Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як былы міліцыянт С.Парсюкевіч стаў апазыцыянэрам?


Маскоўскі суд Менску прызнаў прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча вінаватым у зьбіцьці міліцыянта і пакараў яго 2,5 гадамі турмы.

Як былы вайсковец і міліцыянт Сяргей Парсюкевіч стаў лідэрам прадпрымальніцкага руху і перайшоў у апазыцыю да ўлады?

На наступны дзень пасьля суду адвакат Вера Страмкоўская сустрэлася ў сьледчым ізалятары зь Сяргеем Парсюкевічам. Разам яны склалі скаргу на прысуд Маскоўскага раённага суду Менску. Неўзабаве Вера Страмкоўская мае накіраваць скаргу ў Менскі гарадзкі суд.

“Канечне, будзем абскарджваць, вось іду пісаць скаргу. Гэты прысуд — жах, няма пра што і казаць”.

Як сталася, што былы міліцыянт Сяргей Парсюкевіч стаў апазыцыянэрам, супроць якога ўлады ўжылі крымінальны закон? Біяграфічныя зьвесткі пра спадара Парсюкевіча я высьвятляў з дапамогай яго жонкі Натальлі.

Сяргею 40 год, але ён ужо пэнсіянэр МУС. Як атрымалася, што ён стаў пэнсіянэрам у такім узросьце? Сяргей не прафэсійны міліцыянт. Раней сям’я Парсюкевічаў жыла ў Казахстане ў Байкануры і Сяргей служыў у сакрэтнай частцы, якая абслугоўвала касьмічныя ракеты. Гэта была вельмі шкодная для здароўя служба, адзін год яе залічваўся за паўтара.

Вось што Натальля Парсюкевіч распавяла пра прыезд сям’і ў Віцебск:

“Распаўся Саюз, ён звольніўся з войска па стане здароўя, бо там дрэннае паветра, пясок, пыл, і ён захварэў на астму. Вырашыў вяртацца ў Віцебск. Я была супраць, а ён казаў, што тут яго карані, магілы сваякоў і гэтак далей. Уладкаваўся ён у міліцыю экспэртам-крыміналістам у райаддзел Кастрычніцкага раёну. Яму прапаноўвалі працу ў КДБ, але ён адмовіўся”.

У міліцыі Сяргей Парсюкевіч праслужыў 8 гадоў, стаўшы экспэртам у розных відах зброі і ў грошах. Але астма не адступала, і яму давялося звольніцца. Сядзець дома на пэнсіі не захацеў і ў 2003 годзе стаў індывідуальным прадпрымальнікам. Пачынаў сэзонным гандляром на Смаленскім рынку Віцебска, потым стаў гандляваць трывалым таварам.

Спраўна плаціў падаткі, ніколі да яго прэтэнзій не было. Людзі пачалі яму давяраць, абралі яго старшынём рады рынку
“Гандляваў поліэтыленавай плёнкай, меў дамовы з аб’яднаньнем “Палімір”. Заўсёды спраўна плаціў падаткі, ніколі да яго прэтэнзій не было. Людзі пачалі яму давяраць, абралі яго старшынём рады рынку. Ён сам распрацаваў дамову працаўнікоў рынку з адміністрацыяй. А ў палітыку ўключыўся ў 2006 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў уступіў у ініцыятыўную групу Аляксандра Мілінкевіча”.

Калі быў падпісаны 760 указ, які абмежаваў правы прадпрымальнікаў наймаць працаўнікоў, Сяргей Парсюкевіч стаў на бок тых, хто вырашыў змагацца за ягоную адмену. “На мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня ён паехаў па даручэньні сваіх калегаў, хоць добра разумеў, чым гэта можа скончыцца”, — згадвае пра мужа Натальля Парсюкевіч.

У вэрсію пра тое, што Сяргей Парсюкевіч зьбіў ахоўніка турмы, ягоная жонка Натальля ня верыць.

Нагадаем, за ўдзел у мітынгу 10 студзеня Сяргей Парсюкевіч быў пакараны адміністрацыйным арыштам. Падчас яго адбыцьця, у турме на Акрэсьціна, зь ім і здарыўся інцыдэнт, які лёг у аснову крымінальнай справы. Суд палічыў, што гэта Сяргей Парсюкевіч у турме зьбіў ахоўніка Аляксандра Дулуба. Між тым прадпрымальнік называе гэтыя абвінавачаньні абсурднымі. Сяргей Парсюкевіч даводзіць, што гэта міліцыянт Дулуб пачаў зьбіваць яго, а ён толькі адштурхнуў ахоўніка, баронячы сваё жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG