Францыі.

Аляксандар Мілінкевіч падчас цяперашняга візыту ў Францыю сустракаўся зь міністрам замежных спраў Бэрнарам Кушнерам, францускімі палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, прадстаўнікамі СМІ.

8 траўня А. Мілінкевіч разам з кіраўніцай Камітэту дапамогі рэпрэсаваным Інай Кулей браў удзел ва ўрачыстасьцях у Парыжы, прымеркаваных да Дня Перамогі ў Другой сусьветнай вайне.

Паводле А. Мілінкевіча, галоўная мэта ягонага візыту — актывізаваць пазыцыю Францыі і канкрэтызаваць дзейнасьць Эўразьвязу ў Беларусі. Францыя з 1 ліпеня пяройме функцыі старшынства ў Эўразьвязе.

Раней Нікаля Сарказі заяўляў, што “Эўропа павінна зьмяніць сваё стаўленьне да праблемы Беларусі, недастаткова проста маральных жэстаў, неабходна палітычная абарона Беларусі”. Паводле спадара Сарказі, “у Беларусі няма свабоды і дэмакратыі, улада ўжывае рэпрэсіі супраць уласнага народа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG